Русальная яечня

Источник материала:  

Вёска Камуна спрабуе вярнуць амаль страчаны абрад Русалле, які ў даўнія часы бытаваў на берагах Арэсы. Тыдзень пасля Тройцы ў многіх вёсках Палесся і на яго памежжы дагэтуль называецца русальным. У гэты час спяваліся адмысловыя русальныя песні. І, на шчасце, камунараўцы захавалі свой фальклорны скарб. У іх ёсць падстава заяўляць пра сваю самабытнасць і права "праводзіць" русалку, нягледзячы на відавочную неадпаведнасць цяперашняй назвы вёскі і духоўнага зместу тутэйшых народных традыцый. Ужо восьмы раз, то ў адной, то ў другой вёсцы, а сёлета ў Камуне, урачыста праводзілі русалку за вясковае скрыжаванне, каб, як сцвярджае народнае павер'е, забараніць нядобрым сілам шкодзіць свойскай жывёле і будучаму ўраджаю. Акрамя пляцення вяночкаў і карагодных песень, у гэты дзень жанчыны палілі вогнішча і смажылі на агні яечню.

  "Правяду русалку за гару ў зялёна жыта, дам русалачкам жыці..."

Ці прыжывецца русальчына свята на Любаншчыне? Занадта доўга яно было ў заняпадзе. Ці вернецца на свае спрадвечныя месцы бытавання, на асушаныя балоты, зраўняную, падобную на канал, Арэсу, у вёскі, дзе амаль не застаецца моладзь? Пытанне складанае для работнікаў культуры, бо гэта на іхнія плечы кладзецца абавязак вяртання і адраджэння культурнай спадчыны.

Русальная яечня

— Мы спяваем песні нашых матуль і бабуль і спрабуем прывучыць да іх дзяцей. Але Русалле ў вёсцы маладзейшымі жыхарамі ўспрымаецца пакуль што як экзотыка, — кажа дырэктар Камунараўскага Дома культуры Ірына Яскевіч. — Гэта толькі Купалле і Каляды ўсім вядомыя і не патрабуюць тлумачэння.

Старэйшыя камунараўцы прыгадваюць, што апошні раз русалкі "хадзілі" па Камуне прыблізна ў 1952 годзе. Тады спраўлялі свята ўсім калгасам, старшыня дапамагаў ладзіць багаты стол. Потым сёмы дзень пасля Тройцы перастаў супольна праводзіцца, хоць многія павер'і, прыкметы і абрады жывуць па сёння. Цяпер не водзяць на працягу русальнага тыдня карагоды вакол чарады кароў, каб русалкі не забіралі ў рагуль малако, але многія гаспадыні па-ранейшаму прытрымліваюцца таямнічых народных прыкметаў і звычаяў. І не лічаць гэта перажыткам часу.

Русальная яечня

У Камуну, якую некалі наведваў і апяваў у паэме "Над ракой Арэсай" Янка Купала, прыехалі фальклорныя калектывы з суседніх вёсак, прывезлі сваіх русалак. З іх выбіралі лепшую і спрытнейшую. Жанчына, якая кіруе абрадам, завецца кароткім словам "Мая" — імем багіні вясновай зеляніны. Роля Маі на правах гаспадыні дасталася камунараўскай работніцы культуры Ірыне Яскевіч — умеліцы народнага ткацтва і выканання народных песень, убранай у самы сапраўдны любанскі строй. А дзяўчынкі-русалкі акраплялі гаючай вадзіцай вяскоўцаў, кідалі на бярозу свае вяночкі, уцякалі ад нячысцікаў, якім вяртанне ў вёску было ўжо забаронена.  

Русальная яечня

Была абавязковая на русаллі яечня. Вакол вогнішча раскладваліся абрусы з пачастункамі, спяваліся пад гармонік песні. Звычайна на Русалле ідзе дождж, але ў нядзелю не капнула ні кропелькі. Таму гэтак жа весела вадзілі русалак і ў вёсцы Малыя Гарадзяцічы, карагодзілі і смажылі яечню. Назаўтра задажджыла па-сапраўднаму — на добры ўраджай.

Любанскія русалкі могуць стаць сапраўдным помнікам нематэрыяльнай культуры, калі моладзь пяройме і будзе працягваць прыгожую традыцыю. На гэта спадзяюцца не толькі клубныя работнікі, але і бабулькі-носьбіткі, якія шчыра вераць, што колішнія традыцыі і святы былі самыя прыгожыя, вясёлыя і шчырыя.

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.

Любанскі раён.

←Самолеты «Белавиа» опять летают в Екатеринбург

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика