Аперацыя Чыстае паветра пройдзе ў Мінску з 1 па 30 чэрвеня
Пра гэта карэспандэнту "Звязды" паведамілі ва ўпраўленні ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
На працягу месяца сталічная Дзяржаўтаінспекцыя разам з работнікамі Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя будуць правяраць аўтатранспарт на таксічнасць і на дымнасць выхлапных газаў. Плануецца арганізаваць 9 перасоўных пастоў. Транспартныя сродкі, якія не будуць адпавядаць вызначаным нарматывам, забароняць эксплуатаваць. Больш за тое, за кіраванне аўтамабілямі з неадрэгуляванымі рухавікамі аўтаўладальнікам пагражае папярэджанне ці штраф у памеры да пяці базавых велічыняў. Пры вынясенні пакарання, паводле слоў інспектара аддзела агітацыі і прапаганды сталічнай ДАІ Ліліі ГЛІНСКАЙ, інспектар будзе ўлічваць стан транспартнага сродку, год яго выпуску, а таксама працэнт перавышэння шкодных рэчываў у выкідах рухавіка. Да ведама, гранічная канцэнтрацыя вокісу вугляроду ў выхлапных газах бензінавых рухавікоў не павінна перавышаць 1,5 працэнта. Нарматыў для дызельных рухавікоў без турбанадзімання — да 60 працэнтаў, з турбанадзіманнем — да 70 працэнтаў.
У межах экалагічнай аперацыі будуць таксама ладзіцца праверкі аўтатранспартных прадпрыемстваў і станцый тэхнічнага абслугоўвання аўтатранспарту.
Надзея ДРЫЛА.