Сімволіка цотнасці ў гаспадарчай дзейнасці і побыце

Источник материала:  

Познім варыянтам-адгалоскам сімволікі цотнасці на вяселлі стала ўпрыгожанне першай машыны вясельнага картэжа двума "пярсцёнкамі", якія ўтвараюць васьмёрку — знакавую выяву бясконцасці, узаемаспалучанасці, паяднання двух родаў.

 Некалі нашы бабулі варажылі пра свой лёс: быць ім замужам ці не быць. У марозную калядную ноч (гэта магло быць познім вечарам 24 снежня, 6, 13 або 19 студзеня) выбягалі яны ў двор, хапалі аберуч дровы ці, шырока раскінуўшы рукі, абхоплівалі штыкетнік і лічылі колькасць штыкецін. Парная колькасць паленцаў прадказвала хуткі шлюб, замужняе жыццё ў пары; няпарная — была знакам таго, што яшчэ год давядзецца "хадзіць у дзеўках", заставацца адной.

 Беларускія дзяўчаты карысталіся і такім простым, але даволі інфарматыўным спосабам прадказання сваёй будучыні. Яны бралі 41 (зноў-такі колькасць выбраная зусім не адвольна: 40 — вельмі важная мяжа ў жыцці чалавека, а выхад за яе поле і складаў патрэбны лік) зерне бобу і адвольна раскладвалі на тры кучкі. Затым падлічвалі колькасць зярнят у кожнай кучцы паасобку. Цотная колькасць зярнят у першай з іх была знакам паляпшэння дабрабыту, няцотная — няўсцешна наракала: будзеш хварэць і цярпець шматлікія непрыемнасці ад сваіх родных. Далей падлічвалі колькасць зярнят у другой горцы. Цотная колькасць бабін усцешвала душу прадказаннем, што ў рабоце чакае поспех, няцотная была сведчаннем няўдачы, магчымай змены месца працы. Нарэшце, трэцяя сімвалізавала гаспадаранне і сямейны стан. Цот — прадвесце спакою і добрага здароўя, няцот — знак магчымых сямейных спрэчак, лаянак і скасавання шлюбу.

 У вашай сям'і святочная падзея, вы сервіруеце стол. Дзеля таго, каб у сям'і заўсёды былі згода, пашана, лад, каб у вашай хаце заўжды радаваліся гасцям і вы маглі спадзявацца на дапамогу суседзяў, каб бяседа ніколі не закончылася сваркай або бойкай, першым на сярэдзіну стала клалі бохан хлеба. Уважліва прасачыце за сваімі паводзінамі, калі вы пачынаеце сервіраваць святочны стол. На ўзроўні падсвядомасці, не задумваючыся, мы адразу ж разразаем бохан хлеба напапалам (што можа сімвалізаваць два бакі ўдзельнікаў застолля: гаспадароў і гасцей); на кожны сподачак кладзём па два кавалачкі хлеба (што, у сваю чаргу, з'яўляецца сімвалам сямейных пар, якія збяруцца за сталом). Напрыканцы святочнай дзеі гаспадыня частуе гасцей салодкімі прысмакамі і абавязкова падкрэслівае: "Цукеркі бярыце да пары".

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

←9 модных жаночых рэчаў, якія не падабаюцца мужчынам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика