Вады ў канаве ўжо няма, а праблема застанецца?..
Жыхарка вёскі Крулеўшчына Докшыцкага раёна працягла і эмацыйна распавяла па тэлефоне "гарачай лініі" пра сваю праблему, якая вядзе адлік з 1975 года. Калі коратка, з даўніх часоў паміж агароджамі суседніх участкаў існавала канава-ліўнёўка. І вось нядаўна ваду з той канавы спусцілі ледзьве не на ўчастак заяўніцы. Маўляў, іншага выйсця не было, паколькі менавіта ў гэты бок быў натуральны нахіл мясцовасці.
Галоўным пытаннем, наколькі мы зразумелі з аповеду жанчыны, што яе турбавала, было пытанне бяспекі. Заяўніца хвалявалася, каб тая вада не заразіла чым калодзеж, размешчаны на яе ўчастку непадалёк ад канавы. Словы прадстаўніка санстанцыі, які прысутнічаў на месцы, што ніякай пагрозы няма, гаспадыню не задаволілі, тым больш калі ён адказаў, што ніякіх нарматываў — колькі павінна быць метраў ад калодзежа да канавы, няма...
Урач-эпідэміёлаг Докшыцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзімір ЛІТВІНОК, які ўласна і выязджаў асабіста на месцы падзей, пракаментаваў сітуацыю наступным чынам.
які ўласна і выязджаў асабіста на месцы падзей, пракаментаваў сітуацыю наступным чынам.— Нейкі час таму ваша заяўніца пачала прад'яўляць прэтэнзіі да суседа, чый дом стаяў некалькі вышэй за яе домаўладанне, маўляў, гэта менавіта сцёкі ад яго запаўняюць тую ліўнёўку. Пасля вывучэння сітуацыі суседу было дадзена прадпісанне выкапаць воданепранікальны адстойнік. Што, дарэчы, гэты чалавек і зрабіў, — паведаміў падрабязнасці Уладзімір Георгіевіч. — Ваду ж канавы трэба было некуды "скінуць". Сапраўды, натуральны нахіл мясцовасці дазваляў гэта зрабіць толькі ў бок участка вашай заяўніцы. На гэтым сышліся прадстаўнікі камісіі ў складзе старшыні сельскага Савета, галоўнага землеўпарадчыка раёна, прадстаўнікоў дарожнай і камунальнай службаў, санстанцыі. Дажджавую ваду спусцілі па канаве. Нічым яна не пагражае. З просьбай правесці аналіз вады жанчына не звярталася. Што ж датычыцца адлегласці, дык нарматыў існуе, напрыклад, на ўладкаванне адстойніка ад калодзежа. У гэтым жа выпадку было вымушанае разавае скідванне вады. У далейшым назапашванне ў канаве дажджавой вады магчымае хіба або пасля моцных ападкаў, або пасля зімовага перыяду. Усё гэта мы разам спрабавалі патлумачыць жанчыне, але яна чамусьці нікога слухаць не захацела.
Сяргей РАСОЛЬКА.