У выпускным класе Саша Варламаў марыў стаць артыстам балета, а Валерый Кашчэеў — марскім афіцэрам
11 год "строгага рэжыму" ці сапраўдная альма матэр? Чужыя людзі, з якімі на пэўны час звёў лёс, ці найлепшыя сябры на ўсё жыццё? Кардонная папка з фотаздымкамі, што пакрываецца пылам, ці крыніца светлых успамінаў пра цудоўныя школьныя гады? Узаемаадносіны са школай ва ўсіх складваюцца па-рознаму, і ўсё ж у час развітання з ёй мала каму не робіцца сумна...
Сёлета ў Беларусі выпускныя вечары адбудуцца 11 чэрвеня, і больш за 88 тысяч юнакоў і дзяўчат атрымаюць разам з атэстатамі пуцёўкі ў дарослае жыццё. Напярэдадні гэтай даты журналісты "Звязды" распыталі некалькіх папулярных суайчыннікаў: у каго якія ўспаміны звязаныя са школьным выпускным?
Тэлевядучы Валерый КАШЧЭЕЎ ("Наша раніца", АНТ). Год выпуску — 1973, мінская школа № 116
Сцвярджае, што ў школе быў вельмі паслухмяным, хоць і сядзеў за апошняй партай
на "камчатцы", якую звычайна аблюбоўваюць хуліганы:
— Я быў такі правільны, што ні кроку ўлева-управа, не рабіў па-добраму хуліганскіх учынкаў, таму і ўзгадаць асабліва няма чаго. Ну хіба тое, што школа ў нас была з матэматычным ухілам, хоць, па шчырасці, я так і не зразумеў, дзе той ухіл. У той год было 5 выпускных класаў, прычым не маленькіх, у кожным чалавек па дваццаць — у нас, напрыклад, быў 10-ты "Д". Ужо здадзеныя былі апошнія экзамены, і многія рыхтаваліся да паступлення. Мяне цягнула ў Піцер у ваенна-марское вучылішча — уяўляеце, жыццё магло б скласціся зусім па-іншаму, быў бы цяпер афіцэрам... (Смяецца).
Як гэта было. Урачыстая частка выпускнога вечара, як, бадай, ва ўсіх, адбывалася ў актавай зале школы, дзе настаўнікі давалі наказы вучням, а тыя паказвалі невялікі "капуснік". Дзякуючы апошняму ў характарыстыцы Валерыя класны кіраўнік напісала акрамя іншых станоўчых якасцяў — "Добра чытае вершы".
— Памятаеце тагачасную выпускную моду?
— Увогуле тады ў модзе былі ваенныя партупеі пад джынсы, і за гэтыя джынсы, а таксама за штаны клёш, упрыгожаныя ў каго махрамі, у каго нашытымі засцежкамі-"маланкамі", нас ганялі неміласэрна. Таксама строга сачылі за прычоскамі, каб мы не адпускалі доўгія валасы, але ў каго вусы ўжо прабіваліся, дазвалялася "пафарсіць". Дзяўчатам жа даставалася за спадніцы міні — выстройвалі ў шарэнгу і правяралі, у каго якой даўжыні спадніца... Што да самога выпускнога вечара, то мне здаецца, тады да выбару касцюмаў ставіліся прасцей. Не было святочных стужак "Выпускнік", як цяпер, але ўсе дзяўчаты нарабілі сабе прычосак, падабралі ўборы, былі такія прыбраныя, прыгожыя. У мяне таксама, здаецца, быў нейкі новенькі касцюм клятчасты, даволі яркая кашуля.
Патанцавалі — пад Антонава, які быў тады вельмі папулярны, ВІА "Поющие гитары", "Там, дзе клён шуміць...", паспявалі крыху, — узгадвае тэлевядучы, — а потым бацькі арганізавалі нам рэстаран "Заслаўе", тады вельмі модны.
— Рэстараны і алкаголь тады не былі пад забаронай?
— Не. І мы вельмі добра пагулялі. Хоць асабіста я да арміі ўвогуле ў рот алкаголю не браў, дый дагэтуль піва не люблю, а моцныя напоі ўжываю рэдка. А некаторыя нашы хлопцы крыху падвыпілі, натуральна, але без ніякіх эксцэсаў. Дадому вярталіся пешшу, ужо раніцай...
Што потым. Валерый паехаў у Ленінград у ваеннае вучылішча, але не здаў экзамены, вярнуўся дамоў, і яго тут жа забралі ў армію. "Пасля войска скончыў політэхнічны інстытут па спецыяльнасці "архітэктура", потым — тэатральна-мастацкі інстытут, а ўжо з тэатра трапіў на тэлебачанне. "Дарэчы, дзякуючы тэлебачанню абсалютна нечакана, праз 30 з лішкам гадоў пасля школы, мяне адшукаў былы аднакласнік Бора Пакер — яшчэ з мінулай школы, на камвольным камбінаце. Ён патэлефанаваў на "гарачую лінію", і мы сустрэліся, — узгадвае Валерый Кашчэеў. — Паспрачаліся, што я яго пазнаю — і я прайграў, бо сябар быў высокі, курчавы і худы, а стала ўсё наадварот. Цяпер мы з ім тэлефануем адзін аднаму, падтрымліваем стасункі. А вось выпускны клас у нас быў даволі рознашэрсны, асаблівай дружбы я не памятаю — і хоць праз 10 год пасля выпуску мы сустракаліся, але потым неяк не было асаблівага памкнення яшчэ раз наведаць школу. Можа, неўзабаве ўсё ж збяромся — гэта ж хутка 40 год міне пасля заканчэння школы!".
Саша Варламаў, кіраўнік "Цэнтра моладзевай моды БДУ", год выпуску 1973
— Са школай у мяне звязаныя самыя лепшыя ўспаміны: менавіта будучы школьнікам,
я палюбіў тэатр. Я вучыўся ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным вучылішчы, якое
было тады якраз ля Вялікага тэатра оперы і балета. І, вядома, прыходзіць у Оперны
тэатр кожны дзень і дыхаць ягоным паветрам — нават да сёння памятаю той пах, які
меў тэатр — гэта вельмі цікава. З раніцы да вечара бавіць там час было для мяне
шчасцем".
Дарэчы, у школе Варламаў марыў стаць... артыстам балету. "Я ўвогуле не думаў, што буду нейкім чынам звязаны з модай. У 25 гадоў поштай нечакана прыйшла паштоўка — мяне запрашалі ў Дом мод № 2 для таго, каб стаць манекеншчыкам. Вось так я трапіў у моду".
Як гэта было. Наконт свайго выпускнога вечара дызайнер асабліва не распаўсюджваецца:
— Я жыву закрытым жыццём. Да людзей, з якімі я вучыўся ў школе, я адношуся проста як да людзей, з якімі вучыўся ў школе. Мае сябры — гэта не мае аднакласнікі. Таму я і не хадзіў на выпускныя вечары — мне было там нецікава.
— Можаце ўзгадаць школьную моду тых часоў?
— Апраналіся проста: у тое, што было. Людзі жылі сціпла і небагата. У кагосьці былі джынсы, у кагосьці іх не было. Адны адзявалі касцюм з гальштукам, другія не адзявалі. Вось і ўсё.
Што потым. Пасля заканчэння ўніверсітэта культуры і аспірантуры ГИТИС (Масква) працаваў мадэллю і харэографам, пісаў навуковыя артыкулы для энцыклапедыі "Этнаграфія Беларусі", стварыў музей прыкладнога мастацтва. Паступова прыйшоў да таго, чым займаецца і цяпер — мода і стыль. У 1999 годзе пры БДУ быў створаны Цэнтр сучаснага стылю і моды, кіраўніком якога Варламаў з'яўляецца і па сёння.
Сяргей Нагорны, кіраўнік мадэльнага агенцтва "Студыя моды Сяргея Нагорнага", год выпуску 1991, сталічная сш № 146 (цяпер гімназія)
Сяргей узгадвае, што вучнем быў старанным і дысцыплінаваным, але вучыцца ў школе
яму было нецікава: "Мне падабаліся гуманітарныя навукі, але ў школьнай праграме
акрамя літаратуры нічога карыснага я больш не знаходзіў".
Як гэта было. "Спачатку адзначалі за сталом, трохі танцавалі. Пад вечар пайшлі ў кавярню, вось ужо там павесяліліся ад душы — дадому вярнуліся толькі пад раніцу. Добра запомніліся радасныя ўсмешкі, прыгажуні-аднакласніцы (ужо без косак, у вячэрніх сукенках), хлопцы ў касцюмах. Для нас выпускны — гэта было развітанне з месцам, якое стала родным, да якога мы за гады вучобы паспелі прывязацца. Было адчуванне страты чагосьці важнага...
Запомніліся аднакласнікі, якія перабралі з алкаголем. А ім найбольш, відаць, запомнілася прыбіральня і хворая галава, якая трашчала пад раніцу" (смяецца).
Што потым. "Па-сапраўднаму смак ведаў я адчуў толькі ў ВНУ — Інстытуце сучасных ведаў, куды паступіў на факультэт прадзюсарства ў сферы мастацтва", — адзначае Сяргей. У 1997 годзе пасля фестывалю альтэрнатыўнай моды "Персаніфікацыя" з'явіўся новы брэнд — студыя моды Сяргея Нагорнага. Цяпер яго добра ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Японіі, ЗША.
Георгій КАЛДУН, спявак, тэлевядучы ("Адзін супраць усіх"). Год выпуску — 1993, сш № 16 г. Мінска
Восем папярэдніх гадоў навучання Георгій правёў у іншай школе, дзе працаваў настаўнікам
геаграфіі яго бацька. Перайшоў, прызнаецца, з-за праблем з дысцыплінай і сакраментальнага
папярэджання дырэктаркі — маўляў, нармальна ты тут не давучышся. Тым не менш,
у новай школе — з фізіка-матэматычным ухілам — быў цвёрдым чацвёрачнікам і абзавёўся
сябрамі.
Як гэта было. "Памятаю, што была нейкая сталоўка — але не школьная. Мы сядзелі асобна, бацькі і настаўнікі — асобна. Праўда, маіх нікога не было, бо бацькі-настаўнікі прысутнічалі на "сваіх" выпускных — у класах, якія вялі".
На выпускны тата даў Георгію свой белы шаўковы гальштук. "Аднак пасля гэтага рэч была ўжо непрыдатнай для карыстання, за што мне было вельмі сорамна, — узгадвае цяпер спявак. — Касцюм, па-мойму, мы адмыслова шылі — заказвалі ў атэлье. Ці было гэта прыгожа? Па шчырасці, не думаю".
Алкаголь для 11-класнікаў быў пад забаронай, таму на сталах прысутнічала толькі сімвалічнае шампанскае. Але ж тое-сёе налівалі з-пад стала... "І вось з таго вечара я на ўсё жыццё запомніў: брэндзі з шампанскім змешваць нельга, будзе спачатку мо і добра, а потым ну вельмі дрэнна; а асаблівае глупства — пасля ўжывання алкаголю курыць. Я неўзабаве пасля выпускнога курыць і кінуў, а алкаголь і дагэтуль ужываю ў мінімальных дозах. Але дадому, заўважу, я дабраўся нармальна, у адрозненне ад некалькіх нашых хлопцаў, каго давялося суправаджаць да кватэры. Разышліся мы, пасля ўсёй праграмы і дыскатэкі, прыкладна а чацвёртай раніцы. Світанак сустракаць не пайшлі — вырашылі чамусьці, што гэта нерамантычна... Словам, мне здаецца, вечар прайшоў па ўсярэдненай праграме — як ва ўсіх".
Што потым. Скончыўшы, як і бацькі, геафак БДУ, Георгій Калдун таксама некаторы час працаваў настаўнікам, потым пераспрабаваў шэраг іншых прафесій. Але творчая натура ўзяла сваё: канцэрты, запіс новых песень, удзел у адборы на "Еўрабачанне", 1-я прэмія конкурсу маладых выканаўцаў на "Славянскім базары-2007", дэбютны альбом, праца на радыё і тэлебачанні... Пры шчыльным працоўным графіку ўсё ж знаходзіцца час і на стасункі з былымі аднакласнікамі. "Мы сустракаліся праз 15 год пасля выпуску, і я ў каторы раз узгадаў Вішнеўскага: "Не зря боюсь я встреч выпускников", — смяецца Георгій. — Зрэшты, мой лепшы сябар Дзіма — якраз з гэтай школы, мы сядзелі з ім за адной партай".
Вікторыя АЛЕШКА, спявачка. Год выпуску — 1998, сш № 41 г. Мінска.
У інтэрв'ю спявачка часта ўзгадвала: маўляў, школу за мяне скончыў Раінчык...
"Гэта сапраўды часткова так, бо да Васіля Пятровіча я трапіла ў дзявятым класе.
І ў нас так актыўна закруцілася работа, што ў школе я з'яўлялася вельмі рэдка.
Таму давялося выкарыстаць знакамітае імя, каб урэгуляваць гэтае пытанне, — з усмешкай
узгадвае Вікторыя. — Цудоўны Уладзімір Канстанцінавіч Шчэрба, які быў у маёй школе
дырэктарам, а цяпер вялікі кіраўнік у галіне адукацыі краіны, пайшоў нам насустрач.
Мне пашанцавала, лічу, што мяне падтрымлівалі — не ставілі бязбожна нізкіх ацэнак,
увогуле не адлічылі...".
Як гэта было. На ўласным выпускным вечары спявачка... не пабывала:
— З-за таго, што я рэдка наведвала школу, аднакласнікі ставіліся даволі прадузята: ну, зразумела, гэта ж у нас "зорка"! Тое, што я пры гэтым безадмоўна спявала на ўсіх школьных святах, мала каго хвалявала. У выніку я падумала: калі не сябрую з класам, навошта ўвогуле ісці на гэты выпускны? І з адзінай сяброўкай, таксама Вікай, мы роўненька атрымалі атэстаты і пайшлі адзначаць удзвюх. Таму, што адбывалася ў школе пасля ўрачыстай часткі, як мае аднакласнікі гулялі, я нават не ўяўляю сабе. Хутчэй за ўсё, у афіцыйнай праграме я таксама выступала, але дакладна не памятаю, не засталося яркіх уражанняў.
— Але на прыгожы ўбор, хоць і толькі на афіцыйнай частцы, вы не забыліся?
— З касцюмам не было праблем увогуле — я не "замарочвалася" на гэтую тэму, надзела адзін з канцэртных убораў, балазе выбіраць было з чаго. Натуральна, выглядала ярчэй за ўсіх, бо касцюм быў ярка-рыжы, таму мой убор засланіў усе гэтыя сукенкі, якія абралі іншыя дзяўчаты. Тым больш што літаральна напярэдадні я ўзяла Гран-пры фестывалю ў Маладзечне, пра мяне пісалі многія газеты, так што можна ўявіць, якая аскома ад майго імя была на зубах у аднакласнікаў, а хутчэй, аднакласніц. (Смяецца).
Што потым. У ВНУ пасля школы спявачка пайшла далёка не адразу — яшчэ чатыры гады аддавала перавагу канцэртам і "станаўленню сябе на сцэне", перш чым даспела да вышэйшай адукацыі, і мастацкі кіраўнік падштурхнуў — што ж ты, ідзі вучыся. Вікторыя Алешка скончыла Інстытут культуры. З былымі аднакласнікамі пасля школы артыстка ніводнага разу не бачылася, акрамя той самай адзінай сяброўкі, — і не шкадуе. Затое штогод бярэ ўдзел у зборным канцэрце для выпускнікоў, які ладзіцца для найлепшых вучняў на Магілёўшчыне.
Вячаслаў БАНДАРЭНКА, пісьменнік, кінасцэнарыст, радыёвядучы. Год выпуску — 1991, Польшча, г. Легніца, сярэдняя школа № 30 Паўночнай групы войскаў
— Наш выпускны быў самым апошнім, які адбываўся пад пад'ём сцяга СССР і гімн
Савецкага Саюза. Плюс да ўсяго ён быў яшчэ і самым раннім з усіх выпускных у Савецкім
Саюзе — нас "выпусцілі" ў сярэдзіне мая, — узгадвае Вячаслаў. — Прычына зразумелая:
школа знаходзілася па-за межамі краіны, а абстаноўка тады ў Польшчы была даволі
напружаная. Так што ўсё было сціпла: урачыстая лінейка на школьным двары, апошні
вальс, пасяджэнне ў Доме афіцэраў...
