Як беларусам ездзіць у Польшчу без візы?

Источник материала:  
Як беларусам ездзіць у Польшчу без візы?Дамова з Польшчай пра Малы памежны рух, хутчэй за ўсё, пачне дзейнічаць з пачатку наступнага года. Еўрарадыё даведалася, колькі будзе каштаваць спецыяльны дазвол, як яго атрымаць і наколькі далёка мы зможам заехаць у Польшчу.

1. Навошта патрэбная Дамова аб малым памежным руху?

Галоўная мэта Дамовы - спрашчэнне працэдуры перасячэння польска-беларускай мяжы для жыхароў памежнай зоны, пашырэнне ўзаемных кантактаў і супрацоўніцтва ў розных галінах паміж жыхарамі памежжа.

2. Я жыву ў Ваўкавыску. Калі я змагу ездзіць да сябра з польскага памежжа без візы?

Хутчэй за ўсё - ад пачатку 2011 года. Польскі Сейм ухваліў праект Дамовы яшчэ 20 траўня.

Але Міністэрства замежных спраў Беларусі праект Дамовы беларускаму парламенту яшчэ не перадало. Паводле слоў прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных, парламент, хутчэй за ўсё, будзе разглядаць Дамову ўвосень.

Андрэй Савіных: "Дакументы, вядома, будуць перададзеныя ў парламент, але хіба на веснавую сесію не паспеем. Парламент, хутчэй за ўсё, разгледзіць праект увосень. Верагоднасць ратыфікацыі – амаль 100%".

Пасля таго, як парламенты прымуць дамову, яе мусяць падпісаць прэзідэнты абедзвюх краін. Затым бакі праінфармуюць адзін аднаго і праз 30 дзён Дамова набывае моц. З гэтага часу выдача дазволаў можа зацягнуцца яшчэ на 2 месяцы: консульствы ў Гродне і Брэсце могуць разглядаць прашэнне аб дазволе да 60 каляндарных дзён, а ў асобных выпадках - да 90.

3. Хто лічыцца жыхаром памежнай паласы?

Для таго, каб лічыцца жыхаром памежнай зоны, трэба мець рэгістрацыю ў адным з населеных пунктаў, які ўваходзіць у 50-кіламетровую прыгранічную зону, на працягу не менш як трох гадоў. У польскамоўнай версіі праекта Дамовы, даступнай на сайце Сейма, адзначаецца, што атрымаць дазвол змогуць і блізкія сваякі жыхароў памежнай зоны - муж з жонкай і дзеці, нават калі яны зарэгістраваныя ў памежжы менш за тры гады.

Але прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных адзначае, што пра гэта казаць яшчэ рана: "Такія рэчы могуць удакладняцца ў працоўным парадку: у працэсе ратыфікацыі, імплементацыі".

4. Як і за колькі часу можна атрымаць дазвол на памежны рух?

Калі Дамову ратыфікуюць, і яна пачне дзейнічаць, трэба прыйсці ў консульства ў Гродне ці Брэсце, заплаціць 20 еўра, прад'явіць пашпарт, пацвярджэнне сталага пражывання ў памежнай паласе не менш за тры гады, а таксама пацвярджэнне патрэбы ў частым перасячэнні мяжы. Тыя, каму адмоўлена ва ўездзе ў ЕС, дазвол не атрымаюць. Дазвол бясплатны для непаўналетніх, пенсіянераў і інвалідаў.

Дакумент будзе выдавацца не пазней чым праз 60 дзён са дня падачы дакументаў. У пэўных выпадках тэрмін можа быць падоўжаны да 90 дзён.

5. На колькі часу выдаецца дазвол на памежны рух?

Першы дазвол выдаецца на 2 гады, але не даўжэй за тэрмін дзеяння пашпарту. Наступныя дазволы выдаюцца на 5 гадоў, але не даўжэй за тэрмін дзеяння пашпарту і з умовай, што вы не парушалі правілы Дамовы, карыстаючыся папярэднім дазволам.

6. Якія дакументы трэба мець для перасячэння мяжы згодна з Дамовай?

Апрача пашпарту і дазволу пры сабе неабходна мець медыцынскую страхоўку мінімум на 14 дзён і на суму, не меншую за 20 тысяч еўра.

7. Ці можна будзе ў рамках Дамовы паехаць у Варшаву ці Беласток?

Не. Правілы Дамовы гэта забараняюць. Жыхары беларускага памежжа, якія атрымаюць дазвол, змогуць знаходзіцца ў 50-кіламетровай прыгранічнай зоне Польшчы. Ані Варшава, ані нават Беласток у яе не ўваходзяць. Затое з беларускіх гарадоў - ажно два абласных цэнтры (Гродна, Брэст) і шэраг меншых гарадоў (Ваўкавыск, Скідзель, Жабінка і іншыя).

Супрацоўніца Аддзела інфармацыі Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце Альжбета Ксёнжэк: "Выхад за прыгранічную зону - гэта ўчынак, які падлягае дэпартацыі і пазбаўленню права на ўезд. На які час — вырашае памежная служба, але часцей за ўсё вызначаецца тэрмін 5 гадоў".

Глядзі поўны пералік польскіх і беларускіх гарадоў і адміністрацыйных адзінак, якія ўваходзяць у памежную зону, узяты з польскамоўнай версіі праекта Дамовы.

←ГАИшникам «не донесли» взяток на 15 тысяч долларов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика