Каму на два гады, каму на дзесяць?
Па нашай вёсцы з пачатку года ходзяць чуткі пра магчымую газіфікацыю. Задавальненне, вядома ж, не таннае... Напішыце, ці можна пенсіянерам на гэтыя мэты ўзяць у банку крэдыт, на які тэрмін? Адны ў нас кажуць, што на 2 гады, другія — на 10...
З.К., Брэсцкі раён.
Названыя крэдыты выдзяляюцца ў вызначаным парадку грамадзянам, якія маюць патрэбу ў іх атрыманні, у тым ліку непрацаздольным (пенсіянерам і іншым катэгорыям грамадзян). Спісы грамадзян, якія маюць патрэбу ў атрыманні такіх крэдытаў, зацвярджаюцца рашэннем райвыканкама з захаваннем чарговасці ў адпаведнасці з датай звароту грамадзяніна.
Ільготныя крэдыты выдзяляюцца грамадзянам у вызначаным парадку Ашчадным банкам "Беларусбанк" у памеры да 70 % ад кошту работ згодна з пералікам затрат, які падрыхтоўваецца (на падставе заяў гарвыканкамаў і райвыканкамаў) арганізацыяй, якая забяспечвае газам. Максімальны тэрмін, на які выдзяляюцца гэтыя крэдыты, не павінен перавышаць 2 гадоў. Працэнтная стаўка за карыстанне льготнымі крэдытамі вызначана ў памеры 3 % гадавых.
Канкрэтны памер ільготнага крэдыту вызначаецца пры заключэнні крэдытнага дагавора з уласнікам жылога памяшкання зыходзячы з велічыні яго даходаў і кошту работы згодна з пералікам затрат і дагаворам падраду на іх выкананне. Выдзяленне льготных крэдытаў непрацаздольным грамадзянам ажыццяўляецца пры наяўнасці дагавораў паручыцельства па выкананні імі абавязацельстваў па гэтых крэдытах.
Што датычыцца льготных крэдытаў на тэрмін да 10 гадоў і пад 3 % гадавых (у памеры да 90 % ад кошту затрат), то яны выдзяляюцца ў вызначаным парадку працаздольным грамадзянам (якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах да 20 тыс. чалавек) на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, будаўніцтва гаспадарчых памяшканняў і пабудоў (або на асобныя віды работ па капітальным рамонце і рэканструкцыі жылога памяшкання, будаўніцтве інжынерных сетак, або толькі на будаўніцтва гаспадарчых памяшканняў і пабудоў).
Віктар САВІЦКІ.