Транспартна-лагістычны цэнтр пачалі будаваць пад Ракавам беларусы і літоўцы
Будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра пад Ракавам за 27 кіламетраў ад Мінска распачалося на мінулым тыдні. Гэты праект узяліся рэалізаваць тры інвестары — літоўская лагістычная кампанія "Vіngеs Lоgіstіс", літоўская будаўнічая кампанія "Аlvоrа" і беларуская кампанія "Белінтэртранс", якая займаецца міжнароднымі грузавымі перавозкамі. Агульны аб'ём інвестыцый у будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра — 18 мільёнаў еўра, акупляльнасць праекта — 7-8 гадоў.
— Будаўніцтва будзе весціся ў два этапы — на першым, які закончыцца ў сакавіку 2011 года, будзе ўзведзены будынак плошчай 20 тысяч квадратных метраў, а на другім, які плануем завяршыць ў снежні 2011 года, — будынак на 10 тысяч квадратных метраў, гэта будуць складскія і офісныя памяшканні. Будзе створана 150 працоўных месцаў у асноўным для людзей з Валожынскага раёна, — падзяліўся планамі Мікалай Калеснік, генеральны дырэктар кампаніі "Аlvоrа". — Што датычыцца геаграфічнага месцазнаходжання, то мне падаецца, што выбар удалы — тут якраз добрая аўтамабільная развязка, а наш цэнтр разлічаны на прыцягненне грузаў і абслугоўванне грузапатокаў на міжнародных аўтамагістралях Клайпеда—Вільнюс—Мінск і далей на Расію.
Мікалай Калеснік таксама адзначыў, што гэта першы транспартна-лагістычны цэнтр такога маштабу ў Беларусі:
— У Літве рынак практычна насыціўся такімі лагістычнымі цэнтрамі, а тут іх не хапае. Таму мы бачым добрую перспектыву, лічым, што рызыка цалкам апраўданая, і інвестуем свае сродкі.
Адзінае, што турбуе літоўскіх інвестараў, — гэта няпэўнасць з Мытным саюзам Беларусі, Расіі і Казахстана:
— Не зусім зразумела, што будзе з Мытным саюзам і якія там будуць умовы. Мы планавалі тут адкрыць мытны тэрмінал, але паглядзім, якія будуць умовы ў Мытным саюзе і тады прымем рашэнне, — сказаў Мікалай Калеснік.
Пакуль што бізнэсмены думаюць у асноўным пра будаўніцтва, але пакрысе наладжваюць стасункі з патэнцыйнымі кліентамі:
— Цяпер мы вельмі шчыльна займаемся менавіта наборам заказаў. Ёсць патэнцыйныя заказчыкі з Беларусі, а ёсць і замежныя кампаніі. Увогуле за суткі мы плануем прымаць каля 200 аўтамабіляў, — расказаў Вячаслаў Сікорскі, дырэктар нядаўна створанага якраз для будаўніцтва СТАА "БелВінгесЛагістык", і выказаў аптымізм наконт завяршэння будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра, — "Альвора" мае 10-гадовы вопыт будаўніцтва, "ВінгесЛагістык" з'яўляюцца прафесіяналамі ў сістэме лагістыкі, а "Белінтэртранс" — гэта міжнародныя перавозкі. Такім чынам тры галіны аб'ядналіся для рэалізацыі праекта, які, я мяркую, будзе паспяховы.
На ганаровым пераразанні чырвонай стужкі сабраліся не толькі інвестары, але і ўсе тыя, хто зацікаўлены ў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў такога кшталту — паслы Беларусі ў Літве і Літвы ў Беларусі, прадстаўнікі Мінтранса, Мінаблвыканкама, а таксама мясцовай улады. Пасля таго, як чырвоную стужку перарэзалі і асвяцілі месца будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра, Вячаслаў Доўнар, генеральны дырэктар "Белінтэртранс", член Савета па развіцці прадпрымальніцтва, расказаў журналістам, што не вельмі проста даваўся прадпрымальнікам гэты інвестыцыйны праект:
— Эканамічны крызіс унёс свае карэктывы. Ён закрануў маіх партнёраў у Літве, закрануў і маё прадпрыемства. Скажу шчыра — увесь мінулы год мы займаліся тым, каб захаваць свой бізнэс, перажыць крызіс, захаваць калектывы, — сказаў Вячаслаў Доўнар. — Напэўна, нават і да лепшага, што мы адклалі будаўніцтва, бо з-за крызісу гэты транспартна-лагістычны цэнтр не змог бы функцыянаваць як мае быць — стаяў бы проста прыгожы склад без эфектыўнай працы. Я вельмі ўдзячны мясцовым уладам за тое, што нас ніхто не караў і не даваў штрафных санкцый, а наадварот, нам аказвалася падтрымка. І сёння мы з новымі сіламі ўзяліся за будаўніцтва і, спадзяюся, цэнтр хутка пачне працаваць.
Дарэчы, Вячаслаў Доўнар адзначыў, што на сёння пайшло ажыўленне ў сферы грузаперавозак — як у краінах Заходняй Еўропы, так і СНД.
На пачатку будаўніцтва прысутнічалі прадстаўнікі Беларускай універсальнай таварнай біржы, якія таксама прыглядаюцца да будучага аб'екта:
— Лагістычныя цэнтры нам цікавыя тым, што мы бачым тут удасканаленне біржавага гандлю. Калі сёння мы проста выступаем з пазіцыі прадаўца ці пакупніка, то ў перспектыве зможам прапанаваць пакупніку тавар у лагістычных цэнтрах, неабавязкова толькі ў Беларусі — у Маскве, ва Украіне, у Прыбалтыцы. І кліент зможа літаральна прыйсці, памацаць тавар і набыць яго без мытных і дарожных збораў, — сказаў Павел Ігнатовіч, начальнік аддзела лагістыкі Беларускай універсальнай таварнай біржы.
Усяго, па словах намесніка міністра транспарту і камунікацый Аляксандра Несцяровіча, у Беларусі запланавана будаўніцтва 50 транспартна-лагістычных цэнтраў, з іх 18 будуць на Міншчыне.
Павел БЕРАСНЕЎ.