На вуліцы спякота? Рызыкуеце прастудзіцца!

Источник материала:  

Усе мы прывыклі, што ВРЗ — сезонная хвароба, якая падпільноўвае нас, як правіла, позняй восенню, зімой або ранняй вясной... Але любы ўрач ведае, што прастудзіцца летам, асабліва ў спякоту, значна лягчэй. Бо ў халодны перыяд года мы напагатове і ўсяляк стараемся засцерагчы арганізм ад пераахаладжэння. А летам расслабляемся — і вось вынік! Якім жа чынам засцерагчыся ад летняй прастуды?

З-за чаго мы часцей за ўсё прастуджваемся ў гарачыя дзянькі?

1. Скразнякі. У спякоту мы нярэдка трымаем адчыненымі дзверы і вокны: нам гэта здаецца бяспечным. А дарэмна. Нават калі на вуліцы 30 градусаў у цені, вас можа прадзьмуць так сама, як і ў халодны дзень. Дарэчы, прадзьмуць можа і падчас паездкі ў электрычцы або аўто, калі вы сядзіце ля адчыненага акна. Таму вазьміце за правіла не адчыняць адначасова дзверы і акно ў пакоі, зачыняць акно пры моцным ветры і не сядзець у месцах, якія прадзімаюцца.

2. Вентылятары і кандыцыянеры. Улічыце: знаходзячыся ў зоне магутнага патоку халоднага паветра, вы лёгка можаце схапіць не толькі прастуду, але і запаленне лёгкіх.

Калі збіраецеся ў супермаркет, вазьміце з сабой шарсцяную кофту: у спякоту ў гандлёвай зале, абсталяванай кандыцыянерамі, тэмпература можа быць градусаў на дзесяць ніжэйшай, чым на вуліцы. Здагадваецеся, што можа адбыцца з вамі ў выніку такога рэзкага перападу тэмператур? Таму, калі вы сабраліся размясціцца ў памяшканні, дзе працуе кандыцыянер, апранайцеся цяплей.

3. Марожанае і халодныя напоі. У спёку так хочацца халодненькага... А між тым, калі вы ясце марожанае або п'яце ледзяное піва, сок або кактэйль, адбываецца рэзкае ахаладжэнне верхніх дыхальных шляхоў, і гэта правакуе ВРЗ. Безумоўна, ніхто не агітуе зусім адмовіцца ад "халоднага задавальнення". Але пастарайцеся хаця б есці марожанае не спяшаючыся, адкусваючы ад яго маленечкія кавалачкі. Напоі трэба піць дробнымі глыткамі, але не праз саломінку, каб вадкасць паспела сагрэцца ў поласці рота.

4. Купанне. Пераахаладжэнне падчас купання можа стаць прычынай не толькі ВРЗ, але і іншых хваробаў. Каб гэтага не здарылася, прытрымлівайцеся наступных правілаў.

Купайцеся толькі пры тэмпературы вады вышэй за 20—22 градусы. Знаходзіцца ў вадаёме без перапынку варта не больш як 15 хвілін. Пасля выхаду на сушу неабходна добра выцерціся і пераапрануцца.

Прыкметай пераахаладжэння з'яўляюцца дрыжыкі і "гусіная скура". У такім выпадку абавязкова што-небудзь з'ешце і па магчымасці выпіце гарачы напой — гарбату або каву. Гэта сагрэе вас знутры і дапаможа пазбегнуць прастуды.

Безумоўна, захварэць гарачым летам крыўдна. Але калі ўжо так атрымалася, пастарайцеся як мага хутчэй вылечыцца. Не чакайце, пакуль прастуда па-сапраўднаму заявіць пра сябе.

"Захапіць" прастуду ў самым пачатку можна пры дапамозе імунамадулятараў. Якія падыдуць менавіта вам, падкажа ўрач.

Калі ж з'явіўся насмарк, лепш за ўсё надзерці на тарцы буракі, выціснуць сок (можна ўзяць сок алоэ) і закапваць яго па 2—3 кроплі ў кожную ноздру рэгулярна на працягу дня. Альбо: падпаліце сухую сцяблінку ад галоўкі часнаку, нахіліцеся над ёй і, пакуль яна тлее, удыхайце дымок.

Пры болі ў горле карыстайцеся спрэямі для інгаляцыі, прымайце спецыяльныя пласцінкі і таблеткі для рассмоктвання, якія, дарэчы, вельмі зручна браць з сабой.

Не забывайце і пра паласканне для горла. Гэтую працэдуру варта праводзіць 5—7 разоў на дзень. Напрыклад, традыцыйны сродак — растварыць па 1 ч. лыжцы соды і солі ў шклянцы цёплай гатаванай вады і дадаць пару кропляў ёду. Эфектыўныя таксама раствор фурацыліну (адна таблетка на шклянку цёплай гатаванай вады), адвары рамонку і шалфею.

Калі крыху паднялася тэмпература, то не варта спяшацца прымаць гарачкапаніжальныя. Гэта толькі зацягне працэс. Лепш скарыстацца народным сродкам: выпіць свежапрыгатаваную сумесь лімоннага соку з мёдам. Карыснае і частае цёплае піццё: яно прымусіць вас пацець, а гэта садзейнічае зніжэнню тэмпературы і вываду таксінаў.

Ну а яшчэ выпрабаваны сродак вылечыць летнюю прастуду, якая адолела вас так недарэчы, — пагрэцца на сонейку. Толькі прыміце меры, каб скура не згарэла і галаву не напякло. Аднак калі ў вас высокая тэмпература, "падстаўляцца" сонцу не варта.

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.

←Новый клип Леди ГаГа бьет рекорды и шокирует публику

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика