Запрашае Берагіня
Запрашаем, калі ласка,
На святочны яркі баль,
Прымае наш раён Акцябрскі
Рэспубліканскі фестываль.
Гэта радкі з верша Васіля Русага, жыхара вёскі Рассвет Акцябрскага раёна. Днямі ў райцэнтры пачнецца традыцыйны фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня", які ладзіцца ў г.п. Акцябрскі ў шосты раз. "Эксклюзіў у цэнтры Еўропы" — гэта адна з неафіцыйных назваў фестывалю, які ўзнік на грунце жывой аўтэнтычнай культуры беларусаў, падтрыманы Міністэрствамі культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскім абласным і Акцябрскім раённым выканкамамі, грамадскім аб'яднаннем "Беларускі фонд культуры".
Сёлета на "Берагіню" прыедуць фальклорныя калектывы ўсіх абласцей Беларусі і горада Мінска: "Дараносіца" , "Хатовічы" (Брэсцкая вобласць); "Знічка", "Крыніца", "Сунічкі" і "Нежачкі" (Віцебшчына); "Смаргонскія гарэзы" , "Зараначка" (Гродзеншчына); "Астраначка" і "Вячоркі" (Магілёўская вобласць); "Берагіня", "Прусаўчанка" і "Жэўжык" (Міншчына), "Журавінка","Купалінка" з Гомельшчыны; "Гарлачыкі" і "Талака" з Мінска. Завітаюць і замежныя госці: фальклорныя калектывы з Латвіі, Малдовы , Украіны, Польшчы, Расіі.
Акцябршчыну на фестывалі прадставяць дзіцячыя калектывы "Праменьчыкі" і "Зараніца"; дарослыя — "Перазвоны" і "Купалінка". А вядомыя "Рудабельскія зорачкі", "Некрашынка" і "Цярэшкавы шчодрыкі" будуць выступаць ў якасці гасцей.
Падчас фестывалю пройдзе Рэспубліканскі конкурс танцавальных пар — выканаўцаў народных побытавых танцаў; турнір дзіцячых фальклорных калектываў, прэзентацыя аўтэнтычных гуртоў і інш. Жыхары і госці раёна прымуць удзел у прыгожых святах "Рудабельскае Купалле" і "Палескі кірмаш".
Усяго чатыры дні, з 24 па 27 чэрвеня, будзе цягнуцца рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня", "Але ж якія гэта будуць дні!" — абяцаюць арганізатары фестывалю, запрашаючы на свята. Едзем?
Ул. інф.