Падтапленні ў Мінску будуць меншымі ў 2018 годзе

Источник материала:  

Праз восем год скончыцца будаўніцтва спецыяльнага калектара "Цэнтр" працягласцю 16 км. Калектар павінен ліквідаваць падтапленні ў сталіцы.

Калектар "Цэнтр" працягнецца з аднаго канца горада ў другі. Пакуль пабудавана 660 м (гэта ўчастак ад вуліцы Нарачанскай да Беларускай). Дыяметр асноўных трубаў "Цэнтра" складзе 2,7 метра. Тут будзе самая буйная ў Беларусі помпавая станцыя — 40 метраў у дыяметры і 26—28 метраў глыбінёй.

Усяго плануецца пяць чэргаў будаўніцтва. Першы ўчастак ужо ўведзены. Сёлета ў лістападзе павінны ўвесці другую, а ў верасні наступнага года трэцюю чаргу. Астатняя частка калектара пакуль распрацоўваецца. Графік будаўніцтва прадугледжвае працу да 2018 года. Адзін пагонны метр калектара каштуе каля 3 тыс. долараў. На ўсё будаўніцтва плануецца патраціць каля 802 млрд руб.

Аднак, па словах намесніка генеральнага дырэктара "Гаррамаўтадор" Уладзіміра Зубовіча, усе праблемы горада калектар так і не здыме.

— Цэнтр "закатаны" асфальтам ці пліткай. І ўсё гэта павялічвае вадазбор. Для таго, каб прыняць такія аб'ёмы вады, патрэбна будаваць калектар з дыяметрам у дзясяткі метраў, — кажа Уладзімір Зубовіч.

Калі сёння ў Мінску пройдзе леташні ліпеньскі лівень, то, па словах Уладзіміра Зубовіча, Нямігу і ўсе астатнія месцы падтаплення, хутчэй за ўсё, затопіць.

— Месцы затаплення вызначаны, — кажа Уладзімір Зубовіч, — Там, дзе не патрабуецца вялікіх капіталаўкладанняў, пракапаны дадатковыя вадазліўныя латкі, дзесьці паніжаны ці павышаны бардзюры, недзе зроблены дадатковыя водапрыёмныя рашоткі. Месцы затапленняў, якія патрабуюць вялікіх капіталаўкладанняў, — гэта Палац спорту, вуліцы Мельнікайтэ, Няміга і г.д. Тут пакуль нічога зрабіць не ўдасца.

— Для зняцця канкрэтнага напружання па вуліцы Няміга намі распрацоўваецца невялікі калектар 3,5  км, — кажа галоўны інжынер "Мінскінжынерпраекта" Уладзімір Котаў. — Ён адсячэ ад існуючага калектара Нямігі ўсю верхавую частку басейна, гэта Грушаўка і іншыя тэрыторыі. З дапамогай яго аб'ём той вады, што цяпер паступае ў калектар на Нямізе, будзе зменшаны ў тры разы. Калектар Няміга быў пабудаваны ў 60-я гады, каб узяць у сябе сток ракі Няміга. Зараз рака практычна знікла, і калектар служыць як ліўневая каналізацыя. Пасля будаўніцтва калектара ўсё, што паступала з Грушаўкі, пойдзе ў Свіслач у раёне вуліцы Дзянісаўскай. Эфект чакаецца досыць сур'ёзны.

Па словах сіноптыкаў, вялікія ліўні паўтараюцца ў сталіцы кожныя пяць гадоў. За апошнія 10 гадоў моцныя затапленні былі ў 1999, 2004 і 2009 гадах. Летась менш чым за тры гадзіны на адзін квадратны метр у сталіцы вылілася 50 літраў вады. Надыходзячае лета без дажджу не абыдзецца...

Настасся ЗАНЬКО.

←Группа "3+2" вышла в финал "Евровидения-2010"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика