Дэпутат Палаты прадстаўнікоў прапануе ўвесці падамавы ўлік затрат ЖКГ
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлі і прыватызацыі Аляксей Кузьміч прапануе ўвесці ў Беларусі падамавы ўлік расходаў ЖКГ. Пра гэта ён паведаміў 10 чэрвеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.
Паводле слоў Кузьміча, у гэтым выпадку больш абгрунтаванай стане аплата жыллёва‑камунальных паслуг, і грамадзяне будуць больш адказна падыходзіць да карыстання імі і жыллёвым фондам у цэлым. Акрамя таго, лягчэй будзе ажыццяўляць кантроль за спажываннем паслуг ЖКГ.
Дэпутат заявіў, што неаднаразова ставіў пытанне аб увядзенні падамавога ўліку ў Мінжылкамгасе, аднак ведамства «катэгарычна адмаўлялася» дзейнічаць. Найбліжэйшым часам Кузьміч мае намер абмеркаваць праблему на ўзроўні ўрада.
Як заявіў начальнік аддзела эксплуатацыі жылфонду Міністэрства жыллёва‑камунальнай гаспадаркі Міхаіл Коласаў, у Мінжылкамгасе ведаюць аб практыцы падамавога ўліку. На сёння падамавы ўлік у Беларусі часткова ёсць: гэта індывідуальныя прыборы ўліку расходу вады і ацяплення, якія ўстаноўлены ў большасці кватэр. Аднак поўны пераход да практыкі падамавога ўліку расходаў ЖКГ будзе магчымым са змяненнем заканадаўства, прыняццем новага Жыллёвага кодэкса, лічыць чыноўнік.
Анастасія Янушэўская, БелаПАН.