Міжнародныя аўтамабільныя перавозчыкі бачаць перспектывы для развіцця, але баяцца ехаць на МАЗах у Еўропу

Источник материала:  

Сітуацыя з міжнароднымі аўтамабільнымі перавозкамі ў першым і другім кварталах 2010 года пачала стабілізавацца — прынамсі, аб'ёмы экспарту паслуг аўтамабільнага транспарту за першыя тры месяцы 2010 года выраслі на 30 %. Гэтая станоўчая тэндэнцыя была адзначана ўдзельнікамі сходу асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў "БАМАП", які адбыўся на мінулым тыдні ў Мінску.

Не дзіўна, што міжнародныя аўтамабільныя перавозчыкі ўзрадаваліся росту — 2009 крызісны год быў для іх даволі цяжкі. Як расказаў журналістам Мікалай Баравы, старшыня асацыяцыі "БАМАП", зніжэнне экспарту паслуг у 2009 годзе склала каля 24  %.

Міжнародныя аўтамабільныя перавозчыкі бачаць перспектывы для развіцця, але баяцца ехаць на МАЗах у ЕўропуРазам з тым, беларускія міжнародныя аўтамабільныя перавозчыкі пацярпелі ад крызісу не так моцна, як іх калегі з іншых краін. Прынамсі, калі ў цэлым у свеце зніжэнне аб'ёмаў міжнароднага гандлю выклікала скарачэнне міжнародных аўтатранспартных перавозак на 20-30  %, то ў нашай краіне летась аб'ём міжнародных перавозак грузаў беларускім аўтамабільным транспартам знізіўся ў параўнанні з 2008 годам на 10,5 %. Гэта адбылося ў тым ліку і з-за антыкрызісных мераў, прынятых асацыяцыяй "БАМАП", а таксама з-за дапамогі дзяржавы.

— Трэба сказаць, што падтрымка дзяржавы летась была для нас значнай, — падкрэсліў Мікалай Баравы. — Былі прынятыя рашэнні, якія вельмі падтрымалі нашу канкурэнтаздольнасць у крызісных умовах. У першую чаргу адбылося значнае змяншэнне колькасці падаткаў і па- датковых плацяжоў — выдаткі ў сабекошце знізіліся недзе на 7 % у параўнанні з 2008 годам. Такая сітуацыя дала нам магчымасць выйсці да канца 2009 года з нулявой рэнтабельнасцю, хоць яшчэ ў пачатку 2009 года яна была мінус 5 працэнтаў, — адзначыў старшыня асацыяцыі "БАМАП".

Ён адзначыў таксама, што значнай антыкрызіснай мерай стала асваенне новых для беларускіх перавозчыкаў рынкаў:

— Нягледзячы на складаную сітуацыю летась мы змаглі пераарыентаваць працу транспарту на іншыя рынкі: у 15 традыцыйных краінах змяншаліся аб'ёмы перавозак і мы змаглі пераключыць транспарт на 30 іншых краін, дзе эканоміка працавала на больш высокім узроўні, — сказаў Мікалай Баравы. — Было таксама вельмі шмат зроблена, каб прыцягнуць у большай колькасці беларускі транспарт для перавозкі айчынных тавараў — за мінулы год удзельная вага перавозак, якія ажыццяўляюцца беларускімі перавозчыкамі, павялічылася з 62 да 65 працэнтаў.

Усяго за 2009 год міжнародныя аўтамабільныя перавозчыкі забяспечылі паступленне замежнай валюты па экспарце аўтамабільных паслуг у памеры 501,3 мільёна долараў, з якіх экспарт паслуг па перавозцы грузаў склаў 442,7 мільёна долараў. Выручка ад эксплуатацыі грузавых аўтамабіляў, на якіх ажыццяўлялася перавозка грузаў, склала 1 491 мільярд рублёў (у параўнанні з дакрызісным 2008 годам гэта меней на 11,9 %), а падаткі і зборы ў бюджэт ад дзейнасці грузавога аўтамабільнага транспарту склалі 172,5 мільярда рублёў.

Разам з тым, міжнародныя аўтамабільныя перавозчыкі адзначаюць, што, нягледзячы на прыватна-дзяржаўнае партнёрства праблем перад гэтым сектарам эканомікі стаіць яшчэ шмат:

— Працягваецца праца з органамі дзяржкіравання і ўрадам па далейшым зніжэнні па- датковага ціску ў гэтым годзе. Мы хочам выйсці на сярэдні яго ўзровень да 5 % і параўняцца з сярэднім узроўнем падатковага ціску ў расійскіх, польскіх, літоўскіх перавозчыкаў, што павялічыць канкурэнтаздольнасць беларускіх транспартных прадпрыемстваў, — сказаў Мікалай Баравы і адзначыў, што пэўныя праблемы існуюць таксама і з афармленнем візаў, прастоямі ў месцах пагрузкі-разгрузкі і межах, выкананнем рэжымаў працы і бяспекі.

