Лукашэнка будзе вырашаць
Паводле яго слоў, ад Беларусі ў склад КСАР АДКБ увойдуць злучэнні Узброеных сіл (амаль 2.000 чалавек), спецыяльны атрад хуткага рэагавання МУС (80 чалавек), афіцэры спецпадраздзяленняў КДБ (30 чалавек) і хуткага рэагавання МНС (30 чалавек).
Як адзначыў Жадобін, ратыфікацыя пагаднення не азначае, што ўзброеныя сілы Беларусі «будуць накіроўвацца калі і куды захочацца».
«У кожным асобным выпадку будзе рыхтавацца ўказ кіраўніка дзяржавы. У ім будзе канкрэтна прапісана, як, калі і на якіх умовах нашы ўзброеныя сілы будуць накіроўвацца за мяжу», — сказаў міністр абароны.
Пагадненне аб КСАР АДКБ было падпісана Беларуссю 15 кастрычніка 2009 года з мэтай аб’яднання намаганняў дзяржаў — членаў АДКБ для супрацьстаяння ўзброенаму нападу, у тым ліку агрэсіі, і супрацьдзеяння іншым выклікам і пагрозам. З краін АДКБ ад падпісання пагаднення ўстрымаўся Узбекістан.
У адпаведнасці з дакументам бакі ствараюць Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання, якія з’яўляюцца кампанентам пастаяннай гатоўнасці сіл і сродкаў сістэмы бяспекі АДКБ. Пры гэтым КСАР не могуць прымяняцца для вырашэння спрэчак паміж бакамі, якія падпісалі пагадненне.Рашэнне аб складзе, тэрмінах разварочвання і прымянення кантынгенту КСАР прымаецца Саветам калектыўнай бяспекі на падставе афіцыйнага звароту аднаго ці некалькіх бакоў на аснове кансэнсусу і згоды бакоў, для якіх пагадненне набыло моц.
Варта адзначыць, што апошнім часам Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваў сумненне ў дзеяздольнасці і неабходнасці АДКБ. Спачатку гэта прагучала 20 красавіка, калі прэзідэнт адказваў на пытанні па выніках свайго паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Затым падобную заяву ён зрабіў 25 красавіка, падчас галасавання на мясцовых выбарах.
Паводле меркавання Лукашэнкі, неэфектыўнасць АДКБ выявілася ў сувязі з падзеямі ў Кыргызстане. Гаворка ідзе аб нежаданні Расіі, якая старшынствуе ў гэтай структуры, заняцца ўрэгуляваннем сітуацыі ў Кыргызстане, які ўваходзіць у АДКБ, з выкарыстаннем механізмаў, прадугледжаных яе статутнымі дакументамі.
Нагадаем таксама, што летам 2009 года Лукашэнка дэ‑факта адмовіўся падпісваць пагадненне аб стварэнні КСАР, а таксама прымаць на сябе старшынства ў АДКБ у адказ на забарону паставак малочных прадуктаў у Расію.
У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.
БелаПАН