Абрад КУСТ
У вялікім і багатым атласе асаблівасцяў беларускага традыцыйнага календара выключнае месца займае ўнікальны абрад "Куст", або "Ваджэнне Куста", які ў трансфармаванай форме захаваўся да нашага часу ў рэгіёне Заходняга Палесся, асабліва ў Пінскім раёне, а таксама ў памежных з ім раёнах.
Існаванне абраду было зафіксавана збіральнікамі фальклорнай спадчыны яшчэ ў ХІХ ст. Галоўным атрыбутам святочных падзей з'яўляецца ўсё тая ж зеляніна, пры гэтым галінка бярозы, на думку адных навукоўцаў, "лічыцца... месцам існавання нябачных душ, якія прыходзяць на зямлю ў памінальныя дні Траецкага цыкла", на думку іншых — галінка дрэва і ёсць само ўвасабленне гэтай душы.
Траецкі абрад "Куст" праводзіўся наступны чынам. У першы або другі дзень Тройцы збіраўся гурт вясковых дзяўчат, які выбіраў самую прыгожую з моладзі перадшлюбнага ўзросту. Дзяўчаты ішлі ў лес і выконвалі там працэдуру рытуальнага пераапранання — перанараджэння абранай дзяўчыны. З яе здымалі ўсё адзенне і ўбіралі вянкамі з зеляніны. Вось гэтая пераапранутая-пераўвасобленая дзяўчына і атрымала назву "куст". Акрамя таго, кустом называлі сам абрад і паэтычны вобраз, які фігураваў у цыкле "куставых" песень.
Дзяўчыну-Куст вялі ў вёску і з удзелам вялікай колькасці дзяўчат-аднагодкаў выконвалі абрадавы абход вёскі. У пэўнай ступені гэтае абрадавае дзеянне нагадвала абход вёскі калядоўшчыкамі. "Войско дэвоцкае" распачынала абход з якога-небудзь канца вуліцы, падыходзіла да аднаго з гаспадарскіх двароў і пачынала спяваць куставую песню, у змесце якой гучаў зварот да гаспадароў з просьбай што-небудзь падарыць Кусту.
Гаспадары двара сустракалі гурт моладзі перад парогам хаты. На стале, які мог стаяць тут жа, перад парогам, або на ручніку гаспадыня трымала падарункі-ахвяраванні: хлеб, яйкі, грошы. Адна з удзельніц абходу прымала падарункі і складвала ў торбу. Кампанія дзякавала гаспадарам за падарункі і рушыла далей.
Пасля таго, як абход вёскі будзе завершаны, гурт рушыў зноў-такі да таго месца, дзе дзяўчыну ўбіралі. Дзяўчына апранала на сябе звычайнае адзенне. А што адбывалася далей з зелянінай? У адным выпадку яе вешалі на калаўрот, якім са студні даставалі ваду, або проста раскідалі па зямлі, аднак не прасочвалася тэндэнцыя абавязковага знішчэння, як, напрыклад, з чучалам Масленіцы.
Фінальным акордам святочнай урачыстасці была агульнавясковая вячэра ў адной з вялікіх хат. Спявалі песні, узгадвалі незвычайныя гісторыі, расказвалі пра выключныя выпадкі, якія здараліся ў мінулыя гады.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.