Конкурсная сітуацыя змяняецца на карысць абітурыентаў...
Прыёмная кампанія-2010
К<І>У бліжэйшыя гады ВНУ будуць "змагацца" за ахвотнікаў атрымаць другую і трэцюю вышэйшую адукацыі
Надзея НІКАЛАЕВА
Галоўнай адметнасцю сёлетняй прыёмнай кампаніі з'яўляецца адсутнасць прынцыповых зменаў у правілах прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміў журналістам начальнік упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Юрый МІКСЮК. Дарэчы, за першы тыдзень работы ў Міністэрстве адукацыі "гарачай" лініі сюды паступіла толькі 200 званкоў ад абітурыентаў. Гэта сведчыць пра тое, што "правілы гульні" пераважнай большасці абітурыентаў добра вядомыя...
— Мы бачым сваю задачу ў тым, каб стварыць для абітурыентаў максімальна камфортныя ўмовы, таму да работнікаў прыёмных камісій пра'яўляем асаблівыя патрабаванні: на гэтым участку работы працуюць толькі сапраўдныя прафесіяналы, псіхалагічна падрыхтаваныя для работы з абітурыентамі, здольныя даваць кваліфікаваныя адказы і кансультацыі. Усе прыёмныя камісіі павінны дзейнічаць па прынцыпе "аднаго акна", каб абітурыент мог атрымаць вычарпальную інфармацыю непасрэдна на месцы, — падкрэсліў Юрый Міксюк.
— Мы бачым сваю задачу ў тым, каб стварыць для абітурыентаў максімальна камфортныя ўмовы, таму да работнікаў прыёмных камісій пра'яўляем асаблівыя патрабаванні: на гэтым участку работы працуюць толькі сапраўдныя прафесіяналы, псіхалагічна падрыхтаваныя для работы з абітурыентамі, здольныя даваць кваліфікаваныя адказы і кансультацыі. Усе прыёмныя камісіі павінны дзейнічаць па прынцыпе "аднаго акна", каб абітурыент мог атрымаць вычарпальную інфармацыю непасрэдна на месцы, — падкрэсліў Юрый Міксюк. Усяго ў 2010 годзе на ўзровень вышэйшай адукацыі на ўсе формы атрымання адукацыі ў дзяржаўныя і прыватныя ВНУ запланавана прыняць 102,7 тысячы чалавек, што на 4,9 тысячы больш, чым у 2009 годзе, у тым ліку на дзённую форму навучання — 54,4 тысячы чалавек і 48,1 тысячы — на завочную. Пры гэтым колькасць выпускнікоў у гэтым годзе меншая амаль на 11 тысяч чалавек. Школы выпусцяць у дарослае жыццё ўсяго 88,2 тысячы чалавек. І ў наступныя чатыры гады колькасць выпускнікоў будзе змяншацца. Таму напрошваецца цалкам заканамернае пытанне: а ці не здарыцца так, што праз некалькі гадоў вышэйшая адукацыя стане даступнай усім ахвотным, асабліва тым, у каго ёсць сродкі, каб аплачваць сваё навучанне? Не сакрэт, што павелічэнне набору ажыццяўляецца пераважна за кошт платных месцаў. Калі план бюджэтнага набору павялічыўся ў гэтым годзе ўсяго на 854 месцы, то на ўмовах аплаты навучання дзяржаўныя ВНУ прымуць на 2,5 тысячы чалавек больш, чым у папярэднім годзе, а прыватныя ВНУ павялічваюць набор на 1,5 тысячы чалавек. Але ці патрэбна рынку працы столькі людзей з вышэйшай адукацыяй?— Нашай краіне патрэбны спецыялісты і з вышэйшай, і з сярэдняй спецыяльнай, і з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, — запэўніў Юрый Міксюк. — таму мы спрабуем захоўваць аптымальны баланс у падрыхтоўцы кадраў. Спрабуем зацікавіць моладзь у атрыманні рабочай спецыяльнасці. Разам з тым па асобных спецыяльнасцях выпуск спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй нават не задавальняе патрэбы рынку ў кадрах. Менавіта таму ў гэтым годзе пайшлі на павелічэнне плана набору міністэрствы аховы здароўя і ўнутраных спраў. Да таго ж ёсць шэраг спецыяльнасцяў, дзе вучыцца вельмі складана, і прыцягнуць сюды тых, хто хоча вучыцца на платнай аснове, вельмі праблематычна. Таму даводзіцца павялічваць план бюджэтнага набору. Зразумела, у нас ёсць яшчэ і ўнутраны рэзерв — гэта пераразмеркаванне бюджэтных месцаў. Але ў апошнія гады мы ім вельмі актыўна карысталіся і практычна яго вычарпалі. Нягледзячы на максімальнае скарачэнне бюджэтнай падрыхтоўкі па незапатрабаваных спецыяльнасцях, цалкам закрыць падрыхтоўку па гэтых спецыяльнасцях мы не можам, паколькі павінны пакінуць за абітурыентамі права рэалізаваць свае прафесійныя намеры, права прайсці конкурсны адбор і атрымаць тую спецыяльнасць, пра якую яны мараць. Разам з тым мы пастаянна праводзім тлумачальную работу з абітурыентамі і іх бацькамі і папярэджваем іх аб праблемах з працаўладкаваннем па пэўных спецыяльнасцях. Але вырашаць пытанні рэгулявання прыёму ў ВНУ сілавымі метадамі, я ўпэўнены, нельга. Калі ў чалавека ёсць сродкі і жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю, то ён яе атрымае. Магчыма, ёсць сэнс перагледзець умовы выдачы крэдытаў на навучанне: для тых, хто паступае на вострадэфіцытныя для рынку працы спецыяльнасці, трэба выдаваць крэдыты на больш выгадных умовах...
Юрый Міксюк прызнаўся, што канкурэнцыя за абітурыентаў паміж беларускімі ВНУ абвастраецца. Да таго ж цяпер ім даводзіцца канкурыраваць яшчэ і з ВНУ, размешчанымі ў суседніх дзяржавах. Зараз за мяжой вышэйшую адукацыю атрымліваюць каля 10 тысяч маладых беларусаў, з іх пераважная большасць — у Расіі.— У бліжэйшай будучыні ВНУ будуць рабіць большы ўпор на тых, хто хоча атрымаць другую і наступную вышэйшую адукацыю, — падкрэсліў спецыяліст. — Лозунг "Адукацыя — не на ўсё жыццё, а праз усё жыццё" актуальны сёння для ўсіх краін свету. Таму зацвярджаючы лічбы набору ў ВНУ, мы не можам не ўлічваць гэтую агульнасусветную тэндэнцыю.
У 2010 годзе шэраг беларускіх ВНУ распачне падрыхтоўку па новых для іх спецыяльнасцях. Так, у БНТУ пачнуць рыхтаваць геадэзістаў, у БДУІР адкрыецца спецыяльнасць "электронныя сродкі бяспекі", у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы — спецыяльнасці "інфарматыка", "вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання", "камп'ютарная бяспека", у Полацкім дзяржаўным універсітэце — "аўтамабільныя дарогі", "электразабеспячэнне" і новая спецыялізацыя "геаінфармацыйныя сістэмы". Да таго ж сёлета былі ўнесены дзве новыя спецыяльнасці ў Агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь: "Аэракасмічныя радыёэлектронныя і інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі" і "Прыкладная інфарматыка". Падрыхтоўка кадраў па гэтых спецыяльнасцях распачнецца ў БДУ.
З'явіліся сёлета ў Беларусі і дзве новыя ВНУ: факультэт пагранічнай службы Ваеннай акадэміі быў рэарганізаваны ў самастойную ВНУ, а Магілёўскі каледж МУС стаў вышэйшым каледжам. "Набор у новы Інстытут пагранічнай службы будзе ажыццяўляцца ў Ваеннай акадэміі на факультэце пагранічнай службы, паколькі рашэнне аб стварэнні інстытута было прынята зусім нядаўна", — патлумачыў Юрый Міксюк.
Прадстаўнік галоўнага адукацыйнага ведамства запэўніў журналістаў у тым, што глеба для дачы хабару падчас прыёмнай кампаніі была ліквідаваная дзякуючы ўкараненню цэнтралізаванага тэсціравання. "Для таго, каб даць правільныя адказы на заданні тэстаў, патрэбны веды, і ніякія грошы тут не дапамогуць", — дадаў спецыяліст. Юрый Міксюк паведаміў, што ў гэтым годзе ўпершыню для абітурыентаў, якія паступаюць у ССНУ на аснове базавай адукацыі, пісьмовыя іспыты будуць праводзіцца па цэнтралізаваных заданнях, падрыхтаваных спецыялістамі Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Гэта не цэнтралізаванае тэсціраванне, а да ведаў абітурыентаў усіх сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў будуць прад'яўляцца аднолькавыя патрабаванні...Даведка "Звязды":
У структуры прыёму на дзённую форму навучання спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю займаюць каля 25 працэнтаў. На спецыяльнасці аховы здароўя і педагагічнага профілю прыпадае па 11 працэнтаў, на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці — 8 працэнтаў, прыродазнаўчыя — 6,8 працэнта, архітэктуру і будаўніцтва — 6 працэнтаў, спецыяльнасці эканамічнага профілю — 6,6 працэнта і юрыдычнага — толькі 4,1 працэнта (гэта з улікам павелічэння на 400 месцаў прыёму ў ВНУ МУС).