Час збораў — гэта стаж

Источник материала:  

Вылічэнне пенсіі было і застанецца тэмай актуальнай, і ў тым ліку для тых, хто яшчэ збіраецца выйсці на заслужаны адпачынак. На сайце нашай газеты www.zvіazda.by з'яўляюцца па-сапраўднаму цікавыя пытанні: ці можна "прапусціць" пры разліку індывідуальнага каэфіцыента гады, калі быў вельмі маленькі заробак; як разлічваецца той жа заробак за час тэрміновай службы ў арміі і ці ўплывае на пенсію перыяд вайсковых збораў? У пошуках адказаў мы вырашылі звярнуцца да спецыяліста — намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ларысы Міхайлаўны ЯШКОВАЙ.

— Як вядома, налета індывідуальны каэфіцыент заробку будзе разлічвацца за 17 гадоў запар з 27 апошніх гадоў работы. Аднак тут узнікае пытанне: што будзе, калі ў заліковыя 17 гадоў патрапіць час, калі чалавек быў беспрацоўным, проста не працаваў ці меў мізэрны заробак? Ці можна такія гады проста не ўлічваць або замяняць на іншыя?

— У наступным годзе індывідуальны каэфіцыент сапраўды будзе разлічвацца за 17 гадоў запар з 27 апошніх гадоў работы. Пры гэтым час, калі чалавек не працаваў, быў беспрацоўным або займаўся іншай дзейнасцю (скажам, служыў у арміі, даглядаў дзіця ва ўзросце да 3 гадоў, пенсіянера ва ўзросце больш за 80 гадоў, інваліда І групы) можа проста выключацца: як з 17-гадовага "заліковага", так і з 27-гадовага "разліковага" перыяду.

Што ж да пропуску гадоў з невялікай зарплатай, то такой магчымасці няма. Аднак варта заўважыць, што пры вызначэнні індывідуальнага каэфіцыента заўсёды выбіраецца неабходная колькасць гадоў з аптымальнай, найбольшай зарплатай. І той жа 17-гадовы заліковы перыяд можа прыпадаць на пачатак, сярэдзіну або на канец 27 гадоў апошніх гадоў працоўнай дзейнасці — у залежнасці ад таго, які варыянт стане больш выгадным для будучага пенсіянера.

— Якім чынам пры прызначэнні пенсіі ўлічваецца час праходжання тэрміновай вайсковай службы?

— Час праходжання тэрміновай службы адназначна ідзе ў стаж. Прычым калі такая служба прыйшлася на аптымальны перыяд для вызначэння індывідуальнага каэфіцыента заробку, то яна зноў жа выключаецца — напрыклад, налета адначасова з 17 і 27 гадоў.

— Амаль два месяцы правёў на вайсковых зборах, а адсюль і пытанне: ці паўплывае гэта нейкім чынам на пенсію?

— Калі чалавек працуе, то на час праходжання вайсковых збораў за ім захоўваецца і працоўнае месца, і сярэдні заробак. Адпаведна, ніякіх праблем тут няма: час збораў залічваецца ў стаж як работа, а заробак прымаецца для разліку індывідуальнага каэфіцыента.

Іншая справа, калі чалавек не працуе. У такім разе падстаў для заліку заробку пры вызначэнні індывідуальнага каэфіцыента, зразумела, быць не можа.

Сяргей ГРЫБ.

←В Беларуси открылся online-центр поддержки журналистских расследований

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика