Вяскоўцы кормяць, дапамагаюць...Але трэба дапамагаць і ім

Источник материала:  

Ліст у нумар

Чаканая вестка: пад пільны кантроль кіраўніцтва краіны бяруцца падсобныя гаспадаркі. Даўно пара, бо ў прыватным сектары, нягледзячы на многія пастановы і рашэнні, цяпер досыць трывожнае становішча — ідзе спад вытворчасці. Чаму?

Прычына, як мне здаецца, яшчэ і ў тым, што вяскоўцы, забяспечваючы сельгаспрадукцыяй і сябе, і значную частку гараджан, заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі, з імі сур'ёзна ніхто не працаваў, не пытаўся, чым дапамагчы.

Што пачуў бы, калі б пацікавіўся? Як мне здаецца, перш-наперш просьбу прадаваць грубыя кармы (сена) тым, хто мае кароў (прычым, з завозам іх па месцы жыхарства і — абавязкова — па даступных коштах), дапамагаць прыватнікам абрабляць зямлю. І — зноў-такі абавязкова — прыняць новае палажэнне аб аплаце за тэхніку. Пакуль жа склалася так, што ці не кожная з гаспадарак (як "Звязда" і пісала) мае свае расцэнкі. У большасці, на мой погляд, занадта высокія, прынамсі для вясковых пенсіянераў. Толькі пасадзіць 30 сотак бульбы (уключаючы ўсе віды работ), абыдзецца, напрыклад, больш чым у 200 тысяч рублёў... І гэта яшчэ пытанне, што з яе вырасце, бо даўно трэба было б дапамагчы сялянам па боскіх цэнах у патрэбнай колькасці набыць элітную насенную бульбу.

А яшчэ мо варта было б фінансавую дапамогу, якая аказваецца СВК, калгасам бязвыплатна, падзяліць, і той працэнт, які ў агульным продажы сельгаспрадукцыі займае насельніцтва, пакінуць для прыватнага сектара. Гэтыя грошы можна было б накіраваць... а хоць бы і на патанненне насеннай бульбы, на льготнае набыццё тэхнікі, бо ў кожным сельгаспрадпрыемстве можна было б (і трэба!) мець спецыяльны ўчастак для дапамогі насельніцтву.

Менавіта яно, як бачна з апошніх звестак, дапамагае дзяржаве вырашаць харчовую праблему. Але трэба дапамагаць і яму.

А. ШАБАЙКОВІЧ.

в. Бабровічы, Валожынскі р-н.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика