Ляцела страла ўздоўж сяла
... Ты ляці, страла, ды ўздоўж сяла,
ды ўздоўж сяла ў канец вуліцы,
не ўбі, страла, добрага молайца
па тым молайцу плакаць некаму...
— спяваюць жанчыны, ідучы "сцяною" па вуліцы да скрыжавання, ведучы "стралу". Захавальніца і носьбітка старажытнага абраду вёскі Стаўбун Марыя Зуева не можа патлумачыць глыбінны сэнс гэтых слоў, але яна адчувае іх душою і душою спявае. У яе ўнікальны голас, кажуць фалькларысты, і на ёй сёння трымаецца "страла". Васьмідзесяцігадовая жанчына выконвае песні, як чула іх з маленства.
І гэтае выканальніцкае майстэрства імкнуцца пераняць і захаваць цяпер удзельніцы фальклорных гуртоў, якія заўсёды прыяджаюць на "стралу" з Мінска, Гомеля і нават Масквы. Дарэчы, масквічы лічаць "стралу" сваёю, чыста рускай з'явай, маўляў, калі абрад славянскі, значыць ён не можа быць іншым, як рускім.
— Ад Вялікадня да Ушэсця Бог ходзіць па зямлі, а на Ушэсце цягне каласы за валасы і адпраўляецца на неба, — кажа Марыя Лаўрэнцьеўна Зуева пра "стралу" на праваслаўнае Ушэсце і дадае: — Стралу вядуць за сяло, бо гэта грамавая страла, яна адводзіць ад вёскі маланкі, ад якіх гінуць людзі і загараюцца хаты.
Што ж хаваюць у жытнёвым полі ўдзельнікі абраду?.
— Гэтага ніхто не павінен ведаць і бачыць, — кажа адзін з лепшых беларускіх даследчыкаў захавання старажытных абрадаў журналістка Рэгіна Гамзовіч. Яе шматгадовыя назіранні даюць падставу меркаваць, што хаваюцца найчасцей дробныя прадметы, напрыклад, пацеркі ці манеты. З прыгаворам: хаваю грошы на ўраджай харошы і людзям на здароўе!
Рэгіна Гамзовіч бачыць у сімвале абраду пераход дрэннай перуновай энергіі ў патрэбную людзям жыццясцвярджальную. У энергію жытнёвага поля, якое корміць, яго плоднасці. На жытнёвым полі качаюцца, каб набрацца сіл на летнюю працу, каб падзяліцца з зямлёю-карміцелькай уласнаю сілай.
Ірына Глушэц, выпускніца Універсітэта культуры па спецыялізацыі этнафоназнаўства, сваёю дыпломнаю працаю выбрала правядзенне "стралы" ў вёсцы Неглюбка і вырашыла застацца працаваць у Веткаўскім раёне дзеля захавання абрадаў Пасожжа і неглюбскага строю. Дзякуючы ёй сёлетняя "страла" абудзіла вёску гучнымі песнямі і прыгажосцю строяў.
Па традыцыі на Ушэсце ў Неглюбцы спраўляецца святочны абед з блінамі з крухмалу — "Богавымі анучамі", а ўвечары ідзе пагулянка пад гармонік і бубен з танцамі і прыпеўкамі.
На жаль, Чарнобыльская катастрофа абязлюдзіла многія вёскі Веткаўшчыны і небеспадстаўна навукоўцы занепакоены захаваннем "стралы" там, дзе яе заўсёды вадзілі і хавалі.
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.