СКВ здае пазіцыі ў дэпазітах
Грошы
Сезон адпачынкаў і высокая прыбытковасць рублёвых укладаў "выкошвае" са беражэнняў беларусаў замежную валюту...
Паступовае зніжэнне даходнасці як па валютных, так і па дэпазітах у беларускіх рублях, зразумела, не вельмі надае аптымізму людзям, што трымаюць свае зберажэнні ў банках. Разам з тым, найбольшы прыбытак, як і раней, даюць дэпазіты ў беларускіх рублях. Гэта, паводле слоў намесніка начальніка Упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Міхаіла Журавовіча, і вызначае цяперашнія тэндэнцыі на дэпазітным рынку: уклады ў замежнай валюце змяншаюцца, таму што часткова "перацякаюць" у дэпазіты ў нацыянальнай валюце, а па рублёвых ідзе стабільны прырост.
Акрамя таго, істотны адток сродкаў з валютных дэпазітаў супаў з адкрыццём сезона адпачынкаў. Паводле звестак нашага суразмоўцы, менавіта ў маі назіралася найбольшае "вымыванне" ўкладаў у замежнай валюце: за згаданы месяц яны зменшыліся на 74,8 мільёна долараў, ці на 2,1 працэнта. Між іншым, з пачатку года іх змяншэнне склала 81,5 мільёна долараў, ці 2,3 працэнта. Тым не менш пакуль на валютных дэпазітах насельніцтва трымае крыху больш за палову сваіх зберажэнняў — 3,46 мільярда долараў ЗША. Аднак нельга не заўважыць таго, што за апошнія тры месяцы доля рублёвых дэпазітаў у агульным аб'ёме ўкладаў павялічылася амаль на працэнт. Прычыны гэтага навідавоку: дастаткова супаставіць працэнтныя стаўкі, што прапануюцца банкамі. Нягледзячы на тое, што даходнасць сродкаў, размешчаных на дэпазітах як на кароткі, так і на доўгі тэрмін, зніжаецца, па рублёвых можна знайсці прапановы вышэй за 20 працэнтаў гадавых — аж да 23 працэнтаў. Нашмат больш сціплыя стаўкі па валютных зберажэннях, найвышэйшы паказчык для якіх — у выключных выпадках 10, а ў большасці — ад 7 да 8 працэнтаў гадавых. Такая прывабнасць рублёвых "гуляе" злы жарт з валютнымі ўкладамі.
Нельга не згадаць і пра тое, што на прыярытэтах беларусаў адбіваюцца і сёлетнія падзеі на валютным рынку, дзе назіраецца істотнае зніжэнне курсу еўра. Назапашаныя людзьмі сродкі ў, падавалася б, перспектыўнай валюце летась, таннеюць на вачах. І не ва ўсіх хапае нерваў цярпліва сачыць за цяперашнімі праблемамі еўрапейскай валюты: нехта мяняе яе ў сваіх зберажэннях на мацнеючы долар, а іншыя — на рублі, прычым, як беларускія, так і расійскія, якія па прыбытковасці ў зберажэннях пакуль знаходзяцца ў лідарах. Як зазначае эксперт "Звязды", дэкан эканамічнага факультэта БДУ, прафесар Міхаіл Кавалёў, людзі лічыць умеюць і бачаць, што да канца года дэвальвацыі рубля не будзе, значыць, да канца года грошы можна трымаць ва ўкладах у нацыянальнай валюце. Тым больш, дадае ён, што народ не ведае, што лепш цяпер трымаць у зберажэннях — еўра ці долар.
Магчыма, што таннеючы еўра мае таксама дачыненне і да кардынальнай змены ў гэтым годзе сітуацыі па куплі-продажы насельніцтвам цвёрдаканверсоўнай у пунктах абмену валюты. Тэндэнцыі ж тут пануюць наступныя — насельніцтва прадае больш валюты, чым купляе. І гэта, дарэчы, істотнае адрозненне ад леташняй сітуацыі, калі з боку беларусаў ішоў значны ціск на нацыянальную валюту. Зараз жа, калі прыходзіцца выбіраць паміж беларускім рублём (ён адчувае сябе стабільна, а па выніках года можа, паводле запэўніванняў кіраўніцтва Нацбанка, нават умацавацца да кошыка валют, і які прыносіць большы даход ва ўкладах) і непрадказальнымі хістаннямі курсаў долара і еўра, — перавага на баку першага. У выніку, паводле апошніх звестак галоўнага банка краіны, толькі на пачатку гэтага месяца, а менавіта за 6 дзён, беларусы прадалі ў эквіваленце на 3,2 мільёна долараў больш, чым купілі. У мінулым месяцы чысты продаж наяўнай валюты фізічнымі асобамі дасягнуў амаль 30 мільёнаў долараў, а за пяць месяцаў гэтага года лічба склала 177,5 мільёна долараў.
Цяперашні выбар на карысць укладаў у нацыянальнай валюце за мінулыя пяць месяцаў дадаў у банкаўскія рублёвыя зберажэнні насельніцтва 1,65 трыльёна рублёў, ці 20,6 працэнта. Такім чынам, на пачатак чэрвеня людзі трымалі ў рублях на ўкладах ужо больш як 9,6 трыльёна рублёў. Дарэчы, за мінулы месяц рублёвыя дэпазіты павялічыліся больш як на 383 мільярды рублёў, ці на 4,1 працэнта. Згодна з апошняй статыстыкай Нацбанка, за студзень-май дэпазіты ў замежнай валюце і рублях павялічыліся амаль на 1,9 трыльёна рублёў, ці на 10,4 працэнта, і ў мінулым месяцы ўклады грамадзян упершыню перавысілі мяжу ў 20 трыльёнаў рублёў.
Мы пацікавіліся ў галоўным банку, колькі ў разліку на аднаго жыхара краіны прыпадае зберажэнняў, якія размешчаныя ў дэпазітах і сертыфікатах. Высветлілася, што на 1 чэрвеня гэтая лічба складала 2 мільёны 214 тысяч 700 рублёў (у эквіваленце 738,7 долара ЗША). На пачатак года яна раўнялася 1 мільёну 939 тысячам 500 рублям (677,4 долара), гэта значыць, за пяць месяцаў зберажэнні ў разліку на аднаго жыхара папоўніліся 275 200 рублямі.
— Сярэдняя зарплата цяпер складае прыкладна 1 мільён 100 тысяч рублёў, і атрымліваецца, што беларусы сталі трымаць у банкаўскіх зберажэннях каля дзвюх месячных зарплат, — каментуе апошнія лічбы Міхаіл Кавалёў. — Па сусветных мерках гэта ўсё адно крайне мала. Кітайцы зберагаюць амаль гадавую зарплату, расіяне цяпер зберагаюць крыху больш за тры месячныя зарплаты. Але з пункту гледжання эканамічнай тэорыі, больш важна — чыстыя зберажэнні, гэта значыць, трэба параўноўваць тэмп прыросту ўкладаў і тэмп прыросту крэдытаў насельніцтва. Важна, каб так званыя чыстыя зберажэнні, гэта значыць, зберажэнні насельніцтва мінус крэдыты насельніцтву, каб гэтая велічыня была станоўчай. Тады гэтыя грошы можна выкарыстоўваць фірмам для інвестыцый. Пасля 2008 года, калі ў нас была адмоўная норма зберажэнняў, ёсць станоўчыя тэндэнцыі: усё ж такі крызіс навучыў наша насельніцтва крыху больш зберагаць і менш браць у доўг. І таму норма зберажэнняў хоць і застаецца па-ранейшаму вельмі маленькай, але пакрысе расце. Мне падаецца, што ў цэлым Нацыянальнаму банку неабходна распрацаваць праграму па змяненні мадэлі паводзінаў насельніцтва: у рынкавых умовах яно павінна зберагаць больш, людзі хочуць не толькі несці грошы ў дэпазіты, але і купляць акцыі, яшчэ ў што-небудзь укладваць. Гэтых інструментаў мы пакуль беларусам не даём, таму людзі так мала адкладваюць сродкаў, таму ўвечары у рэстаран цяжка трапіць.
Ігар ШЧУЧЭНКА.