У Веткаўскім раёне сяляне пратэставалі супраць далучэння гаспадаркі
Пра гэта паведамілі ініцыятары збору подпісаў супраць аб’яднання, працаўнікі гаспадаркі «Янава».
У канцы мая больш за 100 жыхароў вёскі падпісаліся пад зваротам да старшыні Гомельскага аблвыканкама і ў Камітэт дзяржаўнага кантролю па Гомельскай вобласці з просьбай адмяніць рашэнне Веткаўскага райвыканкама аб аб’яднанні гаспадарак. Інфармацыю пра адмену рашэння пацвердзілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама.
У звароце вяскоўцаў гаварылася, што з 2008 па 2010 год КСУП «Саўгас «Янава» стабільна паказвала рост асноўных вытворчых паказчыкаў. Для далейшага развіцця фінансава‑гаспадарчай дзейнасці ў вёсцы быў пабудаваны новы зернесушыльны комплекс, узводзіцца сучасная малочна‑таварная ферма. Актыўна развіваецца інфраструктура гаспадаркі, у 2010 годзе планавалася стварэнне ў Янаве аграгарадка.
Таму вяскоўцы былі занепакоены, што са стратай статусу асобнай гаспадарчай структуры спыніцца развіццё вёскі, сацыяльная сетка будзе разбурана, школу і дзіцячы сад закрыюць.Жыхары Янава прасілі гомельскага губернатара не праводзіць рэарганізацыю саўгаса і даць магчымасць працаваць самастойна.
Далучэнне гаспадаркі да філіяла малаказавода было звязана з даўгамі прадпрыемства, якія назапасіліся і перавысілі 600 млн. рублёў. Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні будзе разглядаць іншыя магчымасці вывядзення саўгаса з крызісу.
Як раней паведамлялася, у канцы красавіка падобная сітуацыя склалася ў Лоеўскім раёне, дзе планавалася далучэнне КСУП «Ураджайны» да прадпрыемства «Малінаўка‑Агра». Працаўнікі «Ураджайнага» адстаялі сваю гаспадарку, сабраўшы супраць аб’яднання 170 подпісаў.
БелаПАН