Русальны тыдзень
Агульнапашыранай сярод беларусаў, рускіх і ўкраінцаў з'яўляецца традыцыя святкаваць Русальны (Граны) тыдзень, пачынаючы з панядзелка пасля Троіцы-Сёмухі, г. зн. на восьмым тыдні пасля Вялікадня. Вядомыя толькі адзінкавыя звесткі пра тое, што ў некаторых рэгіёнах пражывання ўсходніх славян "русальскі" тыдзень адзначаўся на шостым тыдні пасля Вялікадня.
Сярод навукоўцаў, якія ў розныя часы займаліся вывучэннем сутнасці вобраза русалак, існуе некалькі падыходаў да разумення семантыкі назвы гэтага міфічнага персанажа.
Русалка — русла — русая. Рускія даследчыкі архаічнай традыцыі першай паловы ХІХ ст. імкнуліся адшукаць этналінгвістычныя аргументы, якія сведчылі б на карысць уласна этнічнага паходжання назвы русалкі ад русла, рэчышча ракі, вадаёма — галоўнага месца пражывання русалак, або ад знешняга выгляду, па дамінуючай рысе партрэтнай замалёўкі, пра якую пастаянна згадвалі інфарматары з розных месцаў — русы (светлы, белы, залацісты) колер доўгіх валасоў.
Русалкі — душы памерлых. Разам з тым, усё ж многія даследчыкі атаясамліваюць русалак з душамі памерлых продкаў. Аналіз павер'яў прыводзіць да высновы, што веснавыя русаліі — галоўным чынам памінальны абрад. У язычніцкую пару нябожчыкаў хавалі на гарах, у лясах, на раздарожжы, спускалі на ваду. Таму русалкі любяць гушкацца на галінках дрэў.
Русалкі — памерлыя жанчыны і дзеці. Больш за ўсё навукоўцы схіляюцца да думкі, што, па народных уяўленнях, русалкі — гэта жанчыны і дзеці, памерлыя не сваёй смерцю. У народзе такіх нябожчыкаў называюць закладнымі (руск. заложными), "нячыстымі нябожчыкамі": дзяўчаты, якія памерлі да шлюбу, тапельніцы, дзеці, памерлыя да хрышчэння, "заспаныя дзеці".
Адным з найбольш важных складнікаў кожнага рытуальна-абрадавага комплексу традыцыйнага беларускага календара з'яўляецца сістэма рэгламентацый і правілаў паводзінаў усіх членаў соцыуму. Русальны тыдзень у гэтым плане не быў выключэннем. Па ступені патрабавальнасці ён стаяў у адным шэрагу з Калядамі, Масленіцай і Велікодным тыднем, і даволі рэзка абмяжоўваў прастору чалавечай дзейнасці, фактычна звужаючы яе да межаў сядзібы і вёскі. Усё астатняе наваколле, без выключэнняў, на гэты час станавілася надзвычай небяспечным і крайне не пажаданым для любой дзейнасці.
Зусім недапушчальным лічылася пранікненне чалавека ў тыя месцы, якія на святочны час станавіліся месцам русальчыных гулянняў — рака, лес, поле.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.