На лета — у сям'ю

Источник материала:  

З падыходам лета ў кіраўніцтва школ-інтэрнатаў узнікаюць дадатковыя турботы. На канікулы дзяцей-сірот неабходна ўладкаваць у сем'і.

Безумоўна, самы лепшы варыянт для дзяцей — гэта правесці лета ў нармальнай сям'і і адчуць сапраўдную сямейную атмасферу, бо выхаванцы школаў-інтэрнатаў жылі ў праблемных сем'ях ці нават не маюць бацькоў.

На лета — у сям'юУ Целяханскай агульнаадукацыйнай спецыяльнай школе-інтэрнаце займаецца 139 дзяцей і з іх — 61 сірата. Я патэлефанаваў у Целяханы і меў размову з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Марынай Банчук.

— Летась мы далі аб'яву ў раёнцы і каля 20 дзяцей-сірот правялі лета ў сем'ях. Сёлета дзеці таксама будуць уладкаваныя.

— Хто і адкуль бярэ вашых выхаванцаў да сябе ў сям'ю?

— У асноўным з нашага раёна, бо ў нас ёсць магчымасць трымаць сітуацыю пад кантролем. А хто? Тут малюнак даволі разнастайны. Бяруць дзяцей розныя людзі: даярка, настаўніца, пенсіянерка... Іншым разам тэлефануюць і просяць, каб мы параілі, якое дзіця ўзяць.

— Марына Сцяпанаўна, а праблемы ўзнікаюць? Напрыклад, сям'я ўзяла дзіця, а затым вяртае ці наадварот, прывыкаюць да дзяцей...

— За ўвесь час маёй працы ў школе, здаецца, быў толькі адзін выпадак калі не склаліся адносіны, а так праблем няма. Сем'і, у якіх дзеці пабывалі летам, часта забіраюць іх на канікулы ўвосень і ў зімку. Прывыкаюць, а дзве дзяўчынкі жывуць ужо ў прыёмных сем'ях.

— Скажыце, якія грошы атрымлівае сям'я за дзяцей, якіх узялі на лета?

— Калі нехта думае, што сірот бяруць з-за грошай, то ён памыляецца, бо сума тая даволі сімвалічная.

— Але ж не ўсе трапляюць у сем'і?

— А тыя дзеці, якіх не ўдалося ўладкаваць, будуць адпачываць летам у аздараўленчых лагерах. Мы заказваем пуцёўкі і ў нас нават ёсць выбар, куды дзяцей накіраваць.

Так адбываецца ў Івацэвіцкім раёне, а якая сітуацыя ў школе-інтэрнаце вёскі Моўчадзь, што ў Баранавіцкім раёне?

— Пераважная большасць нашых вучняў на лета адправяцца ў родныя сем'і. У нас ёсць яшчэ і прышкольны лагер, у якім 20 дзён будуць знаходзіцца дзеці, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Ніна Валынец.

паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Ніна Валынец.

— Дзеці на канікулах хоць і будуць пры сваіх бацьках, толькі часта тыя сем'і праблемныя...

— У такіх выпадках назіраць за імі будуць мясцовыя аддзелы адукацыі. Ёсць некалькі дзяцей, у якіх вельмі складаная сітуацыя і іх мы накіроўваем у сацыяльныя прытулкі.

А ў Ястрамбельскай школе-інтэрнаце ўвогуле аптымістычная сітуацыя. Пры школе з 1 па 20 чэрвеня будзе працаваць аздараўленчы лагер, а 20 дзяцей паедзе дамоў. Выхаванцы інтэрната будуць адпачываць і ў лагеры "Дружба", які належыць мясцовай птушкафабрыцы. Пашанцавала і тым, хто адправіцца на лета ў Італію. Там 40 дзяцей будуць знаходзіцца ў італьянскіх сем'ях. Многія з дзяцей паедуць у Італію не ўпершыню і ў сем'і, дзе іх чакаюць.

Сымон Свістуновіч.

←Александр Лукашенко: Основной мозг интернета должен быть здесь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика