Аплату паслуг ЖКГ па павышаных тарыфах будуць рабіць уладальнікі 2 тыс. катэджаў у Мінску
Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 16 чэрвеня паведаміў генеральны дырэктар ДВА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Уладзімір Рэентовіч.
Паводле яго слоў, «спісы ўладальнікаў такіх дамоў пастаянна удакладняюцца». Усе ўладальнікі камфартабельных катэджаў праінфармаваны пра новыя умовы аплаты паслуг ЖКГ, дадаў ён.
Паводле рашэння ўрада, з 1 чэрвеня 2010 года ўладальнікі сядзібных жылых дамоў павышанай камфортнасці павінны аплачваць камунальныя паслугі не па нарматыўным сабекошце, зацверджаным рашэннямі мясцовых выканкамаў, а па «эканамічна абгрунтаваных затратах».
У пастанове ўдакладняецца, што «да сядзібных жылых дамоў павышанай камфортнасці адносяцца сядзібныя жылыя дамы (кватэры ў блакаваных жылых дамах) з агульнай плошчай жылых памяшканняў больш за 200 кв. метраў, забяспечаныя гаспадарча‑пітным і гарачым водазабеспячэннем, каналізацыяй, ацяпленнем і вентыляцыяй, электраасвятленнем ад цэнтралізаваных, мясцовых ці індывідуальных сістэм». Таксама дакументам прадугледжваецца ўскласці на ўладальнікаў аднаго ці некалькіх жылых памяшканняў 100‑працэнтную аплату за тэхнічнае абслугоўванне і цеплазабеспячэнне пры ўмове, што ў гэтых жылых памяшканнях адсутнічаюць зарэгістраваныя па месцы жыхарства наймальнік, уласнік, член арганізацыі забудоўшчыкаў і (або) члены іх сем’яў.
Што да ўладальнікаў пустых кватэр, то, паводле слоў Рэентовіча, іх у Мінску прыкладна 30 тысяч. Яны і раней аплачвалі паслугі тэхнічнага абслугоўвання па разліковым сабекошце — 750 рублёў за квадратны метр. З 1 чэрвеня «эканамічна абгрунтаваная цана» стала нават ніжэйшай — 622 рублі за кв. метр, адзначыў гендырэктар. «Аднак за ацяпленне яны будуць плаціць значна больш», — падкрэсліў ён.
Рэентовіч нагадаў, што сёння ў Мінску насельніцтва аплачвае 42% ад расходаў на жыллёва‑камунальныя паслугі.
БелаПАН