Галактыка Юрыя Брайдэра
27.05.2010
—
Новости Общества

За свае творы пісьменнік-фантаст з Дзяржынска ў свой час атрымаў прэстыжную ўзнагароду — “Меч Руматы”
Гэтыя прыгожыя мячы я пабачыў на выстве ў Дзяржынску. І даведаўся: у 1994 годзе выдатны расійскі пісьменнік-фантаст Барыс Стругацкі заснаваў літаратурную прэмію ў галіне фантастыкі “Странник”. А лепшым творцам уручаюцца адметныя ўзнагароды: мячы. Даўжынёй больш за метр, з інкрустацыямі і прыгожым эфесам — сапраўдныя творы мастацтва.
Што ёсць меч? У міфах, казках амаль усіх народаў свету гэта зброя часта мае звышнатуральныя ўласцівасці, гэта адзін з найбольш шанаваных вобразаў. У хрысціянстве, дарэчы, меч — увасабленне пакутніцтва, да таго ж сімвалізуе пачатак вышэйшай справядлівасці. І ў будызме ён — зброя мудрасці, а таксама сімвал прасвятлення. А паводле ідэі Б.Стругацкага адна з узнагарод, “Меч Руматы”, уручаецца пісьменнікам за лепшы твор фантастыкі. Варта нагадаць, што Румата — герой адной культавай аповесці братоў Аркадзя і Барыса Стругацкіх “Цяжка быць богам”.

Многія творы Юрый Брайдэр пісаў сумесна з Мікалаем Чадовічам. Пунктам адліку яго творчасці можна лічыць 1983 год: тады напісаны першы твор, аповесць “Парушальнік”. Увогуле ж яму належаць больш за 30 аповесцяў і апавяданняў, а таксама 19 раманаў, якія чытаюцца з вялікай цікавасцю. У 1987-м за аповесць “Пасёлак на краі Галактыкі», змешчаную ў часопісе”Нёман”, пісьменнік ушанаваны прэміяй Ленінскага камсамола. У 2004-м Брайдэр стаў членам Саюза пісьменнікаў Расіі. Раннія творы сааўтараў увайшлі ў зборнікі “Пасёлак на краі Галактыкі», “Пекла на Венеры”. А аповесць “Тэлескапічнае ружжо” лічыцца ўжо класікай фантастыкі. Летась выдавецтва “Харвест” пад эгідай Саюза пісьменнікаў Беларусі выдала першыя 12 тамоў серыі “Бібліятэка сучаснай фантастычнай і прыгодніцкай прозы”, дзе ёсць творы Юрыя Брайдэра і Мікалая Чадовіча. Кнігі гэтых аўтараў не залежваюцца на паліцах бібліятэк і кнігарняў.
На сустрэчы з чытачамі, аматарамі фантастыкі ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі Дзяржынска пра жыццёвы і творчы шлях мужа, Юрыя Брайдэра, цікава расказала Ірына Брайдэр. Людзі рознага ўзросту мелі магчымасць даведацца пра “творчыя метады” фантаста, пабачыць прыгожыя мячы, задавалі шмат пытанняў Ірыне Брайдэр, набывалі кнігі пісьменніка-земляка.
Лявон Целеш, г.Дзяржынск.