Новы храм на старажытным месцы
У галоўным храме Свята-Узнясенскага жаночага манастыра, што ў Баркалабаве на Быхаўшчыне, 13 мая адбылося свята ў гонар асвячэння прастолу.
У гэтым маляўнічым кутку на беразе Дняпра ў старажытнасці стаяў знакаміты манастыр, які лічылі рэлігійным і культурным цэнтрам Беларусі. Тут быў створаны ўнікальны помнік летапісання — Баркалабаўскі летапіс. У манастыры захоўваўся знакаміты абраз Маці Божай Баркалабаўскай, які народ дасюль лічыць цудатворным.
За савецкім часам манастыр зачынілі і разбурылі, але ў 2008 годзе ў гэтыя мясціны прыехалі манашкі на чале са схіігуменняй Антоніяй. Яны вырашылі адрадзіць праваслаўную святыню.
— Так, мы толькі два гады таму пачалі, а ўжо шмат чаго зроблена, — задаволена ўсміхаецца схіігумення Антонія. — Гэта ўсё Гасподзь і Божая Маці наладжваюць. І, вядома, з дапамогай добрых людзей. Пабудавалі ўсё агульнымі сіламі: спрыяюць улады, прадпрыемствы і арганізацыі, звычайныя людзі.
Храм у гонар Іаана Прадцечы быў у старажытнасці і з'яўляецца цяпер першым храмам Баркалабаўскага праваслаўнага манастыра. Археолагі адкапалі старажытныя скляпенні храма, які належаць да першай паловы XVІІ стагоддзя. Але новы будынак давялося ўзвесці на новым падмурку, крыху далей ад Дняпра.
Вялікі храм з чырвонай цэглы яшчэ стаіць у будаўнічых рыштаваннях, на нетынкаваных сценах блішчаць золатам прыгожыя абразы. Манастырскія званы, падараваныя казакамі з Бабруйска, клічуць людзей на прастольнае свята.
— Добра, што манастыр аднаўляюць, — падзялілася жыхарка Баркалабава. — Зусім іншае стала стаўленне людзей. Дзеці цягнуцца да манастыра. Мой маленькі сын сюды ўжо бегае. Гэта ж святыня!
Сяляне з усёй акругі неслі кветкі ў новы храм. Манашкі пачціва сустрэлі епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма, які правёў абрад асвячэння прастола новага храма.
Схіігумення Антонія паведаміла, што цалкам завершыць работы ў храме Іаана Прадцечы плануецца да 24 ліпеня, калі праваслаўная царква ўшаноўвае Баркалабаўскі абраз Божай Маці. Мяркуецца, што ў гэты дзень хрэсным ходам цудатворны абраз нарэшце вернецца ў родныя мясціны.
Сама схіігумення Антонія нарадзілася ў вёсцы Залахвенне, што па суседстве. Яна расказвае, што жыхары Баркалабава і навакольных мясцінаў практычна не бачылі вайны. Ні адна бомба не выбухнула і ніводнага чалавека не забілі, хоць Быхаў і аэрадром палалі. Давялося толькі падзяліцца хатамі і хлебам з бежанцамі. "Святое месца!" — лічаць людзі.
— І цяпер нас Божая маці не пакідае, — упэўнена схіігумення Антонія. — Мы з сёстрамі чулі анёльскія спевы, як Гасподзь разам з намі маліўся. А аднойчы жанчыны прыйшлі памаліцца да нашага крыжа і ім, яны расказалі, з'явілася Божая Маці. Гэта яна нам усім паказвае, што нас не пакідае.
— Тут адраджаюцца старажытныя традыцыі, — расказала Ала Беразоўская, настаўніца з Быхава. — Я аднойчы была далёка ад дома і, калі ўбачыла ў мясцовай царкве выяву роднай Баркалабаўскай Божай Маці, аж праслязілася. Тады святар і сказаў мне, што ў Баркалабава паехалі манашкі і ім патрэбна дапамога. Так я стала памочніцай жанчын, якія робяць шмат добрых спраў.
У манастыра цяпер — вялікія планы. Пасля храма распачнецца будаўніцтва новага корпуса для манашак. Сёння тут жыве 15 жанчын, і месца для новых сёстраў не хапае.
Побач з манастыром плануецца пабудаваць казацкую станіцу.
— Гэта будзе комплекс пабудоў, прызначаных у тым ліку для паломнікаў, — расказаў Магілёўскі гарадскі атаман Сяргей Лемяшэўскі. — Мы будзем ахоўваць манастыр і дапамагаць манашкам па гаспадарцы. Каб ажывіць мясцовае жыццё, створым летнікі для моладзі і будзем рыхтаваць хлопцаў да службы ў войску. Такая асноўная задача казацтва — выхаванне патрыятызму на аснове праваслаўнай веры.
Вакол адноўленага манастыра ствараецца прывабнае для турыстаў месца. Гасцей заўсёды гатова прыняць адна з лепшых у Магілёўскай вобласці аграэкасядзібаў — "Гасцінны двор" у вёсцы Залахвенне. За дзесяць кіламетраў знаходзіцца раённы цэнтр Быхаў са сваімі славутасцямі.
Але ўсё пачынаецца са Свята-Узнясенскага манастыра, дзе жанчыны з дапамогай добрых людзей адраджаюць праваслаўную святыню Беларусі.
— Мы жывём, молімся, і Гасподзь нам дапамагае, — сказала на заканчэнне схіігумення Антонія. — Няхай Бог благаславіць вас усіх.
Ілона Іванова. Быхаўскі раён.