Цяжкасці атлетыкі ў Гомельскім універсітэце

Источник материала:  
20.06.2010 12:34 — Новости Общества
Канфлікт установы і прыватніка. Хто мае рацыю? У студэнцкім інтэрнаце зачынілася трэнажорная зала, якую трымаў прадпрымальнік. Рэктара не спынілі сотні подпісаў студэнтаў і рэкамендацыі міністра адукацыі.

Віктар Краўчанка.

Трэнер са сваімі вучнямі.

Студэнты сабралі сотні подпісаў у падтрымку Краўчанкі.

Адказ міністра Аляксандра Радзькова.

Гомельскі прадпрымальнік Віктар Краўчанка ў цяжкай атлетыцы з 14 гадоў. Студэнтам ездзіў на трэніроўкі ў другі канец горада, бо ў родным інтэрнаце №4 не было ўмоў. Менавіта там у 2005 годзе Віктар і адчыніў трэнажорную залу «Fitness +». Арандаваў у інтэрнаце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны памяшканне, адрамантаваў і абсталяваў яго. Для студэнтаў і супрацоўнікаў ГДУ прадпрымальнік зрабіў зніжку на 25%, кітайскія студэнты ўвогуле займаліся бясплатна. Залу наведвалі і жыхары мікрараёнаў «Валатава» і «Клёнкаўскі». Прыходзілі мужчыны і жанчыны ўсіх узростаў, а таксама дзеці і падлеткі. У залі Краўчанкі можна было займацца не толькі цяжкай атлетыкай. Наведнікам прапаноўваліся заняткі па карэкцыі фігуры, лячэбная фізкультура. Спартыўныя поспехі Краўчанку чакалі ў паўэрліфцінгу: пад яго кіраўніцтвам выгадаваліся адзін майстар спорту і пяць кандыдатаў у майстры.

Аднак на пачатку 2010 года рэктар універсітэта Аляксандр Рагачоў адмовіўся працягнуць дамову арэнды. Па словах Краўчанкі, сваю адмову кіраўніцтва ВНУ матывавала перарасходам электраэнергіі. Аднак гэты факт не пацвердзіўся. Тады бізнесоўцу заявілі, што ўніверсітэт мае патрэбу менавіта ў гэтым памяшканні, бо Міністэрства адукацыі давяло новыя прагнозныя паказчыкі па росце платных паслуг у сферы фізкультуры і спорту.

Віктар Мікалаевіч наведаўся ў Міністэрства адукацыі.

Студэнты ГДУ са свайго боку даслалі ў Мінадукацыі калектыўны ліст з 200 подпісамі з просьбай пакінуць ва ўніверсітэце трэнажорную залу. Кітайскія студэнты звярталіся ў сваё пасольства з просьбай паспрыяць Краўчанку.

Міністр Аляксандр Радзькоў у лісце да прадпрымальніка адказаў, што міністэрства ў цэлым не супраць працягу кантракту і нават рэкамендавала рэктару зрабіць гэта. Аднак, спаслаўшыся на Грамадзянскі кодэкс, міністр адзначыў, што ягонае ведамства не мае паўнамоцтваў, каб змушаць ВНУ падпісваць падобныя дамовы.

А рэктар, як кажа Віктар, вырашыў ісці да апошняга.

Краўчанка сцвярджае, што Рагачоў нібыта паабяцаў першы паверх інтэрната аднаму з банкаў.

Але калі ў справу ўключылася Мінадукацыі, рэктар заявіў, што мае патрэбу ў пашырэнні плошчы пад заняткі фізвыхаваннем, таму і не працягвае кантракт з прадпрымальнікам.

30 мая Краўчанка вывез з арандаванай залы абсталяванне. Ён адшукаў новае памяшканне ў тым жа раёне, цяпер чакае аўкцыёну. «Спадзяюся, што пачну працу праз некалькі месяцаў. Людзі чакаюць», — кажа Віктар.

«Мы не зусім правільна паступілі з самага пачатку»

Рэктар універсітэта Аляксандр Рагачоў кажа, што рашэнне здаваць у арэнду памяшканне ў інтэрнаце №4 было памылковым ад самага пачатку, бо будынак інтэрната некалькі гадоў патрабуе капітальнага рамонту. А акурат з-за трэнажорнай залы яго і не маглі распачаць, патлумачыў Аляксандр Уладзіміравіч. Па яго словах, да кіраўніцтва ўніверсітэта паступілі просьбы студэнтаў адчыніць новую залу.

«І мы гэта зробім. Толькі ў нас заняткі будуць бясплатныя. Вы ж разумееце, што для студэнта 40—50 тысяч рублёў зусім не лішнія».

Рэктар расказаў таксама, што на гэтыя мэты ўжо закупілі рыштунак на 40 мільёнаў рублёў. Рыхтаваць будучых спартоўцаў будзе вопытны трэнер Уладзімір Галавач, які выгадаваў больш за 40 майстроў спорту.

Акрамя таго, пасля рамонту на другім паверсе інтэрната адчыніцца чытальная зала з доступам у інтэрнэт.

Словы Віктара Краўчанкі пра намеры аддаць памяшканне ў арэнду аднаму з банкаў кіраўнік універсітэта не пацвердзіў.

«Абавязкова вярнуся да Краўчанкі»

Аляксандр Кажамякін, які пад кіраўніцтвам Віктара Краўчанкі стаў майстрам спорту, з цеплынёй узгадвае час, праведзены ў «трэнажорцы» ў інтэрнаце №4. Ён стаў майстрам спорту тры гады таму, пасля ў яго спартовую кар’еру ўмяшалася складаная траўма. Цяпер Аляксандр аднавіўся і гатовы працягнуць трэніроўкі. «Абавязкова вярнуся да Краўчанкі, калі ён зной¬дзе новае памяшканне. Я прывык да працы з Віктарам Мікалаевічам».


Сямён Печанко

←В Минске чествовали лучших медиков страны, победителей конкурса "Врач года Беларуси".

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика