Някляева, Дзмітрыева і Вазняка выпусцілі з Акрэсціна
Усіх іх вывезлі машынамі з Акрэсціна, дзе таксама сабраліся калегі і журналісты.
Сяргея Вазняка (галоўны рэдактар газеты «Товарищ») давезлі да Чэрвенскага рынка і высадзілі. Ён на таксі даехаў да Ленінскага РУУСа. Уладзімра Някляева высадзілі ў цэнтры горада. Ён таксама дабраўся на таксі да Ленінскага РУУСа.
Каля будынка Ленінскага РУУС сабраліся каля 30 чалавек: амаль усё кіраўніцітва партыі «Справядлівы свет» (Сяргей Калякін, Валеры Ухналёў ды інш.) — яны сустракаюць Сяргея Вазняка,
прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, сацыёлаг Андрэй Ваардамацкі, палітолаг і выдавец Аляксандр Фядута, пісьменнікі Генадзь Бураўкін, Леанід Дранько‑Майсюк, філосаф Валянцін Акудовіч, грамадскі дзеяч Аляксандр Бухвостаў.
Сяргей Вазняк паведаміў, што іх абвінавачвалі за спробу друку ўлётак «Гавары праўду» ў адной з мінскіх друкарняў. Улёткі, праўда, не былі надрукаваныя.
Журналіст таксама паскардзіўся на кепскае стаўленне канваіраў — яго перавозілі выключна ў кайданках і змясцілі ў камеру з крымінальнікамі, што «мелі па тры‑чатыры ходкі».
Праўда, стаўленне сукамернікаў і адміністрацыі ізалятара было да яго станоўчае.
«Найбольшая пакута — слухаць з раніцы да вечара беларускае радыё», ‑‑ сказаў Сяргей Вазняк.Уладзімір Някляеў сказаў журналістам:
«Я думаў, што выйду праз тры гады, а выйшаў праз тры дні».Сп. Някляеў зазначыў, што ўсе яны па-ранейшаму знаходзяцца падазраванымі па справе паводе арт. 250, але падпіску аб нявыездзе з іх не бралі.
Пісьменнік моцна дзякаваў сваёй жонцы Вользе. «Праз ейныя катлеты я меў вялікі аўтарытэт у камеры», - сказаў ён.
Някляеў заўважыў, што затрыманне не адбіла ахвоты і найдалей займацца грамадскай дзейнасцю.
«Мы ведалі, што рана ці позна супраць нас будуць ужытыя рэпрэсіі, але не думалі, што так хутка»Пісьменнік і грамадскі дзеяч зазначыў, што патрэбны час, каб аднавіць дзейнасць мінскага офіса і рэгіянальных структур.
ЗП