Ваш шлях да здароўя
Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння: дыягностыка, прафілактыка, рэабілітацыя
— Трэба мяняць менталітэт людзей у стаўленні да свайго здароўя, якія, як правіла, узвальваюць увесь адпаведны клопат на дзяржаву. Так, дзяржава ў многіх выпадках павінна клапаціцца пра наша здароўе. Але гэта можа датычыцца інфекцыйных захворванняў, анкалогіі, хірургічных умяшанняў, рэанімацыйных мерапрыемстваў. А вось што датычыцца шмат чаго іншага, тут усё павінна залежаць непасрэдна ад самога чалавека. Банальная ісціна, тым не меней: у першую чаргу трэба весці здаровы лад жыцця. Трэба таксама як мінімум 2 разы на год прымаць спецыяльныя аздараўляльныя працэдуры, у прыватнасці тыя, якія прапануе наш цэнтр. І на гэта трэба планаваць свой бюджэт так, як плануюць яго на тэхнічнае абслугоўванне асабістага аўтамабіля. Часта пры гэтым кажуць: маўляў, не хапае грошай... Я не так ужо рэдка бываю на папулярных канцэртах у Палацы Рэспублікі, Палацы спорту — паглядзіце, што там робіцца: усё забіта, і білеты дарагія... Безумоўна, культура, культурнае жыццё — гэта вельмі важна. Але калі б сярод жыццёвых прыярытэтаў чалавека на першым месцы стаяла здароўе, то многія спачатку прыйшлі б менавіта да нас, у наш цэнтр, на нашы працэдуры, а ўжо потым пабеглі б на канцэрт...
Так сказаў падчас гутаркі галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Сяргей Карыцька (тут жа неабходна дадаць: ён жа — заслужаны ўрач краіны, кандыдат медыцынскіх навук. А яшчэ — чалавек з творчым ухілам: піша вершы, прычым на яго вершы складзены песні)...
Такім чынам, наш сённяшні расказ пра Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння.
* * *
Што ўяўляе сабой сёння гэты цэнтр? Удакладнім: раней гэта была гарадская прафсаюзная водагразелячэбніца санаторнага тыпу...
Сёння тут налічваюць тры асноўныя кірункі дзейнасці. Адзін з іх — спецыялізаваная эндакрыналагічная дапамога насельніцтву рэспубліканскага ўзроўню, або хворым на цукровы дыябет, пацыентам з цяжкай паталогіяй шчытападобнай залозы, з парушэннямі гіпаталамагіпофізнай функцыі, з недастатковай выпрацоўкай гармонаў росту (як правіла, дзеці). Як падкрэсліваюць у цэнтры, у ім аказваюць дапамогу менавіта тым, хто мае рэдкую і цяжкую паталогію эндакрыннай сістэмы; хворыя паступаюць сюды па накіраваннях абласных дыспансэраў і іншых медыцынскіх устаноў.
Другі кірунак — аказанне кансультацыйнай дыягнастычнай дапамогі "чарнобыльцам". Некалі на базе Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі размяшчаўся рэспубліканскі ж цэнтр радыяцыйнай медыцыны. Апошні з цягам часу пераехаў у Гомель, а тут цяпер абслугоўваюць пацыентаў з Мінска і Мінскай вобласці.
І трэці кірунак — гэта дзейнасць рэабілітацыйна-прафілактычнага характару, дзейнасць па агульным аздараўленні людзей. Па сутнасці, цэнтр выконвае функцыі ранейшай водагразелячэбніцы, толькі ўжо ў адпаведнасці з новымі, значна больш шырокімі магчымасцямі. На аздараўляльныя працэдуры чалавек можа патрапіць па пуцёўцы (адпаведна, яе трэба папярэдне атрымаць у сябе на працы або купіць непасрэдна ў цэнтры). Па пуцёўках аказваецца комплекс самых разнастайных лекава-аздараўляльных паслуг. Аднак пры жаданні пацыенты цэнтра могуць прымаць (купіць) і толькі асобныя працэдуры.
Што прапануюць у цэнтры?
У ім, як зазначаюць тут, у першую чаргу выкарыстоўваюць усе старыя добрыя метады лячэння. Гэта, у прыватнасці, гразелячэнне і водалячэнне (пра новыя віды паслуг цэнтра будзе сказана ніжэй). Пры гразелячэнні прымяняюцца беларускія гразі — сапрапелі з возера Судобль у Смалявіцкім раёне і возера Дзікае (Дзятлаўскі раён). Разам з тым, ужо трэці год, як сюды прывозяць сульфідныя гразі са знакамітага пры савецкім часе курорта Сакі. А сёлета пачалі прывозіць лекавыя гразі нават з Мёртвага мора ў Ізраілі. ("Ёсць ахвотныя — калі ласка", — зазначаюць у цэнтры.) Лекавы механізм уздзеяння гразяў — вядомы, гэта ў першую чаргу глыбокае праграванне, якое эфектыўнае пры касцёва-сустаўных захворваннях і захворваннях пазваночніка. Гразі дапамагаюць і пры іншых захворваннях.
Пасля гразевай працэдуры няблага б забрацца ў ванну... А калі ласка, у цэнтры такіх ванных працэдур, заснаваных ужо на водалячэнні, каля 20 відаў — радонавыя, жамчужныя, шкіпінарныя, бішафітныя, ёдабромістыя, гідрагальванічныя, хвойныя і іншыя. Прычым гэтыя ванны — практычна ўсе на мінеральнай вадзе, за выключэннем асобных з іх, для якіх патрабуецца прэсная вада.
Да паслуг пацыентаў таксама розныя віды лекавага душа (цыркулярны, падводны душ-масаж, душ Шарко), басейн — з мінеральнай жа вадой.
Як падкрэслівала загадчыца фізіятэрапеўтычнага аддзялення Наталля Афанасенка, у цэнтры выконваюцца таксама ўсе віды электралячэння, у тым ліку лячэнне палярызаваным святлом і лазератэрапія; нядаўна тут асвоена такая лекавая працэдура, як лімфамат (уздзеянне пры дапамозе кампрэсіі і дэкампрэсіі, якія перадаюцца праз спецыяльныя манжэты на руках і нагах на сасудзістую сістэму арганізма; як падкрэслівалі ў цэнтры, гэта працэдура асабліва эфектыўная пры варыкозным расшырэнні венаў).
* * *
— У вас лішняя вага? А вось мы дакладна даведаемся, ці так гэта насамрэч...
Прыкладна такімі словамі могуць сустрэць у цэнтры пацыента з адпаведнай праблемай. Сутнасць у тым, што не зусім абгрунтавана разлічваць "правільную" вагу чалавека па добра вядомым індэксе, які характарызуе суадносіны масы яго цела і росту, а абгрунтавана зыходзіць з таго, колькі чалавек мае ў сябе тлушчу, які працэнт. Норма для жанчын не больш за 31 працэнт, для мужчын — не больш за 25.
— Прыходзьце да нас, у наш кабінет метабалічных парушэнняў, — запрашаюць у цэнтры, — мы дакладна вызначым і вашы "лішкі сацыяльных накапленняў". І адкарэктуем вашу вагу. Гэта не азначае таго, што мы тут жа зробім вас стройным, але канчатковы вынік будзе вельмі відавочным...
Адпаведны курс, а згодна з тэрміналогіяй медыкаў цэнтра, адпаведная комплексная праграма, разлічаны мінімум на 3 месяцы. Саму ж праграму запусцілі ў цэнтры (дакладней — адкрылі той жа кабінет метабалічных парушэнняў) не так даўно — у мінулым годзе. Прычым для кожнага пацыента, пасля дэталёвага яго абследавання, і ў першую чаргу — абследавання эндакрынолагам, складаецца індывідуальная праграма рэабілітацыі: басейн, лячэбная фізкультура і г.д. (каму што лепш за ўсё падыходзіць). Ну, і вядома ж, дыета.
Ну, а як вызначаюць у цэнтры тыя ж лішкі тлушчу? З дапамогай рэнтгенаўскага дэнсітаметра. Дарэчы, як удакладняе загадчыца кабінета Наталля Васільева, гэта, па сутнасці, дадатковая функцыя дэнсітаметра. А вось першапачатковая, галоўная — праводзіць дыягностыку "эпідэміі" стагоддзя, або астэапарозу. На базе Цэнтра медыцынскай рэабілітацыі летась адкрылі Цэнтр метабалічных астэапатый і астэапарозу, і, такім чынам, гэты кірунак стаў тут таксама адным з асноўных.
У Рэспубліканскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння могуць выканаць раннюю дыягностыку ішэмічнай хваробы сэрца, раку, дыябетычнай міяпатыі і некаторых іншых захворванняў, выявіць схільнасць чалавека да цукровага дыябету.
Тут вядзецца рэспубліканскі рэгістр хворых на цукровы дыябет. У цэнтры таксама займаюцца мужчынскім і жаночым здароўем. Важнае месца ў дзейнасці цэнтра займае яго лабараторыя, аснашчаная найсучаснейшым дыягнастычным абсталяваннем, асобныя ўзоры якога, як зазначае загадчык лабараторыі Уладзімір Краўчук, можна знайсці толькі тут, у цэнтры, у адзінкавым у краіне экзэмпляры. У лабараторыі разам са звычайнымі выконваюцца рэдкія дыягнастычныя даследаванні, у прыватнасці імунаферментныя; тут могуць дакладна ўстанавіць магчымую "віну" мужчыны, калі ў сямейнай пары няма дзяцей. Увогуле, у лабараторыі выконваюць да 250 відаў тэстаў, а ўсяго робяць разнастайных тэстаў за дзень — каля 2 тысяч. Тут жа варта ўдакладніць: акрамя лабараторнай дыягностыкі, у цэнтры праводзяць таксама функцыянальныя даследаванні, эндаскапічныя, рэнтгеналагічныя, ультрагукавыя.
Цэнтр развіваецца, прапануе новыя эфектыўныя працэдуры.
— 10 "паходаў" у нашу крыякамеру — і прышчэпку ад грыпу можна не рабіць...
Так сказаў падчас гутаркі Сяргей Карыцька, які сам неаднаразова бываў у той крыякамеры і, такім чынам, ведае, што гаворыць...
Цэнтр працуе, маючы на ўвазе дакладную перспектыву, усё больш пашырае кола сваіх лекава-аздараўляльных паслуг, дадае да іх сучасныя, так бы мовіць, больш модныя на сённяшні час. Тыя ж сеансы крыятэрапіі ў цэнтры пачалі праводзіць зусім нядаўна. Як сведчаць яго спецыялісты, пацыентам спадабалася: яны такім чынам здымаюць свае запаленчыя працэсы, павышаюць імунітэт. А яшчэ атрымліваюць надзвычайную ўстрэску арганізма, моцны зарад бадзёрасці, якога хапае на працяглы час.
Аднак у крыякамеру, можа, і не кожны адважыцца зайсці, асабліва тыя, хто любіць цяпло (у ёй — мінус 130, праўда, дазваляюць знаходзіцца ў ёй пацыенту не больш як 3 хвіліны). Такім чынам, вам патрэбна цяпло? А калі ласка, у цэнтры з задавальненнем прапануюць вам сучасныя цеплавыя працэдуры, якія таксама пачалі праводзіць адносна нядаўна. Гэта саўна "кедравая бочка", інфрачырвоная саўна. Аднак, напэўна, самае прыемнае задавальненне (а галоўнае — з відавочным аздараўляльным эфектам) даставіць вам так званая спа-капсула. Знешне спа-капсула нагадвае звычайную ванну, хіба што яшчэ з накрыўкай. Але гэтая "ванна" — з вялікім мноствам розных працэдур. Яна можа служыць і як саўна, і як душ Вішы, і як вібрамасажор, і як гідрамасажор. А яе накрыўка з рознакаляровымі агнямі можа выдаць, адначасова ж, і хроматэрапію. А яшчэ да ўсёй гэтай комплекснай тэрапіі дадаюцца розныя абгортванні вашага цела — антыцэлюлітныя, шакаладныя, вінаградныя, жамчужныя... Словам, тут і рэлаксацыя, і аздараўленне разам з прафілактыкай. У чалавека паляпшаецца настрой, самаадчуванне. Як зазначаюць у цэнтры, вельмі гэтыя спа-капсулы жанчыны любяць. Дарэчы, яны ў цэнтры могуць наведаць і кабінет дэрмакасметалогіі — гэта таксама неблагое дапаўненне да існуючых кабінетаў.
І таксама адносна новая працэдура — сеансы ў спелеапячоры, у якой на працягу гадзіны можна падыхаць лекавымі іонамі солі (добра дапамагае пры захворваннях лёгачна-дыхальнай сістэмы).
