Вучэбныя аўтамабілі ДТСААФ паедуць у Маскву
Удзельнікі міжнароднага аўтапрабегу, прысвечанага 65-годдзю Вялікай Перамогі, стартавалі сёння са сталічнай плошчы Перамогі. У гэтым аўтапрабегу ўдзельнічаюць прадстаўнікі ДТСААФаў з Беларусі, Расіі і Украіны — яны выязджаюць з гарадоў-герояў гэтых трох краін і павінны сустрэцца разам у Маскве 6 мая на Паклоннай горы.
Што датычыцца беларускіх удзельнікаў, то яны праедуць па маршруце Мінск — Брэст — Пінск — Мазыр — Гомель, наведаюць месца перасячэння межаў Беларусі, Расіі і Украіны, і толькі потым возьмуць кірунак на Маскву.

На ўрачыстым старце аўтапрабегу прысутнічаў старшыня Беларускага Фонду Міра Марат Ягораў, які прызнаўся, што атрыманыя ў ДТСААФе перад вайной веды яму вельмі спатрэбіліся:
— Да вайны я наведваў гурток ДТСААФ, нас вучылі страляць, перавязваць раны, ездзіць на матацыклах, на машынах. Праўда, паколькі мы былі хлопчыкамі, правоў нам не далі, але ў гады вайны атрыманыя веды мне спатрэбіліся, — узгадвае Марат Фёдаравіч. — Я ордэн Чырвонай Зоркі атрымаў за тое, што ўкраў у немцаў машыну і прыгнаў яе да нашых. І, як потым аказалася, не проста машыну — а паўнюткую боепрыпасаў, якім былі вельмі рады нашы мінамётчыкі.
Павел БЕРАСНЕЎ.