У сваю чаргу першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Мікалай Верхавец адзначыў:

— Мы настойваем на тым, каб віза давалася кіроўцы на год, не меней. Апошнія сустрэчы з кіраўніцтвам транспартных ведамстваў Латвіі, Літвы і Польшчы пацвярджаюць такую магчымасць. Прынамсі, як заявіў міністр транспарту Латвіі, у адпаведнасці з візавым кодэксам ЕС нашы кіроўцы могуць прэтэндаваць на першую візу на 1 год, а ў наступным — да 5 гадоў.

Не абышлі на прэс-канферэнцыі вельмі вострую для міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў тэму абнаўлення рухомага саставу:

— Тут вельмі складаная і няпростая сітуацыя. Тэхніка вельмі дарагая, а нашы прадпрыемствы самі па сабе маленькія — 70 % з іх не перавышаюць па колькасці 5 аўтамабіляў. І, безумоўна, у бізнэсменаў няма такіх інвестыцый і грошай: выйсце адно — узяць крэдыт. Калі мы хочам і далей прасоўвацца наперад, калі мы хочам, каб экспарт паслуг і далей прырастаў, то нам трэба мець сучасны рухомы састаў. А ён можа быць набыты толькі за кошт крэдытных рэсурсаў.

"Звязда" пацікавілася, наколькі міжнародныя перавозчыкі гатовыя абнаўляць рухомы састаў за кошт айчыннай тэхнікі — прынамсі, цягачоў і паўпрычэпаў Мінскага аўтамабільнага завода.

— Наша прадпрыемства не набывае МАЗы, — катэгарычна адказаў Андрэй Смаляр, дырэктар ТАА "Інтэртрансаўта". — Асноўная прычына — гэта тое, што ў Еўропе няма сэрвісных цэнтраў МАЗа. І калі ў Германіі на якім-небудзь тэхнічным кантролі спыняць машыну МАЗ, то мы вымушаны будзем адпраўляць іншую машыну і вывозіць першую пры дапамозе кранавай пагрузкі на тэрыторыю Беларусі, каб адрамантаваць. Натуральна, гэта вялікая рызыка — эксплуатаваць аўтамабіль у Еўропе, калі няма сэрвіснай сеткі абслугоўвання. Ну а па-другое, на жаль, у айчынных транспартных сродкаў недастаткова высокая якасць пры даволі высокай цане — не вырашана праблема карозіі на аўтамабілях МАЗ, пасля 100 тысяч прабегу ўжо бачныя працяканні масла і гэтак далей. У той жа час на сёння еўрапейскія вытворцы тэхнікі забяспечваюць гарантыю на грузавыя цягачы да 300 тысяч кіламетраў і да 3 гадоў эксплуатацыі, а на паўпрычэпы — да 1 мільёна кіламетраў гарантыі на вось.

Мікалай Баравы ў сваіх ацэнках прадукцыі Мінскага аўтазавода быў не такі катэгарычны:

— З пункту гледжання лічбаў 13  % аўтамабіляў, якія мы выкарыстоўваем у галіне міжнародных аўтамабільных перавозак — гэта аўтамабілі МАЗ. Я тут маю на ўвазе менавіта краіны далёкага замежжа, гэта значыць тыя аўтамабілі, якія працуюць на краіны Еўрапейскага саюза. Што датычыцца перавозак у Расію, Украіну і іншыя краіны блізкага замежжа, то тут удзельная вага МАЗаў будзе значна вышэйшая, — сказаў Мікалай Баравы. — Цягач Мінскага аўтазавода вельмі прыбавіў за апошні час. Мы літаральна некалькі месяцаў таму праводзілі з удзелам кіраўніцтва МАЗа нараду, дзе нам паказалі стратэгію развіцця МАЗа, расказалі пра сваю інвестыцыйную палітыку. Я на сёння цвёрда перакананы, што удзельная вага МАЗаў на міжнародных лініях скарачацца не будзе, а асабліва цікавіць будзе праца айчынных грузавікоў менавіта на тэрыторыі краін СНД, — лічыць Мікалай Баравы. — Вы ж разумееце, што любая тэхніка прадаецца ва ўмовах канкурэнцыі, і нават гэтых 13 % не набылі б бізнэсмены, калі б ім гэта было нявыгадна. А значыць, якіясьці параметры іх задавольваюць. Мы ганарымся тым, што выконваем перавозкі за мяжой: беларускі кіроўца на беларускай машыне выклікае гордасць і патрыятызм, — перакананы старшыня асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў "БАМАП".

Павел БЕРАСНЕЎ.

←Самолеты «Белавиа» опять летают в Екатеринбург

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика