Расійскі ПЭН-Цэнтр выступіў з заявай у абарону Ўладзіміра Някляева і ягоных паплечнікаў. Выстаўленыя лідэрам кампаніі «Гавары праўду» абвінавачванні ў ёй называюцца «абсурднымі». Расійскі ПЭН-Цэнтр уважае прычынай «гэткага жорсткага абыходжання» з Някляевым «збор подпісаў, ініцыяваны кампаніяй „Гавары праўду!“, за наданне адной з вуліц Мінска імя Васіля Быкава». Расійскі ПЭН патрабуе вызвалення паэта.
Заяву падпісалі прэзідэнт Расійскага ПЭНа Андрэй Бітаў, а таксама Юнна Морыц, Людміла Ўліцкая ды іншыя пісьменнікі і журналісты.
Раней з заявай у абарону Някляева выступіў Беларускі ПЭН-Цэнтр, а таксама ПЭН-Цэнтры Фінляндыі і ЗША. Беларускі ПЭН разглядае атаку на «Гавары праўду» як «спосаб палітычнага ціску і запалохвання. Такія дзеянні парушаюць права грамадзянаў на свабоду выказвання», — гаварылася ў яго заяве.
Сёння заяву ў абарону Някляева прыняў таксама Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Мікола Бугай