У пятніцу і суботу — да плюс 35!

Источник материала:  

Мінулы май для большасці краін Заходняй Еўропы быў самы халодны за апошнія 50 гадоў. У Беларусі сярэднясутачная тэмпература гэтага месяца была больш за сінаптычную норму прыкладна на 1—4 градусы. Потым на Еўропу рынулася "хваля" магутных дажджоў, а цяпер да нас пачынае рухацца гарачыня з боку Афрыкі...

Паводле інфармацыі начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Дзмітрыя Рабава, ужо сёння да нас завітала даволі цёплае паветра з поўдня Еўропы. Тэмпература паветра ўдзень чакаецца ў межах 24—27 градусаў, на поўдні краіны — да 30—32. У Мінску будзе 27—29, а на поўначы Віцебскай вобласці — толькі 18—23. На паўночным захадзе краіны невялікія дажджы, месцамі навальніцы.

Выпрабаванне спёкай пачнецца ў пятніцу-суботу, калі на тэрыторыю Беларусі пачне паступаць гарачае трапічнае паветра з боку поўначы Афрыкі. Умовы надвор'я будуць нагадваць сапраўдную парылку, бо нават уначы будзе 16—23 градусы, удзень 27—32, а на паўднёвым усходзе — ажно да плюс 35! У пятніцу невялікія кароткачасовыя дажджы чакаюцца на поўначы, а ў суботу — на паўночным захадзе краіны.

Сіноптыкі прагназуюць, што ў нядзелю да нас з боку Заходняй Еўропы падыдзе атмасферны фронт, услед за якім у Беларусь завітае больш свежае паветра. Удзень чакаецца ўжо ў межах 19—26, толькі ў Гомельскай вобласці яшчэ да 32 градусаў. Уначы яшчэ будзе даволі цёпла — да 17—24. Атмасферны фронт у нядзелю прынясе дажджы і навальніцы на ўсю тэрыторыю краіны. У асобных раёнах будуць моцныя ліўні, пры навальніцах парывісты вецер.

У пачатку наступнага тыдня свежае надвор'е распаўсюдзіцца ўжо на ўсю тэрыторыю краіны. Днём — 16—23. Дзмітрый Рабаў адзначыў, што асобныя сусветныя эксперты прагназуюць сёлета Еўропе самае спякотнае лета за апошнія 150 гадоў. Аднак спадар Рабаў удакладніў, што такія доўгатэрміновая сінаптычныя прагнозы цэлага кантынента апраўдваюцца звычайна толькі на 55—60 працэнтаў.

Нагадаю, што беларускі прагноз на чэрвень запланаваў сярэднямесячную тэмпературу, на адзін градус вышэйшую за норму. Звычайна самым спякотным у нас бывае ліпень. Згодна з папярэднімі прагнозамі, тэмпературны фон другога месяца лета стане на 1—2 градусы вышэйшым за норму, якая складае 17—19 градусаў.

Што датычыцца трапічнай спякоты ў пятніцу і суботу, то ў гэтыя дні сіноптыкі чакаюць абнаўлення тэмпературных рэкордаў, бо прагназаваная тэмпература будзе прыкладна на 8—13 градусаў вышэйшай за норму.

Анамальныя сінаптычныя з'явы гэтымі днямі "нарадзілі" моцную паводку ў асобных краінах Еўропы. Беларусь падобная "навала" пакуль абыходзіць бокам. Дзмітрый Рабаў упэўнены, што ў найбліжэйшыя 2—3 гады ніякай паводкі ў нашай краіне не будзе. На рэках склалася спакойнае гідралагічнае становішча. Не прагназуецца ў гэты час і засухі. Пасля 3 дзён спякоты — абавязкова некалькі дзён дажджоў. Падобныя чаргаванні розных умоў надвор'я будуць у чэрвені не рэдкасцю, лічаць у Белгідраметцэнтры.

Сяргей КУРКАЧ.

←Новый клип Леди ГаГа бьет рекорды и шокирует публику

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика