Выстава «СМІ ў Беларусі»: Леташнія газеты, Паўлічэнка і жывы апосум
Сёлетняя выстава «СМІ ў Беларусі» прысвечаная 65-годдзю Перамогі. Гэта наклала заўважны адбітак на афармленне выставачных пляцовак друкаваных і электронных СМІ. Муляжы зброі часоў Другой сусветнай вайны, як і георгіеўскія стужкі можна было бачыць і на мінулых выставах, але сёлета нават беглы агляд пляцовак стварае адчуванне спаборніцтва: як размясціць найбольшую колькасць кулямётаў ды гранатаў на метры арандаванай плошчы. Сярод лідэраў «гонкі ўзбраенняў» апынулася пляцоўка СМІ Гомельшчыны. Тутэйшыя выдаўцы, акрамя гэтага, здолелі сумясціць, здавалася б, несумяшчальнае — муляж памежнага слупа СССР ды ікону. Увогуле, афіцыйнае адкрыццё «СМІ ў Беларусі» з кожным годам усё больш нагадвае карнавал: балонікі, акрабаты, разносчыкі прэсы, апранутыя ў самы розныя ўзоры вайсковай, пажарнай і міліцэйскай формы. Многія з газет, што раздавалі гасцям выставы, дарэчы, апынуліся леташнімі. Так, карэспандэнту НН прапанавалі пачытаць «На страже» за кастрычнік 2009 года. Сёлета задзейнічалі экзатычных жывёл — калі «Аргументы и факты» традыцыйна шукалі новых чытачоў з дапамогай пародзістага сабакі, то побач з пляцоўкай тэлерадыёкампаніі «Мір» можна было пабачыць апосума. Аднымі з самых актыўных на выставе былі прадстаўнікі СМІ Міністэрства ўнутраных спраў. Маладыя людзі ў міліцэйскай форме ўсіх часоў і народаў раздавалі наведнікам газеты і буклеты.
Адкрывала выставу спявачка Аляксандра Гайдук. Песню Валянціны Талкуновай «Если б не было войны» яна выйшла выконваць у бліскучых туфлях на такіх высокіх абцасах, што за Аляксандру міжволі стала трывожна. Упершыню ў якасці міністра інфармацыі выступіў Алег Праляскоўскі. Галоўны ідэолаг краіны Усевалад Янчэўскі па паперцы зачытаў вітанне ад Лукашэнкі. У першых шэрагах VIP-гасцей былі заўважаныя кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына і міністр культуры Павел Латушка.
Асаблівасцю сёлетняй выставы стаў удзел у ёй Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыі». Дзякуючы гэтаму, наведнікі форума могуць пазнаёміцца з больш чым дваццаццю незалежнымі выданнямі з усёй краіны — «Газетай Слонімскай», Intex-press, «Вольным Глыбокім», «Інфа-кур’ерам», «Брестской газетой», «Газетай для вас» ды іншымі.