Топ‑10 эмігрантаў-лукашэнкаўцаў у Расеі
Эксперты «Заўтра тваёй краіны» вывучылі эмігранцкую хвалю высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія з тых ці іншых прычынаў пайшлі за апошняе дзесяцігоддзе ў адстаўку і пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Расею.
1. Былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў. Паводле апошняй інфармацыі, з пачатку бягучага года Навумаў працуе на пасадзе дарадцы Сяргея Чэмезава, генеральнага дырэктара дзяржаўнай карпарацыі «Растэхналогіі». Карпарацыя ў свой час была створаная для кіравання дзяржактывамі у розных галінах, але асабліва вылучаюцца яе інтарэсы ў ваенна‑прамысловым сектары. Гэта структура, якая аб’ядноўвае некалькі сотняў прадпрыемстваў, знаходзіцца пад асабістым кантролем Уладзіміра Пуціна.
2. Леанід Ерын, які кіраваў у 2000‑2004 гадах беларускім КДБ, таксама раздае парады ў буйной расейскай дзяржкарпарацыі. Пры прэзідэнце ААТ «Расейскія чыгункі» Уладзіміры Якуніне ён таксама займае пасаду дарадцы.
Магчыма, чыгуначную зацікаўленасць былога галоўнага чэкіста Беларусі і Масквы (у 1989 годзе Ерын узначальваў УКДБ па г. Маскве) можна патлумачыць яго паходжаннем. Леанід Ерын нарадзіўся ў Оршы — гэта адзін з найбуйнейшых чыгуначных вузлоў Беларусі.
3. Былы кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі (2001‑2004) Урал Латыпаў пасля адстаўкі на працягу трох гадоў працаваў старшынём кансультатыўнага савета ЗП «Лукойл‑Беларусь» ‑‑ даччынай кампаніі найбуйнейшай прыватнай нафтавай кампаніі Расеі. З 2008 года Урал Латыпаў узначаліў ТАА «Дырэкт Мэнэджмент» ‑‑ кіруючую структуру ААТ «МТЗ «Рубін», аднаго з найбуйнейшых дэвелапераў расейскай сталіцы, які належыць выхадцу з Менска Аляксандру Міляўскаму.
4. Мэнэджэрам у Міляўскага некалькі гадоў на розных пасадах прапрацаваў і былы мэр Менска (1995‑2000) і прэм’ер‑міністр (2000‑2001) Уладзімір Ярмошын. Пасля непрацяглага кіраўніцтва менскім прадстаўніцтвам ААТ «МТС» (у 2002‑2003 гадах) ён з’ехаў у Маскву. Там Ярмошын у 2004 спачатку стаў дырэктарам ІК «Рубін», а потым нейкі час выконваў абавязкі генеральнага дырэктара ААТ МТЗ «Рубін».
Уладзімір Ярмошын ‑‑ адзіны «вяртальнік» са спісу высокапастаўленых эмігрантаў, складзенага экспертамі «Заўтра тваёй краіны». Ён ізноў патрапіў у «кола даверу» Аляксандра Лукашэнкі, атрымаўшы пасаду намесніка дырэктара КУП «УКБ Менгарвыканкама» — дырэктара па будаўніцтве комплексу «Менск‑Арэна».
Сёлета за паспяховае заканчэнне гэтай будоўлі Уладзімір Ярмошын быў уганараваны ордэнам Пашаны.
5. Адзіны, хто ўладкаваўся ў Маскве па профілі, гэта былы начальнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько. З гэтай пасады яго знялі ў 2001 годзе, пазбавіўшы таксама сенатарскага сану за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і крадзяжы ў асабліва буйных памерах.
Зараз Рахманько займае адказную пасаду у «Газпраме». Ён ‑‑ начальнік упраўлення транспарту Дэпартамента інвестыцыяў і будаўніцтва.
6. Два былыя ўплывовыя дзяржаўныя мэнэджэры ў беларускай «нафтанцы» цяпер працуюць у Маскве ў самай сяброўскай для Менска нафтавай структуры — «Лукойле».
Адзін з іх ‑‑ гэта былы гендырэктар «Беларуснафты» і віцэ‑прэм’ер (1994‑2001), які курыраваў нафтанку, Валеры Кокараў. Зараз ён займае не надта заўважную пасаду намесніка генеральнага дырэктара па навуцы і інавацыйнай дзейнасці ААТ «РЫТЭК». Гэтая структура ўваходзіць у склад «Лукойла».
7. Другі — гэта Уладзімір Муляк, які з 1996 па 2001 год адпрацаваў у «Беларуснафце». Пасля вымушанага ад’езду з Беларусі ён адразу ж знайшоў працу ў ААТ «НК Комі ТЭК», а ў апошнія гады стаў узнімацца па службовай лесвіцы у галаўной структуры. Зараз Уладзімір Муляк ‑‑ чалец праўлення і віцэ‑прэзідэнт ААТ «Лукойл», начальнік галоўнага упраўлення па забеспячэнні здабычы нафты і газу.
8. Яшчэ адзін уплывовы чыноўнік, які ў свой час уваходзіў у найбліжэйшае атачэнне Аляксандра Лукашэнкі, гэта экс‑памочнік прэзідэнта Сяргей Посахаў. Праўда, ён пераехаў жыць і працаваць не ў Маскву, а ў Санкт‑Пецярбург. Да нядаўняга часу Сяргей Посахаў займаў розныя пасады ў даччынай кампаніі буйнага будаўнічага холдынгу «паўночнай сталіцы» ‑‑ «ЛенСпецСМУ».
9. Рэйтынг не будзе поўным, калі не згадаць былога кіраўніка справамі прэзідэнта Івана Ціцянкова, які і праклаў у Маскву дарогу беларускім высокапастаўленым эмігрантам. Выйшаўшы ў адстаўку ў 1999 годзе, ён у 2000 годзе заняў пасаду начальніка ўпраўлення лагістыкі ў МГК «Ітэра». Але прапрацаваў Ціценкоў на гэтым месцы каля года і далей пайшоў на вольны хлеб — у свой бізнэс.
10. Завяршае топ‑10 самых высокапастаўленых беларускіх эмігрантаў у Расеі Аляксандр Чадовіч. З 1996 года ён працаваў на пасадзе галоўнага архітэктара Менска. У 2003 годзе ён пакінуў гэтую пасаду і вельмі хутка знайшоў новую працу. Аляксандр Чадовіч стаў віцэ‑прэзідэнтам ААТ «МТЗ «Рубін» па архітэктуры.
Мікалай Некрашэвіч, zautra.by