Працэс прыёму ў ВНУ цалкам абаронены ад карупцыйных з'яў...

Источник материала:  

14 чэрвеня ў краіне распачнецца цэнтралізаванае тэсціраванне. А ўчора ў Камітэце дзяржаўнага кантролю адбылося пасяджэнне Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеннем уступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. У склад камісіі ўваходзяць чыноўнікі самага высокага рангу: прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, памочнікі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутаты, адказныя работнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, намеснікі старшыняў абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў. Узначальвае камісію старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў. Пра тое, якое значэнне надаецца рабоце дзяржаўнай камісіі, сведчыць той факт, што склад і паўнамоцтвы членаў дзяржаўнай камісіі зацвярджаюцца штогод указам кіраўніка нашай дзяржавы. Дарэчы, усе прапановы дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленні парадку прыёму ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, сфармуляваныя па выніках яе работы ў 2009 годзе, былі ўхвалены Прэзідэнтам і знайшлі адлюстраванне ў нарматыўных актах, што карэктуюць парадак прыёму.

Працэс прыёму ў ВНУ цалкам абаронены ад карупцыйных з'яў...— Прыёмная кампанія — гэта заўсёды адказная падзея для ўсёй краіны, паколькі яна закранае інтарэсы вельмі многіх: абітурыентаў, іх бацькоў, сваякоў, школьных настаўнікаў і тых падлеткаў, якія яшчэ толькі рыхтуюцца да паступлення ў найбліжэйшыя гады. Таму наша задача — зрабіць усё для таго, каб яна прайшла на высокім арганізацыйным узроўні, — падкрэсліў ў сваім выступленні старшыня дзяржаўнай камісіі Анатоль Рубінаў. — З аднаго боку, мы павінны забяспечыць якасны набор, каб ва ўсе навучальныя ўстановы прыйшлі самыя здольныя і добра падрыхтаваныя маладыя людзі, а з іншага — захаваць прынцып сацыяльнай справядлівасці: у абітурыентаў, якія не прайшлі па конкурсе, не павінна быць і цені сумнення ў тым, што канкурэнцыя была сумленная і аб'ектыўная. Механізм фарміравання студэнцкай аўдыторыі ўжо можна лічыць канчаткова завершаным, ён можа толькі нязначна карэктавацца ўнутры навучальных устаноў з улікам спецыфікі іх профілю. Хачу запэўніць, што працэс прыёму ў ВНУ і ССНУ, дзякуючы ўкараненню цэнтралізаванага тэсціравання, сёння цалкам абаронены ад карупцыйных з'яў і суб'ектывізму, што аздаравіла становішча і ў школах, і ў ВНУ, і ўвогуле ў грамадстве. У працэс адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет нават пры вялікім жаданні ніхто не можа ўмяшацца: ні старшыня дзяржаўнай камісіі, ні міністр, ні рэктар і ніхто іншы.

— Вынікі ўступных кампаній папярэдніх чатырох гадоў пацвердзілі поўную абгрунтаванасць дзейных правілаў прыёму, зацверджаных кіраўніком дзяржавы, — дадаў міністр адукацыі нашай краіны Аляксандр Радзькоў. — Новы падыход да арганізацыі ўступнай кампаніі стварыў умовы для канкурэнцыі паміж сталічнымі і рэгіянальнымі, дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі адукацыі. За кошт шматэтапнага характару ўступнай кампаніі былі пашыраны магчымасці паступлення на бюджэтную і платную форму навучання ў ВНУ. Тэрміны прыёму на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі дазваляюць абітурыентам, якія не прайшлі па конкурсе ў ВНУ, удзельнічаць ва ўступных іспытах і конкурсным адборы ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Шырокае ўкараненне цэнтралізаванага тэсціравання, адкрытасць і даступнасць інфармацыі аб конкурснай сітуацыі і прахадным бале, стварылі ўмовы для свабоднага ўсвядомленага выбару абітурыентамі будучай спецыяльнасці і формы атрымання адукацыі.   Аляксандр Радзькоў паведаміў, што сёлета была падоўжана работа па павышэнні якасці тэставых заданняў, што выкарыстоўваюцца пры правядзенні ўступных іспытаў. У аўтарскія калектывы былі ўключаны высокакваліфікаваныя настаўнікі школ з вышэйшай і першай катэгорыяй, педагогі-практыкі і аўтары вучэбных дапаможнікаў. Экспертныя групы забяспечылі экспертызу тэставых заданняў на прадмет адпаведнасці зместу тэстаў патрабаванням адукацыйных стандартаў і вучэбных праграм.

— Мы афіцыйна заяўляем, што ўсе тэставыя заданні не выходзяць за рамкі вучэбных праграм, — падкрэсліў Аляксандр Радзькоў. — Тэсціраванне выверана, прадумана, выдатна арганізавана, добра абаронена ад вонкавага ўмяшання і дае аб'ектыўныя паказчыкі. Я хачу паведаміць таксама, што сёлета ўпершыню правядзенне пісьмовых уступных іспытаў у ССНУ для абітурыентаў, якія паступаюць на аснове базавай адукацыі, будзе праводзіцца па цэнтралізаваных заданнях, распрацаваных спецыялістамі Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Заданні распрацоўваліся па 8 прадметах: беларускай і рускай мовах, матэматыцы, хіміі, біялогіі, замежных мовах, гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі. Міністэрствам адукацыі ўстаноўлены адзіныя тэрміны правядзення пісьмовых уступных іспытаў па цэнтралізаваных заданнях і вызначаны парадак іх правядзення. Праверка і ацэньванне пісьмовых работ абітурыентаў, выкананых па цэнтралізаваных заданнях, будзе ажыццяўляцца ва ўстановах адукацыі ў адпаведнасці з распрацаванымі ў інстытуце кантролю ведаў "ключамі" і зацверджанымі Міністэрствам адукацыі нормамі ацэнкі ведаў абітурыентаў.

Міністр адукацыі паведаміў, што сёлета на цэнтралізаванае тэсціраванне зарэгістраваліся 173 468 абітурыентаў. З іх толькі 28,7 % плануюць прайсці тэсціраванне ў Мінску, дзе сканцэнтраваныя палова ВНУ. Астатнія 71,3 % абітурыентаў будуць тэсціравацца ў рэгіёнах, бліжэй да месца жыхарства. У якасці экзамену па дзяржаўнай мове 105 985 абітурыентаў (61 %) абралі рускую мову і 67 483 абітурыенты (39 %) — беларускую. З профільных прадметаў самым запатрабаваным з'яўляецца матэматыка — на яе зарэгістраваліся 118 927 абітурыентаў.

Характэрна, што пры скарачэнні колькасці выпускнікоў сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў на 12 тысяч чалавек у параўнанні з папярэднім годам, сёлета назіраецца нязначнае павелічэнне колькасці тэстаў, якія будуць здаваць абітурыенты — прыкладна на 1,5 тысячы. Значыць, канкурэнцыя абяцае быць не менш вострай, чым летась. Зразумела, што не ўсім пашчасціць трапіць у кола студэнтаў, аднак несправядліва пакрыўджаных быць не павінна.

— Абітурыенты павінны ў асобе членаў дзяржаўнай камісіі знаходзіць падтрымку і абарону. І ў спрэчных сітуацыях пытанне трэба вырашаць на карысць абітурыента, — упэўнены Анатоль Рубінаў. — Кожны член дзяржаўнай камісіі — гэта фактычна прадстаўнік Прэзідэнта, таму дзейнічаць трэба адукавана, карэктна і добразычліва. Дапамога павінна быць рэальнай і аператыўнай. Будзьце вельмі ўважлівыя, спрабуйце аналізаваць, з чым вы маеце справу — з прыватным выпадкам ці ў механізме прыёму засталіся яшчэ нейкія недапрацоўкі.

Усё арганізацыйна-тэхнічнае суправаджэнне прыёмнай кампаніі ўскладзена на Камітэт дзяржаўнага кантролю. У адпаведнасці з распараджэннем старшыні камісіі Анатоля Рубінава на базе Камітэта дзяржаўнага кантролю была створана міжведамасная рабочая група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Дзяржаўнага кантролю, Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства адукацыі і Міністэрства ўнутраных спраў. Адна з задача, якія ставяцца перад рабочай групай — аператыўны разгляд зваротаў грамадзян. Як і ў папярэднія гады, дзяржаўная камісія будзе працаваць адкрыта, а з яе прадстаўнікамі можна будзе звязацца па тэлефонах "гарачай лініі" Камітэта дзяржаўнага кантролю і яго тэрытарыяльных органаў:

Рабочая група дзяржаўнай камісіі ў Мінску (017) 227 66 80.

Брэсцкая абласная камісія (0162) 21 00 33, 23 16 90.

Віцебская абласная камісія (0212) 37 33 90, 36 44 95.

Гомельская абласная камісія (0232) 70 16 38, 70 18 00.

Гродзенская абласная камісія (0152) 74 52 72, 77 04 47.

Мінская абласная камісія (017) 284 06 96, 284 07 06.

Магілёўская абласная камісія (0222) 22 11 84, 22 18 97, 31 07 75.

"Гарачая" лінія ў Міністэрстве адукацыі (017) 222 43 12.

Надзея НІКАЛАЕВА.

←Новый клип Леди ГаГа бьет рекорды и шокирует публику

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика