Пуцёўкі ў летнікі сталіцы сёлета не дэфіцыт
Сяргей ГРЫБ
У параўнанні з мінулым годам кошт пуцёвак у кругласутачныя загарадныя летнікі для школьнікаў сталіцы ўзрасце прыкладна на 9 працэнтаў. Дарэчы, як адзначыў начальнік Мінскага гарадскога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Валерый Гаруноў, летась поўны кошт пуцёўкі склаў у сярэднім 560 тысяч рублёў — зразумела, што па асобных загарадных летніках гэтая лічба магла "адхіляцца" як у большы, так і ў меншы бок.
Бюджэтнікам "даплаціць" горад
Па традыцыі частка аплаты дзіцячага адпачынку будзе "аўтаматычна" кампенсавана за кошт дзяржаўнай датацыі. Сёлета па кругласутачных загарадных летніках яна вызначана ў 280 тысяч рублёў. Апроч таго, захаваецца і практыка датавання аздараўлення школьнікаў асобнымі прадпрыемствамі. Што ж да дзяцей работнікаў бюджэтнай сферы Мінска, то тут вызначана адмысловая даплата за кошт горада — у 240 тысяч рублёў.

Такім чынам, можна падлічыць: за 19-21 дзень наведвання дзіцем загараднага летніка непасрэдна бацькам-бюджэтнікам давядзецца заплаціць у сярэднім каля 90 тысяч. Праўда, для бацькоў, што занятыя ў іншых галінах, гэтая лічба можа быць большай. Калі камерцыйныя прадпрыемствы, арганізацыі ці індывідуальныя прадпрымальнікі сродкаў для дадатковай дапамогі сваім супрацоўнікам не знойдуць, то памер аплаты дзіцячага аздараўлення з уласнай кішэні будзе разлічвацца па простай формуле: "поўны кошт пуцёўкі мінус дзярждатацыя".
Да слова, дзяржатацыя прадугледжаная не толькі для кругласутачных летнікаў. Адначасова яна вызначана для так званых "профільных" летнікаў па інтарэсах і летнікаў дзённых — у 125 і 120 тысяч рублёў адпаведна. З улікам гэтага папярэднія разлікі паказваюць, што 19-дзённая пуцёўка ў той жа дзённы (як правіла, "прышкольны") летнік у залежнасці ад узросту дзіцяці абыдзецца бацькам у 29—55 тысяч. Аднак пры гэтым не выключана, што на справе гэтыя лічбы ўсё ж акажуцца меншымі.
Найбольш складаны — чэрвень
У цэлым чакаецца, што за сезон 48 845 мінскіх школьнікаў наведаюць кругласутачныя, а 38 400 чалавек — дзённыя летнікі. Агульная колькасць пуцёвак складзе 87 245 — прыкладна на 3 тысячы больш, чым у мінулым годзе. У выніку чакаецца, што сёлета будзе ахоплена аздараўленнем 55 працэнтаў дзяцей сталіцы. Летась гэты паказчык складаў 50,6 працэнта.
— Напрыканцы мінулага года сярод бацькоў быў праведзены адмысловы маніторынг, які дазволіў вызначыць патрэбу ў дзіцячым летнім аздараўленні, — заўважыў Валерый Гаруноў. — З улікам гэтага і з'явіліся цяперашнія планы — мы зыходзім з таго, што ў летнікі павінны патрапіць усе, хто гэтага хоча.
У тым ліку дэфіцыту пуцёвак не павінна ўзнікнуць і на працягу найбольш папулярнай першай змены. Сапраўды, сёння большасць месцаў на чэрвень у летніках нібыта ўжо "забраніравана". Аднак таксама зразумела: па тых або іншых прычынах хтосьці са школьнікаў на адпачынак ужо ў самым пачатку канікулаў не паедзе. У сувязі з гэтым, параіў Валерый Гаруноў, бацькам нялішне зноў пацікавіцца пуцёўкамі недзе пасля 25 мая. Прычым атрымаць неабходныя звесткі цяпер можна і праз інтэрнэт — афіцыйны сайт Мінгарвыканкама mіnsk.gоv.bу (шлях: "Сацыяльная сфера" — "Ахова здароўя" — "Інфармацыя").
Парада ж нумар два — звярнуць увагу на дзённыя летнікі. Чамусьці збольшага гэты варыянт разглядаюць толькі бацькі вучняў малодшых класаў, хоць увогуле такія летнікі разлічаныя на школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 17-18 гадоў. Да таго ж нялішне нагадаць: на працягу лета бацькі могуць атрымаць па адной датыцыі і ў кругласутачны, і ў дзённы, і ў профільны летнік.
Гарачая вада плюс ацяпленне
Між тым, паведаміў Валерый Гаруноў, сёлета адчыняцца 38 загарадных летнікаў. У параўнанні з мінулым годам іх колькасць не зменіцца, аднак самі ўмовы адпачынку павінны стаць лепшымі. У прыватнасці, вызначана строгае патрабаванне: у кожным памяшканні, дзе будуць знаходзіцца дзеці, павінны быць гарачая вада, каналізацыя, а з улікам магчымых капрызаў надвор'я ў чэрвені — і ацяпленне. Непасрэдна ж падрыхтоўка да сезона павінна закончыцца да 15, максімум — да 20 мая.
Паралельна надаецца большая ўвага падрыхтоўцы персаналу. Сёлета кожны начальнік летніка ўпершыню будзе атрымліваць згоду на прызначэнне спецыяльнай камісіі на чале з намеснікам старшыні гарвыканкама, наладжаны строгі адбор работнікаў харчблокаў і медперсаналу, а сярод выхавальнікаў стане менш студэнтаў — робіцца стаўка на больш дасведчаных педагогаў. Апроч таго, летнік будуць ахоўваць па два міліцыянеры — адной з іх галоўных задач з'яўляецца папярэджанне ўваходу на тэрыторыю дзіцячага адпачынку пабочных асобаў.
Пры гэтым, заўважыў Валерый Гаруноў, у будучыні магчымасці загараднага адпачынку для мінскіх школьнікаў павінны ўзрасці. Цяпер ідзе рэканструкцыя пяці летнікаў: чатыры з іх адчыняцца налета, а яшчэ адзін — у 2012 годзе.
Праблемы са здароўем — не падстава для адмовы?
Нарэшце, асобная гаворка пра школьнікаў з абмежаванымі магчымасцямі. У мінулым годзе сталіца пайшла на своеасаблівы "эксперымент" і першай у краіне наладзіла адпачынак дзяцей на інвалідных калясках. Практыка аказалася ўдалай, сёлета яе плануецца працягнуць — два летнікі прымуць прынамсі 70 дзяцей-калясачнікаў і іх бацькоў. Аздараўленне для гэтых дзяцей стане цалкам бясплатным, а бацькі-суправаджальнікі павінны будуць заплаціць 10 працэнтаў ад поўнага кошту пуцёўкі.
Пры гэтым сёлета плануецца пайсці далей і наладзіць аздараўленне 180 дзяцей, якія не перамяшчаюцца на калясках, але таксама з'яўляюцца інвалідамі. Раней летнікі для такіх дзяцей былі па сутнасці "зачыненымі" з-за медыцынскіх супрацьпаказанняў.