Хто атрымае АБЫЯШКУ?

Источник материала:  

У Мінску прайшоў першы кастынг акцёраў на шоу "Вялікая розніца"

Сказаць, што гэтая навіна ўсхвалявала прафесійных акцёраў, былых і цяперашніх гульцоў КВЗ, студэнтаў Акадэміі мастацтваў і проста мноства ахвотнікаў "трапіць у тэлевізар" — значыць крыху пераменшыць зацікаўленасць беларусаў у шоу "Вялікая розніца". Больш за сотню суайчыннікаў з усіх куткоў краіны прыехалі ў прызначаныя дні да дзвярэй Белтэлерадыёкампаніі і цярпліва выстойвалі шматгадзінныя чэргі, каб у лепшым выпадку на пару хвілін заняць увагу адборачнай камісіі сваімі гумарыстычнымі і парадыйнымі здольнасцямі.

Практычна ніхто не ўяўляў, што адбываецца там, на праглядзе, але многія скардзіліся: "Каго тут у нас парадзіраваць? Хіба ў Беларусі ёсць такія яркія медыйныя асобы, як у Расіі?". Між тым, творчая група праекту расказала, што папярэдне склала спіс прыкладна з 30 чалавек — магчымых аб'ектаў пародый. Складвалася ўражанне, што расіяне ведаюць беларускую рэчаіснасць лепш за саміх беларусаў... Але на справе ўсё аказалася не зусім так. Пачаць хоць бы з таго, што расіян як такіх на кастынгу не было: генеральны прадзюсар праекта Аляксандр Цэкала — украінец, крэатыўны прадзюсар Руслан Сарокін — былы гамяльчанін, выканаўчы прадзюсар Яўген Юранаў — добра знаёмы нам як экс-вядучы айчыннага Першага канала. "Вось такая ў нас склалася ўкраіна-беларуская мафія", — пажартаваў Цэкала.

Хто атрымае АБЫЯШКУ?Па выніках цяперашняга кастынгу, расказала творчая група праекту, з прыкладна 100 ахвотных (тэатральных і кінаакцёраў, студэнтаў, цыркавых артыстаў, нават грузчыкаў і "крыху вар'ятаў") было адабрана 10 акцёраў для ўдзелу ў эксклюзіўным беларускім навагоднім праекце "Вялікая розніца". Гэта, у прынцыпе, неблагі паказальнік — у расійскай трупе, да прыкладу, задзейнічана 12 акцёраў, — але адбор у Беларусі будзе працягвацца як мінімум да восені, бо працэс пошуку талентаў — справа бесперапынная і штучная, сапраўдных жамчужын гумару многа не бывае.

Каго самі беларусы парадзіравалі часцей за ўсё? Збольшага... расійскіх зорак і палітыкаў, але строгая камісія тут жа вяртала прэтэндэнтаў да рэалій жыцця і прасіла паказаць сваіх. "Прыкладна кожны трэці паказваў вядучага АТН Міхася Равуцкага, — адзначыў Руслан Сарокін. — Значыць, гэта рэальна папулярны і запамінальны чалавек". Зрэшты, не ўхіліцца ад пародый таксама Аляксандру Саладуху, Уладзіміру Ухцінскаму, Алесі, гурту "Топлес", Анатолю Ярмоленку, гурту "J:Mopc", Аляксандру Ціхановічу, тэлевядучым Алене Спірыдовіч і Люсі Лушчык, доктару Сайкову... Адна дзяўчына, яка прыехала з Мазыра, нацягнула лыжны касцюм і спарадзіравала біятланістку Дашу Домрачаву. Уразіў журы і саліст гурта "Харлі" Яўген Чалышаў сваім уменнем спяваць на розныя галасы — сцеражыцеся, "зоркі", хтосьці дакладна пачуе і пазнае сябе ў яго выкананні ў "Вялікай розніцы"!

"У праект трапяць усе, хто на працягу года "падставіўся" — даў нагоду пра сябе пагаварыць, — паабяцаў Аляксандр Цэкала. — Але пры гэтым мы не ставім мэту кагосьці пакрыўдзіць сваімі пародыямі, мы проста ствараем своеасаблівую хроніку: чым запомніўся гэты год". Дарэчы, як сцвярджаюць стваральнікі, за ўвесь час існавання праекта "Вялікая розніца" (а ў Расіі ён быў запушчаны ў студзені 2008 года) на іх "канкрэтна пакрыўдзіліся" ўсяго два чалавекі — вядучыя праграмы "На ноч гледзячы". Іншыя ж, як Леанід Парфёнаў, Дзмітрый Дзіброў ці Ала Пугачова, у горшым выпадку зазначалі, што пародыі да іх непадобныя. Як адрэагуюць на сваіх тэлевізійных клонаў беларускія зоркі? Паглядзім. Пакуль жа ў іх ёсць яшчэ 7 месяцаў, каб "падставіцца" — ці "засвяціцца", каму як больш падабаецца.

— Ці будуць героям пародый беларускага праекту "Вялікая розніца" ўручацца фірмовыя прызы "Золотая тормашка", альбо для гэтай узнагароды таксама будзе прыдумана адмысловая беларуская назва? — гэтае пытанне ад "Звязды" паставіла куратараў праекту ў тупік. Праўда, усяго на хвіліну.

— Ведаеце, мы абавязкова прадумаем гэтае пытанне, — паабяцаў Аляксандр Цэкала. — Калі была першая "Вялікая розніца" ў Расіі, мы ўручалі гэтыя прызы за ўменне пасмяяцца над сабой, ва Украіне — здаецца, не, а ў Беларусі... пакуль не ведаю, шчыра кажучы.

— У Беларусі абавязкова што-небудзь уручым, бо мы ведаем, як важна для беларускіх зорак атрымаць які-небудзь прыз у эфіры! — выручыў калегу Руслан Сарокін. — Дарэчы, як будзе гучаць "тормашка" па-беларуску? Не перакладаецца? Тады давайце прыдумаем беларускую назву — скажам, "Абыяшка" або "Хайтакшка"...

— "Трасяшка"! — прапанавалі журналісты. І тут жа зацікавіліся, на якой мове будуць гучаць сюжэты, створаныя беларускімі акцёрамі і аўтарамі, але знятыя маскоўскай тэлегрупай? "На мове арыгіналу — у сэнсе, на той, якую выкарыстоўвае аб'ект пародыі, — сказаў Руслан Сарокін. — Калі гэты чалавек гаворыць па-беларуску — на беларускай, калі па-руску — на рускай, калі на трасянцы — зробім на трасянцы". Дарэчы, абяцаюць падвучыць беларускую, засвоіўшы як мінімум некалькі смешных выразаў, і вядучыя праекта Аляксандр Цэкала і Іван Ургант.

Да восені ў Беларусі пройдзе яшчэ сама меней 1 кастынг, а ў жніўні беларуская трупа акцёраў ужо зможа паказаць сябе і абмяняцца вопытам з украінскімі і расійскімі "калегамі" на фестывалі пародый "Вялікая розніца" — ён пройдзе ў Адэсе. У далейшых планах "Вялікай розніцы" — падрыхтоўка нацыянальных праектаў у Малдове, Літве і Латвіі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Даведка

Праект "Вялікая розніца" быў прапанаваны яшчэ ў 2006 годзе расійскаму тэлеканалу СТС, які пасля доўгіх роздумаў ад ідэі адмовіўся. Налета стваральнікі прыйшлі з гэтай жа прапановай на Першы канал — і Канстанцін Эрнст ініцыятыву прыняў. Першы выпуск "Вялікай розніцы" ў Расіі рыхтаваўся 9 месяцаў! Ва Украіне, дзе пазней была запушчана свая версія праекта, для паглыблення ў мясцовы медыйны асяродак спатрэбілася менш — усяго 4 месяцы (дарэчы, украінскую "Вялікую розніцу" курыруюць нашы землякі — гульцы каманды КВЗ "ЧП"). Для запуску беларускага праекта ёсць 7 месяцаў — прычым абодва бакі не выключаюць, што пасля навагодняга шоу "Вялікая розніца" працягнецца, але наўрад ці будзе выходзіць часта, бо падрыхтоўка якасных парадыйных сюжэтаў — гэта і нятанны, і даволі доўгі працэс, дый героі для іх з'яўляюцца не кожны месяц.

←Расійскі ПЭН-Цэнтр: Някляева арыштавалі праз збор подпісаў за вуліцу Быкава

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика