Стаўка рэфінансавання зніжана да 12 працэнтаў гадавых
Нацыянальны банк Беларусі з 12 мая знізіў стаўку рэфінансавання на 0,5 працэнтнага пункта да 12 працэнтаў гадавых. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі галоўнай банкаўскай установы краіны.
Як растлумачылі ў Нацбанку, эканамічная сітуацыя, што складваецца ў краіне, невысокая інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў, рост тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва ў банках, стабільная сітуацыя на наяўным валютным рынку даюць магчымасць прадоўжыць палітыку, накіраваную на павышэнне даступнасці крэдытных рэсурсаў банкаў.
Зніжэнне агульнага ўзроўню працэнтных ставак у эканоміцы будзе садзейнічаць пашырэнню фінансавых магчымасцяў прадпрыемстваў па мадэрнізацыі вытворчасці і павышэнні канкурэнтаздольнасці прадукцыі, фарміруючы тым самым спрыяльныя ўмовы для паскарэння эканамічнага росту.
Пры гэтым захаваюцца прывабныя працэнтныя стаўкі па рублёвых укладах насельніцтва ў банках, што перавышаюць даходнасць дэпазітаў у замежнай валюце.
Нагадаем, 19 красавіка гэтага года стаўка рэфінансавання Нацбанка была зніжана з 13 працэнтаў да 12,5 працэнта гадавых.
Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2010 год прадугледжваецца зніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца года да 9-12 працэнтаў гадавых, а ставак па крэдытах — да 12—15 працэнтаў гадавых.