Бацькі выпускнікоў раскашэльваюцца
Дзе і якую купіць сукенку, туфлі, зрабіць прычоску, макіяж, манікюр і гэтак далей? Тут кожны выбірае па сваіх фінансавых магчымасцях
Абітурыенты хвалююцца, як бы лепш здаць школьныя экзамены ды цэнтралізаванае тэставанне, а бацькам даводзіцца перажываць не толькі за сваіх даражэнькіх дзетак, але і за ўласны кашалёк. Бо апошні званок, выпускны – гэта не толькі атрыманне атэстатаў, расставанне са школай, вальс, капуснік, віншаванні, слёзы, усмешкі, але і даволі значныя расходы для сям’і.
Для апошняга званка, які пройдзе ў школах Маладзечна 29 мая, трэба святочна аформіць залу. Трэба купіць кветкі і падарункі настаўнікам, класным кіраўнікам, школе. Многія заказваюць яшчэ і відэаздымку, прычым не толькі гэтага мерапрыемства, але і будных школьных дзён, што каштуе не менш за 20 тысяч рублёў з чалавека (гэта калі здымае непрафесіянал, бо прафесійная здымка каштуе 15-20 долараў).
Відэаздымкай не абмяжоўваюцца, робяць і выпускны фотаальбом, што абыдзецца ніяк не танней за 45 тысяч.
Апошні званок – гэта толькі пачатак. Пасля яшчэ экзамены, дзе кожнаму экзаменатару прынята дарыць кветкі. Тут ужо расходы залежаць ад шыкоўнасці букетаў.
Але самае “страшнае” – выпускны, што пройдзе 11 чэрвеня. Гэта зноў жа ўпрыгожванне залы, падарункі класным кіраўнікам, святочны стол – а значыць трэба заплаціць яшчэ і кухарам, – прафесіянальныя вядучыя, магчыма, яшчэ і “жывая музыка”.
Дарэчы, што датычыцца “стала”, тут некаторыя бацькі, каб зэканоміць, купляюць прадукты на аптовых рынках ці стараюцца адшукаць іх у магазінах, што робяць скідкі. Карацей, разам атрымліваецца не менш за 200 тысяч рублёў, хаця ў некаторых школах збіраюць і больш.
Усё гэта без уліку таго, што бацькі разам з дзецьмі пасля выпускнога ідуць адзначаць у школу. Тады мамы і таты павінны заплаціць яшчэ каля 50 (залежыць ад школы) тысяч рублёў з чалавека.
Білет на агульнагарадскі выпускны на плошчы, дзе адбудзецца канцэрт, каштуе 14 тысяч. Калі бацькі хочуць пайсці разам з дзецьмі, то і яны купляюць білеты.
Вось так і набягае, у залежнасці ад размаху мерапрыемстваў, пракладна каля 400-500 тысяч рублёў з чалавека.
І гэта яшчэ далёка не ўсё. Бо трэба ж прыйcці святочна апранутым. Асабліва востра гэта пытанне паўстае перад дзяўчатамі: дзе і якую купіць сукенку, туфлі, зрабіць прычоску, макіяж, манікюр і гэтак далей. Але тут кожны выбірае па сваіх фінансавых магчымасцях, таму нават прыблізную суму назваць складана.
Школа – цудоўны, вясёлы час. Але як добра, што заканчваем мы яе толькі аднойчы.=)
Яна ТОНКАВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.
Фота bymedia.net, архіў "РГ".