Вялікаму дому – вялікія тарыфы

Источник материала:  

Ад 1 чэрвеня за камунальныя паслугі па новых тарыфах давядзецца плаціць жыхарам сядзібных дамоў павышанай камфортнасці і ўладальнікам кватэр, у якіх яны самі ці члены іх сям’і не зарэгістраванаыя.

Адпаведную пастанову Савет Міністраў прыняў 28 красавіка.

Папярэднія тлумачэнні па гэтым дакуменце 25 мая ў інтэрв’ю нашаму выданню дала эканаміст жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка Вілейскай ЖКГ Наталля Шпакава.

Новыя тарыфы за паслугі павінны цалкам пакрываць выдаткі на іх аказанне. Уласнікі памяшканняў, у якіх не зарэгістраваныя яны самі ці члены іх сям’і, будуць на 100% аплачваць тэхабслугоўванне, капітальны рамонт і ацяпленне. Уласнікі сядзібных дамоў павышанай камфортнасці – толькі за камунальныя паслугі (ацяпленне, каналізацыю, водаправод, гарачую ваду, вываз смецця).

Напрыклад, звычайны тарыф за тэхабслугоўванне – 296 рублёў за адзін метр квадратны. За пустую кватэру давядзецца заплаціць 622,5 рубля за метр квадратны. За ацяпленне вялікага “камфортнага” дома – 86894 рубля за 1 гігакалорыю (звычайны тарыф – 43458,3 рубля за гігакалорыю).

Да сядзібных дамоў павышанай камфортнасці адносяцца жылыя дамы або кватэры ў блакіраваных дамах з агульнай плошчай жылых і падсобных памяшканняў больш за 200 квадратных метраў. Падвалы і мансарды без ацяплення сюды не ўлічваюцца. Гэта павінны быць не проста вялікі будынак, але дом з усімі выгодамі (водаправод, ацяпленне, каналізацыя і г.д.), які знаходзіцца ў Мінску, яго прыгараднай зоне, абласным горадзе ці райцэнтры. Ці ўплывае на тарыф колькасць жыхароў такога дома, у пастанове не сказана.

Уласнікі кватэр, у якіх не зарэгістраваныя яны самі ці члены іх сям’і, і раней плацілі за камунальныя паслугі больш, чым астатняе насельніцтва. Але да 1 чэрвеня, па словах Наталлі Шпакавай, тарыфы ў розных абласцях Беларусі маглі адрознівацца. Цяпер яны стануць аднолькавымі ва ўсіх населеных пунктах Беларусі.

Калі ў памяшканні пастаянна зарэгістраваныя (часовая рэгістрацыя не падыходзіць) члены сям’і ўласніка, то дзейнічаюць звычайныя расцэнкі. На сённяшні дзень да членаў сям’і паводле артыкула 29 Жыллёвага кодэкса адносяцца муж, жонка, іх дзеці і бацькі.

Калі ў кватэры афіцыйна, з афармленнем усіх неабходных дакументаў, жыве кватарант, усё роўна давядзецца плаціць 100% за ацяпленне, тэхабслугоўванне і капітальны рамонт.

Святлана ЦІШКО.

←В Дроздах обещают построить уникальный аквапарк

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика