У Беларусь з Рыма прыбыў з візітам арцыбіскуп Зімоўскі
![]() |
У аэрапорце ватыканскага іерарха сустрэлі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, Апостальскі Візітарар для грэка‑католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек, сакратар Апостальскага нунцыя кс. Крыспін Дубель.
Галоўная мэта візіту арцыбіскупа Зімоўскага ў Беларусь — удзел у IV Міжнароднай медыцынскай канферэнцыі «Праблемы лекарскай этыкі ў сучасным свеце», якая адбудзецца 29 мая ў Віцебску. На канферэнцыі, што праводзіцца Віцебскай дыяцэзіяй сумесна з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам, старшыня ватыканскага ведамства выступіць з дакладам на тэму «Каштоўнасць чалавечага жыцця ў святле навучання Касцёла».
У межах візіту ў Беларусь арцыбіскуп Зімоўскі наведае некаторыя парафіі ў Віцебску, а ў нядзелю, 30 мая, узначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім.Завершыцца візіт старшыні Папскай рады ў Беларусь 30 мая.
catholic.by