РОЗГАЛАС
4 мая паблізу вёскі Цішоўка Магілёўскага раёна адбылося сутыкненне грузавога фургона "Форд-Транзіт" і аўтамабіля "Опель-Аскона".
— Магіляўчанін 27 гадоў, які кіраваў грузавіком, на скрыжаванні пры выездзе на галоўную дарогу з другараднай не саступіў дарогу і сутыкнуўся з легкавым аўтамабілем, які атрымаў значныя пашкоджанні і з'ехаў у кювет, — паведаміў старшы інспектар аддзялення прапаганды і агітацыі Магілёўскай ДАІ Андрэй Калеснік.
У "Опелі" ехалі 5 пасажыраў: 3 з іх загінулі на месцы, мужчына і 3-гадовае дзіця дастаўленыя ў бальніцу. Абодва вадзіцелі не пацярпелі.
Ілона Іванова.
8,5 кг ртуцізнойдзена на трансфарматарнай падстанцыі па вуліцы Фядзюнінскага ў Гомелі, — паведамілі ў цэнтры прапаганды і навучання Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС.
Супрацоўнікі энерганагляду пры правядзенні рамонтных работ знайшлі скрыню з трыма гумавымі ёмістасцямі, у якіх захоўвалася ядавітае рэчыва. Выратавальнікі, якія прыбылі на месца знаходкі, правялі дэмеркурызацыю, бо 10 грамаў рэчыва вылілася наружу. Праваахоўныя органы праводзяць праверку па гэтым факце.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Уладзімір Панцюхоў узначаліў Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў6 мая на першай арганізацыйнай сесіі дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў новага 26-га склікання выбралі свайго лідара. Ім стаў Уладзімір Панцюхоў, які узначальваў абласны Савет папярэдняга склікання.
Сваю задачу, як і ўсіх новаабраных дэпутатаў, ён бачыць у цеснай працы з насельніцтвам. Найбліжэйшым часам абласны Савет у новым складзе мае намер заняцца праблемай падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак і добраўпарадкаваннем, навядзеннем парадку на зямлі. У Год якасці Уладзімір Панцюхоў ініцыюе новую праграму: "Будаўніцтву жылля — дэпутацкі клопат".
Ілона Іванова.
Мілыя спрачаюцца...У бальніцу г. Іванава быў дастаўлены жыхар в. Мохра з паламанымі рэбрамі, пашкоджаным лёгкім, раненнем галавы...
Следства ўстанавіла, што мужчыну пасля застолля сякерай пакалечыла сужыцелька. Цікава, што і сам пацярпелы раней быў асуджаны за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Жанчыну затрымалі.
Сымон Свістуновіч.
У руху транспарту — змяненні7 і 8 мая з 13.30 да 19.30 на праспекце Машэрава ў Мінску (ад вуліцы Даўмана да праспекта Пераможцаў) у сувязі з правядзеннем генеральных трэніровак удзельнікамі параду рух аўтобусаў №№29, 44, 136 будзе арганізаваны па вуліцы Багдановіча — праспекце Пераможцаў у абодвух накірунках з выкананнем усіх прыпыначных пунктаў, паведамілі ў дзяржаўным прадпрыемстве "Мінсктранс".
Паводле інфармацыі Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі, 12, 19, 26 мая на ўчастку Мінск — Орша скразнога руху не будзе.
Сяргей РАСОЛЬКА.