АБЗАЦ
У праваслаўных вернікаў учора пачаўся Пятроўскі пост. Ён устаноўлены царквой па прыкладзе святых апосталаў, якія, прыняўшы Святога Духа ў дзень Пяцідзесятніцы, у посце і малітве рыхтаваліся да сусветнай пропаведзі Евангелля. Пятроўскі пост нагадвае, што галоўны вораг не той, хто забівае цела, а той, што ўнутры душы. У посце чалавек вучыцца падпарадкоўваць цялесныя патрэбы свайму духу, як гэта рабілі многія святыя. Пятроў пост з'яўляецца нястрогім. Згодна з царкоўным звычаем, рыба ў гэты пост дазваляецца ва ўсе суботы, нядзелі, а таксама святочныя дні. Алей ядуць ва ўсе дні, акрамя серады і пятніцы. Скончыцца пост 11 ліпеня.
Па віне кіроўцы без правоў, жыхара Баранавічаў 1963 г.н., у Дзятлаўскім раёне пацярпелі пажылыя жанчыны 1940, 1932 и 1927 г.н. Каля 13.30 нядзелі на бабулек, якія сядзелі на лаўцы каля хаты непадалёк ад дарогі, наехалі "Жыгулі". Жанчыны былі дастаўленыя ў бальніцу, дзе дзве з іх памерлі. Усяго за мінулую нядзелю ў ДТЗ у Беларусі загінула 8 чалавек.
Падробленыя купюры на Br3,5 млн канфіскаваныя ў жыхароў Дзяржынскага раёна. У вёсцы Мігдаловічы ў касе райпа пры пераліку грашовай выручкі, якая паступіла з крамы, было выяўлена чатыры падробленыя купюры наміналам Br20 тыс. У той жа дзень загадчыца іншай мясцовай крамы выявіла тры аналагічныя фальшыўкі. Аператыўнікі ўстанавілі, што падробленыя купюры збылі два мясцовыя жыхары, адзін з якіх нідзе не працуе, а другі — рабочы дзіцячага саду, раней судзімы за крадзеж. Пры вобыску па месцы жыхарства аднаго з падазроных выяўлена і канфіскавана 175 падробленых купюр па Br20 тыс. і 5 лістоў фармату А4 з надрукаванымі банкнотамі ў Br10 тыс. Паводле слоў падазроных, фальшыўкі яны знайшлі на сметніку ў суседняй вёсцы. Аднак замест таго каб звярнуцца ў міліцыю, збылі частку падробак у мясцовых крамах пры разліку за прадукты харчавання.
ПОЎНЫ АБЗАЦ У Інданэзіі пачалася кампанія па барацьбе з джынсамі. Улады інданезійскай правінцыі Ачэх выдзелілі 20 тысяч спадніц для кампаніі па барацьбе з жаночымі абцягвальнымі джынсамі. У бліжэйшыя два месяцы спадніцы будуць выдаваць жанчынам, апранутым непрыстойна з пункту гледжання традыцыйных ісламскіх нормаў. Права меркаваць аб тым, хто з жанчын апрануты з выклікам, дадзена ісламскай паліцыі. У выпадку, калі жанчыну затрымаюць у джынсах тры разы запар, ёй пагражае двухтыднёвы тэрмін зняволення. Пад забарону трапіў у тым ліку і продаж джынсаў у мясцовых крамах. Парушальнікам пагражае пазбаўленне ліцэнзіі. Па звестках паліцыі, 27 мая былі затрыманыя 18 жанчын, якія каталіся на мапедах і былі апранутыя ў джынсы. У паліцэйскім участку ў кожнай з парушальніц канфіскавалі джынсы, а ўзамен далі доўгую спадніцу. Усе затрыманыя былі адпушчаны пасля прадастаўлення звестак пра сябе і гутаркі з мусульманскімі духоўнымі асобамі.