Пасля выканання дзяржзаказу...

Источник материала:  

Заведзена чарговая крымінальная справа ў дачыненні да службовых асобаў ААТ "Лідахлебапрадукт" па ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў"), паведамляе прэс-служба УКДБ па Гродзенскай вобласці.

Летась Камітэтам дзяржаўнай бяспекі сумесна з Гродзенскім упраўленнем па барацьбе з арганізаванай значыннасцю і карупцыяй МУС былі выяўлены факты перавышэння службовых паўнамоцтваў кіраўніцтвам гэтага прадпрыемства. Пасля чаго гаспадарчую дзейнасць ААТ праверылі Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці і КРУ Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, зрабіўшы высновы аб нямэтавым выкарыстанні прадпрыемствам сродкаў рэспубліканскага бюджэту, неэфектыўным выкарыстанні ўласных сродкаў і банкаўскіх крэдытаў. У выніку незаконных дзеянняў пры закупцы збожжа ў перыяд са жніўня 2008-га па красавік мінулага года ААТ "Ліда- хлебапрадукт" прычыненыя страты каля 800 мільёнаў рублёў.

У ходзе расследавання высветлілася, што пасля выканання дзяржаўнага заказу па нарыхтоўцы збожжа кіраўніцтва ААТ адмаўлялася купляць лішкі ўраджаю ў сельгаспрадпрыемстваў сваёй сыравіннай зоны са спасылкай на адсутнасць свабодных складскіх памяшканняў. Гаспадаркам нічога не заставалася, як, нягледзячы на забарону Мінсельгасхарча, прадаваць збожжа камерцыйным структурам, якія, як потым стала вядома, па папярэдняй дамоўленасці з кіраўніцтвам "Лідахлебапрадукта", ім жа і рэалізоўвалі набытае збожжа, але ўжо па больш высокай цане. Такім чынам, аптовая надбаўка, якая па законе не павінна перавышаць 5 працэнтаў, завышалася імі да 50 працэнтаў. Згодна з умовамі заключаных дагавароў, перапрацоўшчыкі таксама павінны былі кампенсаваць камерсантам расходы па транспарціроўцы — больш за 318 мільёнаў рублёў. Насамрэч жа пастаўкі ажыццяўляліся на ўмовах транзіту, без затратаў на транспарціроўку і захоўванне тавараў. На падставе выкладзенага сёлета ў студзені ўпраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці заведзена крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў ААТ "Лідахлебапрадукт".

Нягледзячы на заключэнні рэвізораў, асобныя службовыя асобы ААТ працягнулі выкарыстоўваць так званыя шэрыя схемы. Праз некаторы час пасля праверкі гаспадарчай дзейнасці з прадпрыемства праводзіцца адгрузка ўласнай прадукцыі — камбікорму ў адрас той жа камерцыйнай структуры з наступным залікам у лік аплаты за пастаўленае збожжа па завышаных цэнах. Усе дзеянні афармляюцца дакументальна, аднак выяўленыя ў ходзе праверкі парушэнні па фарміраванні закупачных цэнаў на збожжа не ўлічваюцца. Гэта здзелка дадаткова прычыняе прадпрыемству матэрыяльныя страты на суму каля 44 мільёнаў рублёў. Следства высветліць, што за гэтым стаіць — прага нажывы альбо элементарнае няведанне нарматыўна-прававых дакументаў, зазначае прэс-служба УКДБ па Гродзенскай вобласці.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

←Новый клип Леди ГаГа бьет рекорды и шокирует публику

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика