АБЗАЦ
Стаўкі мытных пошлін на аўтамабілі, якія ўвозяцца фізічнымі асобамі, могуць захавацца да 2012 года, заявіў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргей Барысюк учора за пасяджэнні камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў беларускага парламенту. "Гэтае пытанне вырашанае на ўзроўні экспертаў. Для Беларусі і Казахстана ўстанаўліваецца пераходны перыяд да 2012 года," — сказаў, у прыватнасці, ён.
У Мінскай вобласці трактар "скасіў" жанчыну разам з травой. Інцыдэнт адбыўся на 12-м км аўтадарогі Капыль — Грозава — Грэск. Кіроўца трактара абкошваў узбочыну. Ён наехаў прычапной касілкай на жанчыну, якая ляжала ў траве. Пацярпелая была дастаўлена ў бальніцу з чэрапна-мазгавой і іншымі траўмамі. Устаноўлена, што жанчына была нецвярозай.
Невядомы прыўлашчыў грошы з электроннага рахунку жыхаркі Мінска. Мінчанка вырашыла праверыць свой электроны партманет у інтэрнэце, які яна выкарыстоўвала для аплаты пакупак за мяжой, і выявіла там адмоўны баланс. Яна добра памятала, што пасля апошняй пакупкі там заставалася $130. Як выявілі міліцыянеры, грошы скрадзеныя праз несанкцыянаваны доступ да карт-рахунку мінчанкі. Спачатку іх перавялі на рахунак сталічнага жыхара, які нават не падазраваў пра гэта, а потым — на рахунак у Расію. Заведзена крымінальная справа.
Шкілетаваны труп знойдзены ў вёсцы Собалеўка Клімавіцкага раёна. У доме, гаспадар якога — мужчына 1951 года нараджэння — памёр 8 мая і быў пахаваны, 5 чэрвеня пад падлогай знайшлі шкілет. Як адзначылі ў пракуратуры, на трупе, знойдзеным цяпер, ёсць яўныя прыкметы гвалтоўнай смерці.
ПОЎНЫ АБЗАЦ Ірландзец прагуляў у покер пяць сутак запар. Прафесійны картачны гулец Філ Лок устанавіў новы сусветны рэкорд па працягласці няспыннай гульні ў покер. Дасягненне было зафіксавана ў Лас-Вегасе ў 7 раніцы панядзелка, 7 чэрвеня. Да гэтага моманту Лак правёў за картачным сталом 115 гадзін, чаргуючы гульню ў покер з 5-хвіліннымі перапынкамі кожную гадзіну. Лак паведаміў, што за час гульні страціў у вазе каля 2,5 кілаграма. Як сцвярджае сам гулец, які не спаў амаль пяць сутак, ён не прымаў ніякіх стымулятараў і не піў кавы. Па правілах спаборніцтва, яму было дазволена "накапіць" з 5-хвілінных перапынкаў адну працяглую перадышку, чым ён і скарыстаўся, задрамаўшы на паўгадзіны.