А зусім нядаўна ў цэнтры сталі прапаноўваць новы метад лячэння — азонатэрапію. Пры гэтым у цэнтры расказалі: азон у мікрадозах з'яўляецца добрым стымулятарам антыаксідантнай абароны арганізма чалавека, ён паляпшае ўласцівасці клеткі, разбураючы ў ёй шкодны халестэрын, павышае эластычнасць капіляраў, якасць эрытрацытаў, аказвае дэтаксікацыйнае ўздзеянне на печань, садзейнічае павышэнню імунітэту. Азон таксама валодае антыбактэрыяльным і вірусалагічным уздзеяннямі, паляпшае ў арганізме метабалічныя працэсы (а значыць, яго можна выкарыстоўваць супраць атлусцення, і ў цэнтры з дапамогай азону ўжо праводзяць лячэнне пацыентаў з метабалічным сіндромам), ён няблага змагаецца з хранічнымі гепатытамі, цэлюлітам, дэгенерацыйнымі захворваннямі нервовай сістэмы і нават СНІДам; азон добра ўздзейнічае на рэпрадукцыйныя органы чалавека. Яго прымяненне амаль не мае супрацьпаказанняў, увогуле — ён надае эфект амалоджвання.
Нельга ў гэтым матэрыяле не сказаць колькі слоў і пра традыцыйную кітайскую медыцыну цэнтра. Менавіта так: у ім працуе і такое аддзяленне. Прычым спецыялісты цэнтра прайшлі навучанне адпаведным метадам гэтай медыцыны. Карацей кажучы, калі вам патрэбны ўсходні масаж, іголкаўколванне, акупунктуры іншага роду — калі ласка, вас чакаюць у цэнтры. Тут вам могуць прапанаваць паўздзейнічаць на вашы біялагічна актыўныя кропкі і з дапамогай п'явак — гэта ўжо так званая гірудатэрапія.
* * *
— Спектр нашых дыягнастычных, прафілактычна-аздараўляльных і лячэбных метадаў і працэдур — вельмі шырокі, — адзначае галоўны ўрач цэнтра Сяргей Карыцька. — Што нам дапамагае адносна няблага працаваць у наш цяперашні даволі няпросты час, і нават развівацца? Так, у крызісны год мы стварылі ў сябе дадаткова 40 новых працоўных месцаў, далі прырост па пазабюджэтнай дзейнасці амаль у паўтара раза (варта ўдакладніць: частка кірункаў цэнтра фінансуецца з бюджэту, аднак асноўную частку сродкаў ён зарабляе сам)... Гэта зроблена менавіта за кошт адкрыцця новых кірункаў, новых кабінетаў. Неблагую работу цэнтра вызначае таксама добрае спалучэнне нашай матэрыяльнай базы і высокага прафесійнага ўзроўню нашых кадраў. У нас 82 працэнты спецыялістаў маюць кваліфікацыйныя катэгорыі (у сярэднім па краіне гэты паказчык на ўзроўні 60 працэнтаў). У нас працуюць кандыдаты медыцынскіх навук, многія ўрачы маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Імкнёмся працаваць так, каб не было нейкіх заўваг па культуры абслугоўвання.
— Сяргей Сяргеевіч, чаго б вы пажадалі на заканчэнне нашым чытачам?
— Ну, вядома ж, таго, каб яны былі здаровымі, Ды ўсяляк падтрымлівалі сваё здароўе, для чаго, зразумела, у першую чаргу трэба весці здаровы лад жыцця, за што я заўсёды агітую. А яшчэ: каб рэгулярна наведвалі наш цэнтр, бо здароўе трэба пастаянна падтрымліваць і ўмацоўваць. Мы з задавальненнем прапануем ім добрыя прафілактычныя праграмы.
Іван БАРАНОЎСКІ. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.
УНП 100557327.
З улікам вялікай увагі, якая надаецца ў нашай краіне захаванню і ўмацаванню здароўя людзей, дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння" прапануе ўсім ахвотным (юрыдычным і фізічным асобам) заключыць з ім:
n разавыя дагаворы на правядзенне абавязковых прафілактычных аглядаў;
n доўгатэрміновыя дагаворы па дыягностыцы і лячэнні, па медыцынскіх паказаннях;
n дагаворы на санаторна-курортнае лячэнне па пуцёўках або на асобныя працэдуры.
Кліентамі ДУ "Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння" на працягу многіх гадоў з'яўляюцца "Белтрансгаз", "Белгазпрамбанк", "Мілавіца", "Прамтэхмантаж", "Беларусбанк", УКБ Мінгарвыканкама, "Белэксімгарант", "ПрамТрансІнвест", "Белрасстрах" і іншыя страхавыя арганізацыі.
Тэлефоны: даведка — 131, 267 65 10, папярэдні запіс — 266 27 70, 266 27 71.
www.mаkаеnkа17mеd.bу Е-mаіl: dіsраnsеr@mаіl.bеlраk.bу