Ці дойдуць рукі да даўгабуда на Партызанскім праспекце?
Пакуль чыноўнікі ў роздуме, воднае пола ў сталіцы рызыкуе ператварыцца ў пляжны валейбол
Больш за ўсё ў гэтай гісторыі здзіўляе тое, што на адным з цэнтральных праспектаў сталіцы, побач са станцыяй метро, знаходзіцца даўгабуд. Сотні квадратных метраў плошчы, мармуровая плітка (!) на падлозе ў вестыбюлі, сценах і вінтавой лесвіцы. І ў той жа час горы зусім не будаўнічага смецця, адсутнасць вокнаў і дзвярэй, часткова знятая кімсьці для ўласных патрэб плітка з падлогі, яна ж скрозь размаляваная на сценах графіцістамі. Рэтра-малюнак з сумбурных 90-х, які мы паспелі прызабыць. Усё гаворыць пра тое, што будынак зараз нічый, выкарыстоўваецца прыхільнікамі гульні "Схватка", мясцовымі выпівохамі ды наркаманамі.
Па іроніі лёсу, калісьці яму было наканавана стаць Палацам спорту Заводскага раёна. Пачыналі яго будаваць яшчэ ў 80-х, але і праз амаль 30 гадоў так і не скончылі. У нейкіх сотнях метраў, на Партызанскім праспекце, нядаўна адкрывалі стэлу героям-партызанам. Усё побач было прыведзена ў ідэальны парадак, але гэтаму "аб'екту звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва" зноў "не пашчасціла" — ён стаіць крыху ў баку ад праспекта, замаскіраваны ў прамзоне і схаваны дрэвамі, якія за 30 гадоў паспелі тут вырасці. Прычым не толькі побач са сценамі, але і на даху. А побач за гэты час паспеў вырасці і сучасны будынак адной з рэлігійных канфесій — як іранічны кантраст адносінаў да дзяржаўнага (пабудаванага на бюджэтныя сродкі) і прыватнага.
Насамрэч у праблемнага будаб'екта ёсць і ўласнік — пасля гульняў у "гарачую бульбачку" ён у рэшце рэшт перададзены Упраўленню па фізічнай культуры, спорце і турызме Мінгарвыканкама. І справа па яго завяршэнні ледзь не распачалася летась. Прычым наканавана яму было выконваць ролю самую высакародную — тут павінна была размясціцца сталічная ДЮСШ-4 па водным пола. Нават праект будаўніцтва басейна ляжыць у кабінеце яе дырэктара Аляксандра Барысенкі. Аляксандр Барысавіч праводзіць мне экскурсію сярод смецця пад струменьчыкамі вады са столі і паказвае грандыёзных памераў залу з чашай басейна, закіданай пустымі пластыкавымі бутэлькамі. Ён марыў (і дагэтуль застаецца аптымістам) перабудаваць басейн (а перабудоўваць яго трэба ў любым выпадку — за гады ў статусе даўгабуда сваю справу зрабілі скразнякі, вада і неабароненасць ад надвор'я). Прычым зрабіць яго выключна для воднага пола, непрыдатным для плыўцоў. Тлумачыцца гэта і тым, што аднойчы ўжо ўзведзеную ў тым ліку і для ватэрпалістаў базу імкліва акупавалі плыўцы, якія выжылі адтуль воднае пола (але пра гэта ніжэй). Яшчэ і тым, што Аляксандр Барысавіч, які ўсім сэрцам перажывае за від спорту, якому аддаў 30 гадоў, за школу. І дабіваецца будаўніцтва базы выключна для дзяцей, для школы, гісторыя якой адлічыла больш чым паўвекавы рубеж, а не з нейкімі меркантыльнымі мэтамі. Таму калі ў згаданым даўгабудзе па Партызанскім праспекце, 146 Б калі-небудзь і будзе басейн, то, згодна з задумамі Аляксандра Барысенкі, памерам 20x30, як стандартнае поле для воднага пола, а вышкі і тумбы, узведзеныя тут калісь для скачкоў у ваду, будуць знесеныя.
Гісторыя пакутаў ДЮСШ-4 пачалася некалькі гадоў таму. Школа перайшла з гарадскога ў раённае падпарадкаванне, да ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы. Выхаванцы займаліся ў басейне гімназіі № 14, дзе традыцыйна развівалася воднае пола.
