Чэкавая прыватызацыя: яшчэ тры гады

Источник материала:  

Пра гэта ўчора паведаміла дырэктар Фонду дзяржаўнай маёмасці Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Наталля Жарнасек.

Цяпер, згодна з адпаведнай пастановай урада, тэрмін абмену чэкаў "Маёмасць" на акцыі акцыянерных таварыстваў заканчваецца 30 чэрвеня 2010 года. Аднак да гэтага часу правам атрымаць на чэкі частку дзяржаўнай маёмасці скарысталіся толькі 46 працэнтаў грамадзян, якія атрымалі гэтыя каштоўныя паперы. Як вядома, налічваць і выдаваць прыватызацыйныя чэкі пачалі з 1 красавіка 1994 года. Каля 5 мільёнаў чалавек тады атрымалі 427 мільёнаў чэкаў. На працягу 16 гадоў чэкі "Маёмасць" абменьваліся на акцыі па лімітах "Беларусбанка", пераафармляліся на акцыі спецінвестфондаў і па дагаворах працоўных калектываў. Але і сёння каля 200 мільёнаў чэкаў нідзе не "засвяціліся" і лічацца нявыкарыстанай маёмаснай квотай грамадзян. У свой час парламентарыі краіны прапанавалі "звярнуць" чэкавую прыватызацыю і выкупіць гэтыя паперы ў насельніцтва. Было падлічана, што для кампенсацыі па чэках неабходна адшукаць даволі вялікія грошы.

Сёння спецыялісты Фонду дзяржмаёмасці падрыхтавалі дакумент, які прапануе прадоўжыць чэкавую прыватызацыю да 30 чэрвеня 2013 года.

Цяпер Дзяржкамітэт па маёмасці дапамагае прадпрыемствам падрыхтавацца да выстаўлення іх акцый на міжнародных фондавых рынках у абмен на дэпазітарныя запіскі. Намеснік дырэктара фонду Пётр Лук'янаў паведаміў, што раней разглядалася пытанне продажу на міжнародным рынку пакета акцый "Беларусбанка". Аднак спецыялісты Дзяржмаёмасці і Мінфіна вырашылі, што прадаваць буйны пакет акцый найбуйнейшага банка краіны сёння немэтазгодна, бо ў час сусветнага фінансавага крызісу атрымаць добрыя грошы за іх будзе праблематычна.

Наталля Жарнасек удакладніла, што на РУП "Беларуськалій" пачаліся цяпер толькі падрыхтоўчыя работы па інвентарызацыі актываў. Сёння гэта найбуйнейшае ў свеце прадпрыемства па вырабе калійных угнаенняў знаходзіцца ў спісе аб'ектаў, забароненых да прыватызацыі. "Безумоўна, прадпрыемства з'яўляецца стратэгічным актывам Беларусі, але гэта не значыць, што яно ніколі не будзе прыватызавана", — сказала Наталля Жарнасек.

Сяргей КУРКАЧ.

←Бывший идеолог приговорен к 4 годам лишения свободы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика