Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пагадненне аб КСАР АДКБ
Як паведаміў міністр абароны Юрый Жадобін, дакумент быў падпісаны Беларуссю 15 кастрычніка 2009 года з мэтай аб’яднання намаганняў дзяржаў — членаў АДКБ для супрацьстаяння ўзброенаму нападу, у тым ліку агрэсіі, і супрацьдзеяння іншым выклікам і пагрозам. З краін АДКБ ад падпісання пагаднення ўстрымаўся Узбекістан.
У адпаведнасці з дакументам бакі ствараюць Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання, якія з’яўляюцца кампанентам пастаяннай гатоўнасці сіл і сродкаў сістэмы бяспекі АДКБ.
Пры гэтым КСАР не могуць выкарыстоўвацца для вырашэння спрэчак паміж бакамі, якія падпісалі пагадненне.
Рашэнне аб складзе, тэрмінах разгортвання і прымянення кантынгенту КСАР будзе прымацца Саветам калектыўнай бяспекі на падставе афіцыйнага звароту аднаго ці некалькіх бакоў на аснове кансенсусу і згоды бакоў, для якіх пагадненне набыло моц.
У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.
БелаПАН