Месца сустрэчы — выстава СМІ ў Беларусі 2010
Сёння ў 12.00 у сталічным НВЦ "БелЭКСПА" адбудзецца ўрачыстае адкрыццё XІV Міжнароднай спецыялізаванай выставы "СМІ ў Беларусі". Больш за 600 экспанентаў будуць знаёміць наведвальнікаў выставы з інфармацыйнай прасторай нашай краіны, а таксама блізкіх і далёкіх суседзяў — Расіі, Украіны, Латвіі, Польшчы, Літвы, Індыі, Кітая і Кубы.
Калі вас цікавіць, як працуюць тэлебачанне, радыё, інтэрнэт- СМІ ці выдаюцца
газеты ды часопісы, тады абавязкова прыходзьце на выставу. Прэзентацыі стэндаў
удзельнікаў, творчыя сустрэчы, выступленні музычных калектываў, майстар-класы
чакаюць вас кожны дзень з 4 па 7 мая.
Газета "Звязда" традыцыйна прымае актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве. І сёлета мы запрашаем ветэранаў, сяброў, чытачоў і падпісчыкаў на наш стэнд, дзе вы зможаце задаць свае пытанні работнікам газеты, пакінуць свае прапановы, атрымаць ад нас невялічкі сувенір і нават пачаставацца на палявой кухні. Знайсці звяздоўскі стэнд будзе вельмі проста — мы з правага боку ад цэнтральнай сцэны — шукайце трафейны ваенны матацыкал Zundap, які размешчаны каля звяздоўскай экспазіцыі.
4 і 5 мая ў 13.00 і 14.00 адпаведна, на малой сцэне адбудзецца прэзентацыя "Звязды" сумесна з вучнямі і настаўнікамі гімназіі №25, цудоўным дзіцячым вакальна-інструментальным ансамблем "Буслік" ЦПР "Ветразь" Кастрычніцкага раёна г. Мінка. Удзельнікі віктарыны, што адбудзецца падчас прэзентацыі, атрымаюць у якасці падарункаў нашы фірменныя кубкі, майкі і кепкі. Прыходзіце, мы вас будзем чакаць!
Таццяна Прус.