Як гэта было. "Напэўна, самым запамінальным момантам была ўдалая прыдумка нашай класнай кіраўніцы: бацькоў завялі ў клас і рассадзілі адзін з адным за партамі гэтак жа, як сядзелі мы, іх дзеці. А мы таўкліся ў дзвярах і глядзелі. Атрымалася вельмі кранальна, ва ўсіх вочы былі на мокрым месцы — і ў нас, і ў бацькоў, і ў настаўнікаў. Бадай, менавіта ў той момант я і адчуў, што школа засталася ў мінулым.
Паколькі справа адбывалася за мяжой, натуральна, ні пра якія рэстараны гаворка нават не ішла — проста бяседа ў школьнай сталоўцы. Алкаголь быў, але наш клас, 11 "А", у адрозненне ад іншых, ім не захапляўся".
— Няўжо хоць нейкага "подыху імперыялізму" не адчулі — заходняя музыка, імпартныя касцюмчыкі на заказ?
— Як на маю памяць, неяк не было прынята тады ў хлопцаў хвалявацца наконт убораў, усе былі ў звычайных купленых касцюмчыках мясцовай, у сэнсе польскай, вытворчасці. А музыка ў нас сапраўды гучала заходняя, еўрадыска ўсякае: Bаd Bоуs Bluе, Сандра, з "маруднякоў" круцілі балады Sсоrріоns, Kіss, Сіndеrеllа, Mоtlеу Сruе.
Што потым. Летам 1991 года Вячаслаў паступіў на філфак Белдзяржуніверсітэта. Пазней стаў адным з галасоў першага беларускага FM-радыё — радыё "Бі-Эй", потым працаваў на "Альфа Радыё", цяпер на "Радыё АНТ". Аўтар многіх песень "J:Mорс", біяграфіі Вяземскага, музычных энцыклапедый, раманаў "Ліквідацыя" і "Кадэцтва".
"Са сваімі аднакласнікамі я амаль не бачуся — дзяцей вайскоўцаў жыццё раскідала каго куды, так што цяпер яны жывуць па ўсім свеце, ад Уладзівастока да Барселоны. Напрыклад, дзяўчына, у якую я быў некалі закаханы, жыве ў Турыне, — з усмешкай распавядае Вячаслаў. — А вось з масквічамі кантакт падтрымліваю рэгулярна: кожны раз, калі бываю ў Маскве, з задавальненнем сустракаюся са сваім школьным сябрам, з якім мы сядзелі за адной партай".
Марыя Есьман, першая Віцэ-міс Інтэркантыненталь-2009, год выпуску 2007:
Як гэта было. "У нашым класе вучылася чалавек трыццаць. Да выпускнога, як сёння памятаю, мы
пачалі рыхтавацца дастаткова позна, дзесьці за месяц. На апошні званок прыйшлі
традыцыйна: спаднічкі, сарочкі, туфлікі. А ўжо на выпускны — у сукенках. У мяне
сукенка была белая (вельмі люблю гэты колер), прычым выбірала яе таксама дзесьці
за месяц. Як і большасць выпускнікоў, пад раніцу пайшлі сустракаць світанне. Пайшлі
на раку — пакрычалі (смяецца), павіншавалі адзін аднаго з выпускам. Стомленыя былі, але шчаслівыя. Самае смешнае
было пасля, калі мы ішлі ў цэнтр горада фатаграфавацца. Па горадзе ішлі ў туфлях
— усё як трэба. Але пакуль прыйшлі да патрэбнага месца, большасць дзяўчат паспела
пераабуцца ў тапачкі, шлёпкі і сланцы. Фатограф, калі ўбачыў дзяўчат у вячэрніх
сукенках і ў шлёпках, вельмі здзівіўся..."
Што потым. Паступаючы на юрфак БДУ, дзяўчына разлічвала найперш на тое, што стане дыпламаваным правазнаўцам, а заняткі ў мадэльным агенцтве разглядала хутчэй як хобі. І тым не менш менавіта яна здолела прайсці жорсткі кастынг і на конкурсе "Міс Інтэркантыненталь-2009", дзе прадстаўляла Беларусь, заваяваць адразу тры тытулы — першай Віцэ-міс і "Міс Еўропа", а таксама "Міс Кангеніяльнасць" як самая дружалюбная ўдзельніца.