<І>— Прапрацавалі няпоўных чатыры гады. Мы лічылі, што гэта тое месца, дзе мы замацаваліся на нейкі час. Але басейн не новы, у адзін выдатны дзень прыйшла камісія, басейн зачынілі на рамонт, — расказвае Аляксандр Барысенка. — Тут і пачаліся нашы пакуты. Цяпер наша школа знаходзіцца па ўсім горадзе — на Ваўпшасава, 23, там наша першапачатковая падрыхтоўка, на Філімонава, 55 — сярэдняе звяно, і на птушыных правах мы знаходзімся ў Гарадскім цэнтры водных відаў спорту па вуліцы Герояў 120-й дывізіі, але гэта толькі адзін дзень на тыдзень, у нядзелю.
Дарэчы, Гарадскі цэнтр водных відаў спорту, пра які вышэй мы згадвалі, будаваўся у тым ліку і для воднага пола (ён быў уведзены тры гады таму).
— Падчас цырымоніі адкрыцця там былі ватэрпалісты і наш трэнер. Адбылася нават гутарка ў тым плане, што цяпер мы павінны быць задаволеныя: у нас нарэшце з'явілася база, цяпер ёсць дзе трэніравацца. Спачатку мы і сапраўды мелі 2 дарожкі 2 гадзіны кожны дзень на тыдзень. Прайшло тры гады. Мы маем 2 гадзіны раз на тыдзень, у нядзелю, — канстатуе дырэктар ДЮСШ-4.
У чым прычына такіх адносінаў да алімпійскага, між іншым, віду спорту, Аляксандр Барысенка растлумачыў. — Воднае пола — клапотны від спорту. Гэта мячы, вароты. З плыўцамі куды прасцей, яны і акупіравалі там усё. Дырэктару цэнтра Сяргею Матвіенку там наш від спорту не патрэбны — яны зрабілі гарадскі цэнтр па плаванні. У скачковым басейне можна працаваць, ён стаіць пусты ў асноўным, або купальшчыкаў запускаюць. Дык пусціце ватэрпалістаў! Не, адказваюць, парвяце дарагое пакрыццё... Нядаўна мы праводзілі турнір, да нас прыехалі каманды з Расіі, Літвы. У гарадскім цэнтры па плаванні зрабілі ўсё, каб нас туды не пусціць. Хоць я прасіў выдзеліць нам час хаця б з 11 вечара да 2 ночы. У выніку за два дні да спаборніцтваў, калі былі заказаныя гасцініцы, транспарт, праводзіць турнір не было дзе. Дзякуй, што ў апошні момант пайшло насустрач кіраўніцтва басейна на Філімонава, 55...
— Пазалетась, у канцы жніўня, на трэнерскім савеце, калі мы сабраліся перад новым навучальным годам, у мяне было нуль гадзін "вады" па ўсім горадзе, — працягвае Аляксандр Барысенка. — А трэнеры ў чым вінаватыя? Яны прыйшлі на працу своечасова, гатовыя працаваць... І ў мяне няма ўпэўненасці, што так не будзе ў наступным навучальным годзе, што застанецца тое, што ёсць сёння. Канкрэтны прыклад: 137-я школа Першамайскага раёна, дзе мы прапрацавалі 3 гады, сказала нам: да пабачэння, "вады" мы вам больш не дадзім. А што значыць дзесьці прапрацаваць? Гэта значыць, што там мы "абраслі" дзецьмі, з іншага канца горада ніхто ж ездзіць не будзе. Прыходзіцца шукаць новае месца, набіраць там новых навучэнцаў — час страчаны, дзеці страчаныя, нават цэлыя ўзросты страчаныя.
Чаму так паступаюць ва ўстановах, якім належыць басейн, з навучэнцамі школы алімпійскага рэзерву? Таму што куды зручней зачыніць басейн на выхадныя, а раніцай у панядзелак адчыніць. Спартыўная секцыя — гэта ж заняткі да дзевяці, а то і да 11 гадзін вечара. І ў афіцыйным пісьме растлумачыць адмову тым, што басейну ў бліжэйшай будучыні патрэбны рамонт і рэканструкцыя.
Аляксандр Барысавіч кажа, што свайму пераемніку, калі такі з'явіцца, пажадае адзінае — уласны басейн. Хоць сам ён ніколі не здаваўся і не збіраецца. На пачатку сустрэчы ён паказвае мне публікацыі пра сітуацыю ў сваёй школе ў шэрагу выданняў. "Што-небудзь пасля гэтага змянілася?" — пытаю. Чую ў адказ, што нічога, дырэктару школы ніхто з "зацікаўленых" чыноўнікаў нават не патэлефанаваў. Ён дэманструе мне пухлую папку са сваімі зваротамі ў самыя розныя высокія інстанцыі. Наўздагад адгортвае старонкі: начальніку ўпраўлення па фізічнай культуры, спорце і турызме Мінгарвыканкама, намесніку кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна, старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама... Далей ідуць звароты бацькоў. Яны таксама не ў лепшым становішчы.
— Маці вязе дзіця на тралейбусе зімой, у слоту ці мароз, праз шмат прыпынкаў на Ваўпшасава, дзе ў нас займаюцца пачаткоўцы. Пасля заняткаў выцірае яго, імкнецца неяк высушыць, і яны адпраўляюцца назад... Я не магу нават спецклас набраць. Спецклас — гэта двухразовыя трэніроўкі, харчаванне. Набяром мы дзяцей, а праз год мне скажуць: да пабачэння, басейн зачыняем на рэканструкцыю. Як я буду выглядаць перад бацькамі, якія даверылі мне дзяцей? Куды іх потым — вярнуць у звычайную школу?
Насуперак абставінам выхаванцы школы дэманструюць нядрэнныя вынікі. Аляксандр Барысенка расказвае, што на нядаўніх рэспубліканскіх спаборніцтвах яго школа заняла другое месца. 20 выпускнікоў і выхаванцаў мінскай ДЮСШ-4 уваходзяць у розныя склады нацыянальнай зборнай.
— Такое ўражанне, быццам бы дзеці, якія займаюцца ў школе, — а іх, між іншым, 288 — толькі мае. Я звяртаўся ўсюды, але справа не зрушылася. Усё гэта нагадвае адбіванне мяча ад сцяны. І прабіць гэтую сцяну, як часам здаецца, нерэальна. Гэта не праца, а выжыванне. Адзіная надзея была на даўгабуд на Партызанскім, 146. І летась, калі справа зрушылася, мы кожны чацвер збіраліся на нарады. А потым яны раптам перапыніліся. Тэлефаную і пытаю: "Чаму мы больш не збіраемся па чацвяргах?" — "Сам хіба не разумееш? Крызіс..."
Той факт, што дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, якая існуе ў сталіцы з 1954 года, дагэтуль не мае сваёй базы, не можа, мякка кажучы, не здзіўляць. У сучасных рэаліях, калі шмат будуецца спартыўнай інфраструктуры — палацаў, басейнаў, манежаў, арэн і пляцовак, гэта выглядае парадаксальна. Чаму аб'ект, на будаўніцтва якога затрачаныя немалыя грошы (не менш чым месячны бюджэт Заводскага раёна) цяпер папросту закапаны ў зямлю), нельга нарэшце дабудаваць? Чаму даўгабуд нельга ўключыць у інвестыцыйную праграму на, скажам, 2009—2012 гады? Пры тым, што яшчэ ў 2007 годзе даручана Мінгарвыканкаму ўсе сталічныя праблемныя будаб'екты давесці да стадыі завяршэння.
Дарэчы, галоўны архітэктар сталіцы, старшыня Камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтве Мінгарвыканкама Віктар Нікіцін зноў-такі па іроніі лёсу з'яўляецца куратарам воднага пола ў Мінгарвыканкаме. Але трапіць да яго на прыём у Аляксандра Барысенкі не атрымалася. А пытанні засталіся. Чаму ўласнік аб'екта — Упраўленне па фізічнай культуры і спорце Мінгарвыканкама — не прымае ніякіх захадаў для надання будынку статусу завершанага? Чаму нарэшце ў федэрацыі воднага пола дагэтуль не зразумелі, што дзіцячая школа — падмурак, аснова той піраміды, на якой грунтуецца нацыянальная каманда?
Такіх "чаму" яшчэ шмат. А вось у даўгабудзе на Партызанскім праспекце на ўсю сцяну хтосьці з графіцістаў вывеў філасофскае "Зачем?". "Навошта?" — пытанне актуальнае і характэрнае. Яго квінтэсенцыя прыкладна такая: навошта імкнуцца жыць лепш, калі і так можна? Навошта дабудоўваць, зносіць і перапрафіляваць, калі і так можна? Хочацца, каб чыноўнікі ўсё ж знайшлі на яго адказ.
Алена АЎЧЫННІКАВА.