Рыцар высокага мастацтва. Мастак Уладзімір ПРАКАПЦОЎ, выбіраючы паміж музеем і ўласнай творчасцю, на першае месца паставіў музей

Источник материала:  
Рыцар высокага мастацтва.
Мастак Уладзімір ПРАКАПЦОЎ, выбіраючы паміж музеем і ўласнай творчасцю, на першае месца паставіў музей

Дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і вядомага ў краіне мастака Уладзіміра Пракапцова смела можна назваць Мінчанінам з вялікай літары. За асаблівы ўласны ўклад у культурнае развіццё Мінска ён у ліку 108 жыхароў беларускай сталіцы ўдастоены ганаровага звання “Мінчанін года”. А на нядаўніх выбарах гараджане абралі яго ў Мінскі гарадскі Савет народных дэпутатаў.

Муза дырэктара

Ва Уладзіміра Пракапцова знешнасць, якая запамінаецца. Калі я ўпершыню яго ўбачыў, мяне ўразіла падабенства яго са старажытным рыцарскім партрэтам: поўная ўнутранай годнасці постаць, адкрыты погляд...

Уладзімір Пракапцоў — чалавек у беларускай сталіцы вядомы: дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і мастак, ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў. Але, як вядома, нельга служыць не толькі двум панам, але і дзвюм музам. Таму яму давялося зрабіць нялёгкі выбар. І ён яго зрабіў: спачатку музей, які для яго не проста рабочае месца, а дом, дзе ён праводзіць усе працоўныя дні, прападае ў святы, выхадныя і нават у час адпачынку. Пры гэтым ён не проста кіруе музеем, ён разглядае дырэктарства як служэнне мастацтву.

І планку служэння музейнай справе ўзняў вельмі высока. У многім дзякуючы Пракапцову Нацыянальны мастацкі музей Беларусі стаў, як цяпер гавораць, брэндам беларускай культуры.

Для яго дырэктарства — гэта крыж, які ён высока нясе кожны дзень, пераадольваючы зайздрасць, неразуменне, раўнадушнасць. Ён не прывык хітрыць, не жыве па прынцыпу: казаць адно, рабіць другое, думаць трэцяе.

“Мае папярэднікі-дырэктары сабралі багатую калекцыю, і я павінен годна прадстаўляць яе, даносіць высокае мастацтва да як мага большай колькасці людзей. Павінен правесці рэканструкцыю музея так, каб ён ператварыўся ў цудоўны музейны квартал. І каб, паміраючы, я мог сказаць сабе, што выканаў усё задуманае, сумленна пранёс крыж майго дырэктарства”, — падводзіць вынік Пракапцоў.

— Вось у мяне ў кабінеце фатаграфія, з якой глядзіць на нас Алена Васільеўна Аладава — мой папярэднік на пасту дырэктара музея, — працягвае Уладзімір Іванавіч і паказвае на партрэт інтэлігентнай жанчыны з разумнымі, адначасова строгімі і добрымі вачамі. — Яна ўсім ахвяравала дзеля таго, каб у Мінску паявілася дастойная калекцыя карцін. Яе партрэт і мяне абавязвае ахвяраваць многім дзеля нашай справы.

Зрэшты, праца дырэктара — гэта не толькі арганізацыя выставак, але і выданне каталогаў, альбомаў, правядзенне канферэнцый. А яшчэ ёсць тэхнічныя службы, складаны механізм жыццезабеспячэння музея.

Муза мастака

У Беларусі ёсць вядомае палатно рыцарскіх часоў з Нясвіжскага збору Радзівілаў — парны партрэт дзвюх жонак Януша Радзівіла: ужо памерлай Катажыны і Марыі, якая жыла на той момант. Гэты твор натхніў мастака Уладзіміра Пракапцова на напісанне карціны, дзе ён намаляваў  дзяўчыну, якая лунае ў паветры, і сябе ў рыцарскіх даспехах побач з партрэтам Катажыны і Марыі Радзівіл. Ён прадэманстраваў гэтую карціну некалькі гадоў назад у Ноч музеяў. Але больш гэты твор не бачыў ніхто. Уладзімір Іванавіч замаляваў палатно і напісаў новую карціну. Такі вось мастак Пракапцоў... Увогуле яго карціны не для раўнадушных, таму што вобразы, створаныя на палатне, прайшоўшы праз душу мастака-творцы, становяцца жывымі — пакутуюць, радуюцца. І гэтая творчая энергетыка прываблівае гледача, прымушаючы яго суперажываць карцінным героям.

У Пракапцове гарманічна спалучаюцца адміністрацыйны вопыт і творчае натхненне. Ён і яго муза жывуць у поўнай гармоніі.

Мінчанін Пракапцоў

Сёння мастак піша карціну аб родным доме, што ў вёсцы Жгунская Буда Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Дзякуючы яго намаганням у добрушскі музей былі перададзены некалькі дзесяткаў палотнаў беларускіх мастакоў, і зараз тут дзейнічае пастаянная экспазіцыя сучасных беларускіх жывапісцаў. Але не менш ён любіць і Мінск, дзе адбыўся як мастак, кіраўнік галоўнага мастацкага музея краіны, а цяпер і як дэпутат. На нядаўна прайшоўшых выбарах Уладзімір Пракапцоў быў абраны ў Мінскі гарадскі Савет народных дэпутатаў. І гэта сімвалічна. Калісьці ў дэпутацкім корпусе пераважалі юрысты (трэба было прымаць законы ў незалежнай дзяржаве), потым — дырэктары прадпрыемстваў (неабходна было адраджаць вытворчасць пасля перабудовачнага правалу). Сёння прыйшоў час людзей мастацтва, таму што яны фарміруюць і выхоўваюць людзей. Як дэпутата Пракапцова хвалюе згубны працэс “глабальнай папсалізацыі”. Яго можна спыніць толькі з дапамогай высокага мастацтва, якое трэба больш прапагандаваць. У тым ліку і з дапамогай сацыяльнай рэкламы. Але тыя ж расцяжкі сёння каштуюць вельмі дорага для ўстаноў культуры. Хоча ўзняць дэпутат Пракапцоў і пытанні  заробку грошай установамі культуры, дарагоўлі арэнды майстэрань мастакоў. Ну і, зразумела, як дэпутат ён будзе стаяць на ахове інтарэсаў сваіх выбаршчыкаў.

“Мінск немагчыма не любіць. Гэта горад намолены, светлы, які з першага погляду прымушае палюбіць сябе”, — адзначае Уладзімір Іванавіч. І не трэба сумнявацца, што аднойчы мы ўбачым беларускую сталіцу на палатне Уладзіміра Пракапцова. І вобраз Мінска будзе хрустальна-высокі. Таму што менавіта такім бачыць гэты горад мастак.

←Под стрелой “Арэсы”. В чем секрет устойчивого бизнеса и качественного жилья?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика